Выбрать главу

— Такія звычайна сядзяць на бульварах на лаўках. Нарэшце ён падсеў да нас, але не загаварыў. Тады я пайшоў. Калі я азірнуўся, яны гаварылі.

— Па-сяброўску?

— Ва ўсякім разе, мне здалося, яны не спрачаліся.

Вось і ўсё, пра што даведаўся Мэгрэ.

Калі ён вярнуўся ў камісарыят, яму пазваніў суддзя Камельё:

— Сёння ўранку пракурор перадаў мне справу Турэ і сказаў, што расследаваннем займаецеся вы. За што-небудзь ужо зачапіліся? Рабаўніцтва, я мяркую?

— Магчыма.

— Сям'я патрабуе выдачы цела. Я не магу гэтага дазволіць без вашай згоды.

— Доктар Поль ужо агледзеў труп?

— Я толькі што гаварыў з ім. Нож прайшоў наскрозь і прабіў левы жалудачак сэрца. Смерць была імгненная.

— Ніякіх іншых раненняў ці слядоў ад удараў?

— Ніякіх.

— Не бачу неабходнасці замінаць таму, каб сям'я атрымала цела. Толькі няхай адзежу забітага адправяць у лабараторыю.

— Добра. Трымайце мяне ў курсе.

Камельё рэдка быў такі мяккі. Прэса амаль нічога не паведаміла пра забойства, і суддзя меркаваў, што гэта простае рабаўніцтва. Справа не выклікала ў яго цікавасці, як, відаць, не выклікала і ў іншых.

Мэгрэ падышоў да каміна, дастаў абцугамі вугалёк, запаліў люльку і з гадзіну займаўся нуднай канцыляршчынай: падпісваў акты, рабіў на іх заўвагі.

— Можна, шэф?

Гэта быў, як заўсёды расфранчаны, наадэкалонены, быццам толькі што выйшаў з цырульні, Сантоні. «Ад цябе парфумаю, як ад бабы нясе», — казалі яму таварышы.

Сантоні ззяў:

— Я, здаецца, напаў на след.

Мэгрэ паглядзеў на яго затуманенымі вачыма.

— Спачатку хачу далажыць вам, што кантора «Жэбер і Башэлье», дзе служыць наша панна, займаецца перапродажам акцый. Справы там дробязныя. Яны за бясцэнак скупляюць безнадзейныя акцыі, а потым прадаюць іх крыху даражэй. Уся іхняя праца — бадзяцца па дамах, шукаючы дурняў-пакупнікоў. Панна Турэ сядзіць у канторы толькі ўранку, а пасля абеду шукае кліентаў.

— Зразумела.

— Іх кліенты — пераважна дробныя службоўцы. Іх трэба чым-небудзь уразіць, і тады яны раскашэльваюцца. Сур'ёзных дзялкоў я не бачыў. У абедзенны перапынак я пачакаў, пакуль усе выйдуць, і непрыкметна падышоў да адной сакратаркі не першай маладосці. Я не памыліўся ў выбары: яна не любіць сваю маладую каляжанку і расказала мне ўсё.

— Ну і што?

— У Монікі ёсць сябар.

— Хто ён?

— Усё па парадку, шэф. Яны знаёмыя прыблізна чатыры месяцы. Штодня абедаюць разам у рэстаранчыку на Севастопальскім бульвары. Ён зусім малады, яму дзевятнаццаць гадоў, працуе прадаўцом у кнігарні на бульвары Сэн-Мішэль.

Мэгрэ перабіраў свае люлькі, раскладзеныя на стале. Не заўважыўшы, што адна з іх недапаленая, пачаў набіваць іншую.

— Хлопца завуць Альбэр Жарыс. Я вырашыў зірнуць на яго і пайшоў у рэстаранчык. Там была процьма народу. Нарэшце знайшоў Моніку, яна сядзела за столікам адна. Сам я сеў насупраць у куце і паабедаў, скажу шчыра, вельмі блага. Дзяўчына здалася мне ўзнерваванай, увесь час паглядала на дзверы.

— Ён так і не прыйшоў?

— Не. Яна расцягвала свой абед, як толькі магла. У такіх установах абслугоўваюць хутка і не любяць марудлівых наведнікаў. Урэшце яна выйшла і хвілін пятнаццаць чакала яго на вуліцы.

— А потым?

— Яна так выглядала сябра, што нават не заўважыла мяне. Потым пайшла да бульвара Сэн-Мішэль. Вы ведаеце вялікую кнігарню на рагу?

— Ведаю.

— Яна зайшла туды, загаварыла з прадаўцом, пасля падышла да касіра. Выгляд у яе быў расчараваны, і яна пайшла з крамы.

— Ты зноў пайшоў за ёю?

— Я вырашыў, што лепш заняцца яе сябрам. У кнігарні я спытаўся ў адміністратара, ці ведае ён пана Альбэра Жарыса. Ён адказаў, што ведае, але Жарыс працуе толькі да абеду. Я быў здзіўлены, і адміністратар растлумачыў мне, што ў іх працуюць пераважна студэнты, а яны не могуць стаяць за прылаўкам увесь дзень.

— Дык ён — студэнт?

— Чакайце. Я пацікавіўся, ці даўно працуе ён у кнігарні. Выявілася, трохі больш як год. Спачатку ён працаваў поўны дзень. А месяцы тры назад аб'явіў, што слухае лекцыі на юрыдычным факультэце, і перайшоў на паўдня.

— У цябе ёсць яго адрас?

— Ён жыве са сваімі бацькамі на вуліцы Шаціён, насупраць царквы Монруж. Але я яшчэ не кончыў. Сёння Жарыс не прыйшоў на працу. За ўвесь час, што ён працуе, гэта здарылася з ім два ці тры разы, і кожны раз ён папярэджваў па тэлефоне. А сёння — не.

— А ўчора ён працаваў?

— Працаваў. Я падумаў, што вас зацікавіць, дзе ён жыве, і паехаў на вуліцу Шаціён. Кватэра дагледжаная. Дома была маці. Вельмі прыстойная кабета.

— Ты сказаў ёй, што ты з паліцыі?