Выбрать главу

— Дакладна.

— Ён заходзіў да вас тады?

— Заходзіў.

— Вы яму чым-небудзь дапамаглі?

Цяпер камісар ужо не сумняваўся, што панна Леон сабрала на чорны дзень сякія-такія грошы.

— Чаму вы ў мяне пытаецеся пра гэта?

— Таму, што пакуль я не буду ведаць, які гэта быў чалавек у апошнія гады, у мяне няма аніякага шанцу натрапіць на след забойцы.

— Я раскажу вам усё, — сказала яна, падумаўшы. — Але прашу вас, каб усё засталося паміж намі. Галоўнае, каб пра гэта не даведалася жонка.

— Вы яе ведаеце?

— Ён расказваў мне пра яе. Яе швагры ўсе добра ўладкаваныя, у кожнага свой дом.

— У яго таксама.

— Гэта яна прымусіла яго купіць дом і пасяліцца ў Жувізі, побач з яе сёстрамі.

Голас у панны Леон задрыжаў.

— Ён баяўся сваёй жонкі?

— Проста ён нікому не мог зрабіць балюча. Калі за некалькі тыдняў да Новага года мы засталіся без працы, ён не захацеў псаваць сваім родным настрой пад канец года.

— І нічога ім не сказаў, каб яны па-ранейшаму думалі, што ён у Каплана?

— Ён спадзяваўся знайсці працу праз некалькі дзён, потым — праз некалькі тыдняў. Але ж гэты дом... Ён купіў яго ў крэдыт і павінен быў плаціць за яго штогод. Самі разумееце, у якое становішча трапіў бы ён, калі б не заплаціў тады.

— У каго ён пазычыў?

— У мяне і пана Сэмброна. Гэта наш бухгалтар. Ён ужо не працуе. Жыве адзін, на набярэжнай Межысэры.

— Як у яго з грашыма?

— Ён ледзьве зводзіць канцы з канцамі.

— Чаму пан Луі не звярнуўся да пана Каплана?

— Той нічога не даў бы. Такі ўжо ў яго характар. Дарэчы, у дзень закрыцця фірмы ён выдаў кожнаму канверт з трохмесячнай зарплатай, дык пан Луі пабаяўся з-за жонкі пакінуць гэтыя грошы пры сабе.

— Яна правярала яго кашалёк?

— Напэўна. Я захоўвала яго грошы ў сябе. Тры месяцы забіраў іх у мяне па частцы, усё роўна як зарплату. Калі гэтыя грошы кончыліся, тады і пазычыў у мяне. Але ён мне ўсё аддаў.

— Калі?

— Месяцаў праз восем-дзевяць.

— Вы доўга яго не бачылі пасля таго, як ён узяў у вас грошы?

— З лютага па жнівень.

— Вы тады не хваляваліся?

— Я ведала, што ён прыйдзе. Нават калі і не зможа іх аддаць...

— Ён сказаў вам, што знайшоў новую працу?

— Сказаў.

— Ён быў ужо ў жоўтых чаравіках?

— Угу. Потым ён зрэдку заходзіў да мяне. І кожны раз прыносіў які-небудзь падарунак, цукеркі маме.

Толькі цяпер Мэгрэ здагадаўся, чаму старая ўвесь час глядзела на яго з расчараваннем. Госці, напэўна, прыносілі ёй салодкае, а ён прыйшоў з пустымі рукамі. Наступным разам трэба будзе прыйсці з цукеркамі, падумаў ён.

— Ён не гаварыў пра сваіх новых знаёмых?

— Якіх новых знаёмых?

— Па працы.

— Не.

— А не казаў, у якім квартале працуе?

— З усіх вуліц ён згадваў толькі адну — Бондзі. Ён туды часта заходзіў. Паглядзець, ці не разбурылі яшчэ наш дом. Дом стаяў, як і раней, і пан Луі ўсё шкадаваў: мы маглі б яшчэ й дагэтуль працаваць там.

Пазванілі. У краму ўвайшла жанчына. Панна Леон, выцягнуўшы шыю, паглядзела на яе.

— Не хачу вас болей затрымліваць, — узняўся Мэгрэ.

— Заўсёды буду вам радая.

— Дзякую.

Мэгрэ ўзяў з прылаўка свой капялюш і выйшаў.

— Куды паедзем, шэф? — спытаўся вадзіцель.

— У бліжэйшы бар.

— Дык тут зусім побач, насупраць крамы.

Але Мэгрэ было б няёмка, калі б ён адразу ж пасля сустрэчы зайшоў у бар на вачах у панны Леон.

— Праедзем куды-небудзь далей.

Цяпер яму трэба было патэлефанаваць пану Каплан і знайсці па адраснай кнізе пана Сэмброна.

А раз ужо дзень пачаўся з кальвадосу, то ён вырашыў выпіць яшчэ кілішак.

3. ЯНКА ЎСМЯТКУ

Мэгрэ паабедаў у піўной «Дэльфін», за сваім улюбёным кутнім столікам. У яго не было ніякай тэрміновай справы, і ён мог бы паесці дома, але хацелася пабыць аднаму. Як заўсёды ў гэты час тут пацягвалі аперытыў інспектары з набярэжнай Арфэўр. Яны скосу пазіралі на камісара, а ён глядзеў праз акно на Сену.

Інспектары моўчкі пераглянуліся. Яны былі з іншага аддзела, але добра ведалі камісара. Калі паходка ў Мэгрэ рабілася цяжкая, позірк — туманны, а выгляд — пануры, усе разумелі, што ён разгадвае нейкую галаваломку. Нехта мог усміхнуцца, але кожны паважаў яго, бо ведаў: рана ці позна злачынца будзе знойдзены і прызнае сваю віну.

— Цяляціна ў вас сёння добрая?

— Вядома, пан Мэгрэ. Хочаце піва?

— Не. Паўбутэлькі чырвонага бардо.

Ён заказаў віно толькі таму, што прапанавалі піва. Калі б яму прапанавалі віно, ён пэўна папрасіў бы піва. Мэгрэ быў раздражнёны пасля наведвання Сэмброна.