Выбрать главу

— Што пану трэба?

— Камісар Мэгрэ, крымінальны вышук.

Жанчына сумелася.

— Учора забілі аднаго з вашых былых саслужыўцаў, Луі Турэ...

З усіх жанчын, з якімі камісар паспеў сустрэцца па справе Турэ, гэтую раптоўнае паведамленне ўразіла найбольш: яна знерухомела, вусны збялелі.

— Даруйце, што я так знянацку...

Панна Леон моўчкі пакруціла галавою, паказваючы, што камісару няма чаго прасіць прабачэння.

У суседнім пакоі рыпнуў фатэль.

— Каб знайсці злачынцу, нам трэба сабраць як мага больш звестак аб забітым...

Панна Леон зноў моўчкі кіўнула.

— Я думаю, вы добра ведалі нябожчыка.

Яе твар нібыта прасвятлеў.

— Як гэта здарылася? — спыталася яна нарэшце, з цяжкасцю выгаварыўшы словы. Зазірнуўшы ў суседні пакой, запыталася: — Не хочаце сесці?

— А мы не патрывожым вашу маці?

— Яна зусім глухая. Ёй будзе нават прыемна паглядзець на іншага чалавека.

Мэгрэ не стаў казаць, што яму не надта хочацца ў перагрэты пакой, і прыняў прапанову.

Цяжка было вызначыць узрост панны Леон. Напэўна, ёй было больш як пяцьдзесят. Маці выглядала гадоў на восемдзесят. Свой тоўсты нос дачка, напэўна, займела ад бацькі: на сцяне вісела фатаграфія мужчыны з такой самай «бульбінай». Жанчына, бадай, усведамляла сваю непрыгожасць з самага дзяцінства.

— Я толькі што быў у кансьержкі на вуліцы Бондзі.

— Яна, канечне, не магла паверыць?..

— Не магла. Відаць, што яна яго любіла.

— Яго ўсе любілі. — Панна Леон пачырванела. — Які ён быў добры! — таропка дадала яна.

— Вы яго часта бачылі?

— Ён прыходзіў да мяне... Нячаста, вядома. Я жыву далёка ад цэнтра, а ён чалавек заняты.

— Вы ведаеце, чым ён займаўся апошнім часам?

— Я ў яго пра гэта ніколі не пыталася. Па-мойму, ён жыў нябедна. Думаю, пан Луі меў уласную справу — ён мог заявіцца да мяне ў любы час дня.

— А ён не расказваў пра людзей, з якімі кантактваў?

— Мы пераважна ўспаміналі нашае жыццё ў Капланаў, пана Макса... А жонку яго вы бачылі? — неяк нерашуча запыталася яна.

— Учора ўвечары.

— І што яна вам сказала?

— Яна не разумее, чаму ў яго ў момант смерці былі нагах жоўтыя чаравікі. Яна лічыць, што іх надзеў забойца.

Але панна Леон, як і кансьержка, таксама бачыла яго ў жоўтых чаравіках.

— Ён іх часта надзяваў.

— Ужо тады, калі яшчэ працаваў у Каплана?

— Не, толькі пазней. Прайшло досыць шмат часу, як яго першы раз у іх убачыла.

— А колькі прыблізна, не скажаце?

— Прыблізна год.

— Вас здзівіла, што ён быў у жоўтых чаравіках?

— Здзівіла. Гэта было не ў яго стылі.

— Што вы тады падумалі?

— Што ён змяніўся.

— Ён і праўда змяніўся?

— Ва ўсякім разе, ён быў ужо не такі, як раней. Жартаваў інакш. Нават рагатаў.

— А раней ён смяяўся?

— Цішэй. У ягоным жыцці з'явілася штосьці новае.

— Жанчына?

Мэгрэ разумеў, што пытанне жорсткае, аднак яго трэба было задаць.

— Магчыма.

— Ён дзяліўся з вамі сваёй тайнай?

— Не.

— А за вамі ён ніколі...

— Ніколі! — пачырванеўшы, таропка перапыніла яна. — Клянуся! Я ўпэўнена, што яму гэта нават у галаву не прыйшло б.

Кошка, якая сядзела на каленях у старой, пераскочыла на калені да Мэгрэ.

— Няхай сядзіць, — сказаў ён панне Леон, калі тая хацела сагнаць кошку.

Старая расчаравана пазірала на яго. Камісару захацелася запаліць люльку, але дзе тут запаліш!

— Закрыццё фірмы Капланаў для вас усіх было цяжкім ударам?

— Вельмі цяжкім.

— А для пана Турэ асабліва?

— Пан Луі быў больш за ўсіх прывязаны да гэтага дома. Там яму ўсё было роднае. Ён жа, зразумейце, пачаў працаваць там кур'ерам з чатырнаццаці гадоў!

— Адкуль ён прыехаў?

— З Бэльвіля. Ён расказваў мне: калі памёр яго бацька, маці пераехала ў Парыж. Гэта яна прывяла яго да старога Каплана.

— Маці памерла?

— Даўно ўжо.

Мэгрэ чамусьці здавалася, што жанчына нешта ўтойвала. Яна глядзела яму ў самыя вочы, аднак камісар адчуваў у іх нейкі няўлоўны рух.

— Я чуў, што яму было цяжка знайсці новае месца.

— Хто гэта вам сказаў?

— Мне так здалося са слоў кансьержкі.

— Самі разумееце, як гэта цяжка — знайсці працу, калі табе ўжо за сорак і няма спецыяльнасці. Мне самой...

— Прыйшлося шукаць працу?

— Толькі некалькі тыдняў.

— А пан Луі як?

— Ён шукаў нашмат больш.

— Вы гэта дакладна ведаеце?