А было ўсё так.
Спачатку ён патэлефанаваў Максу Каплану, але яму адказалі, што той паехаў у Анціб, на сваю прыморскую вілу, і калі вернецца ў Парыж, невядома. Тады Мэгрэ і накіраваўся да Сэмброна, на набярэжную Межысэры. Каб прайсці ў дом, дзе жыў стары бухгалтар, камісару прыйшлося праціснуцца паміж клеткамі з выстаўленымі на продаж птушкамі, што займалі амаль усе ходнікі.
— Дзе жыве пан Сэмброн? — запытаўся ён у кансьержкі.
— На самым версе. Вы не памыліцеся.
Дарэмна ён шукаў ліфт. Яго не было. Прыйшлося ўздымацца пешшу. Дом быў стары і брудны. На апошнім, сёмым паверсе слаба свяціла лямпачка. Побач з адзінымі на пляцоўцы дзвярыма вісеў шнур. Мэгрэ пацягнуў за яго, і з кватэры пачулася слабае дзіньканне званочка, потым — крокі. Дзверы адчыніліся, і камісар убачыў амаль прывідны твар — неверагодна худы і бледны, зарослы белым шчаціннем. Вочы ў старога слязіліся.
— Пан Сэмброн?
— Ён самы. Будзьце ласкавы, заходзьце.
Нават такую кароткую фразу ён не змог прамовіць як след: пачаўся прыступ кашлю, які глуха аддаваўся ў яго ў грудзях.
— Выбачайце. У мяне бранхіт...
У кватэры стаяў нейкі непрыемны саладжавы пах. Чулася, як шыпіць газавая гарэлка, кіпела вада.
— Камісар Мэгрэ. Крымінальны вышук.
— Я ведаў, што вы прыйдзеце да мяне. Вы ці хто-небудзь з вашых інспектараў.
Пасярод стала, накрытага стракатым абрусам, які цяпер можна было купіць хіба што ў барахольшчыка, ляжала газета, разгорнутая на той самай старонцы, дзе было кароткае паведамленне аб смерці Турэ. Побач з газетаю стаялі талерка, шклянка з вадою, трохі падфарбаванай віном, ляжаў невялікі кавалак хлеба.
— Вы, здаецца, збіраліся абедаць?
— Нічога, я не спяшаюся.
— Я вас прашу, не звяртайце на мяне ўвагі.
— Цяпер ужо ўсё роўна: маё яйка зварылася ўкрутую.
Усё ж стары пайшоў па яго на кухню. Гарэлка перастала шыпець.
— Сядайце, пан камісар. Толькі лепш распраніцеся. З-за свайго бранхіту, ён у мяне застарэлы, я мушу залішне паліць грубку.
Напэўна, ён быў таго ж узросту, што і маці панны Леон, да таго ж яго ніхто не даглядаў. Можа, сюды ніхто і не заходзіў. Адзінай радасцю старога ў гэтым жытле мусіў быць від з акна на Сену і на кветкавы базар.
З-за прыступаў кашлю, дый з-за таго нават, што стары еў сваё яйка неверагодна марудна, размова з ім доўжылася сама меней паўгадзіны.
Але пра што новае даведаўся ўрэшце Мэгрэ? Стары паўтарыў усё тое, што сказалі ўжо кансьержка і панна Леон.|
Закрыццё фірмы Капланаў для яго таксама стала катастрофаю, ён нават не стаў шукаць новае месца працы. Праўда, у яго былі сякія-такія грошы. Ён збіраў іх гадамі і думаў, гэтага хопіць, каб забяспечыць сабе адзінокую старасць. Але з-за інфляцыі яму іх цяпер хапала толькі на тое, каб не памерці з голаду.
— Добра яшчэ, — сказаў стары, — што ў мяне ёсць дах над галавою. Я жыву тут ужо сорак гадоў.
Ён быў удаўцом, дзяцей не меў, родных не засталося.
Яйка было, магчыма, падумаў Мэгрэ, ягонай адзінай штодзённай ежаю.
Аднак, калі пан Турэ прыйшоў да яго, ён не вагаючыся пазычыў яму грошы.
— Ён сказаў мне, што для яго гэта пытанне жыцця і смерці, і я зразумеў, што гэта сапраўды так. Праз некалькі месяцаў ён мне ўсё аддаў.
А калі б Турэ не вярнуўся? На якія грошы купляў бы тады стары сваё штодзённае яйка? Ці ж не баяўся ён гэтага?..
— Пан Луі да вас часта заходзіў?
— Два ці тры разы. Першы раз, калі прынёс грошы. Ён падарыў мне тады пенкавую люльку.
Стары ўзняўся, каб узяць люльку з паліцы і паказаць яе. Тытунь ён, мабыць, таксама эканоміў.
— А калі вы яго бачылі апошні раз?
— Тыдні тры назад, на лаўцы на бульвары Бон-Нувэль.
Мабыць, стары бухгалтар прыходзіў у гэты квартал таксама як паломнік — паўспамінаць мінулае.
— Вы з ім тады гаварылі?
— Я прысеў побач. Ён хацеў пачаставаць мяне шкляначкай у суседняй кавярне, але я адмовіўся. Памятаю, быў сонечны дзень. Мы пагаманілі з ім не ўстаючы.
— Скажыце, а на ім былі жоўтыя чаравікі?
— Не звярнуў увагі.
— Ён не казаў вам, чым займаецца?
Сэмброн пакруціў галавою. Мэгрэ адчуваў, што стары, як і панна Леон, меў да нябожчыка вельмі цёплае пачуццё. Сімпатычны, відаць, быў чалавек гэты Луі Турэ, — камісар міжволі пачынаў шчыра яго шкадаваць, нібыта ведаў раней, а бачыў жа толькі застылы твар, здзіўлены смерцю.
— Як жа вы развіталіся?
— Мне здалося, што нехта ходзіць вакол крамы і робіць пану Турэ нейкія знакі.
— Мужчына?
— Мужчына. Сярэдніх гадоў.
— Што ён з сябе ўяўляў?