— Вядома, не. Я сказаў, што я ягоны сябра і што мне трэба тэрмінова яго знайсці.
— І яна адаслала цябе ў кнігарню?
— Угадалі. Яна ні аб чым не падазрае. Ён выйшаў з дому, як звычайна, у пачатку дзевятай. Яна паняцця не мае ні аб якім юрыдычным факультэце. Бацька працуе ў краме па продажу тканін. Яны не такія багатыя, каб іх сын вучыўся ва ўніверсітэце.
— Што ты зрабіў далей?
— Зрабіў выгляд, што памыліўся, што, напэўна, у яе сына тое самае прозвішча, што і ў майго сябра. А пасля папрасіў паказаць яго фатаграфію. Ёй нават у галаву не прыйшло ў чымсьці мяне западозрыць. Яна, калі я прыйшоў, якраз прасавала бялізну, дык больш думала пра тое, каб прас не прапёк прасціну. А я ўсё яе загаворваў...
Мэгрэ маўчаў, не выяўляючы аніякага захаплення. Па ўсім адчувалася, што Сантоні ў камісаравай брыгадзе — пачатковец. Усё, што ён расказваў, нават тон, усё гэта супярэчыла стылю Мэгрэ.
— Адыходзячы, шэф, я непрыкметна...
Мэгрэ працягнуў руку.
— Дай.
Камісар адразу зразумеў, што Сантоні ўкраў фатаграфію. Мяркуючы па здымку, Жарыс быў яшчэ зусім маладзён — худы, нервовы, валасы доўгія, як у дзяўчыны. Напэўна, падабаецца жанчынам і ведае пра гэта.
— Гэта ўсё?
— Паглядзім, ці вернецца сёння ўвечары галубок дамоў?
Мэгрэ ўздыхнуў:
— Паглядзім...
— Вы незадаволены?
Навошта яму нешта тлумачыць?.. Сантоні зрабіў усё так, як зрабіў бы любы пачатковец, чалавек з іншай брыгады. Калі-небудзь ён сам усё зразумее.
— Не думайце, што я ўпусціў дзяўчыну. Я ведаю, дзе яе знайсці. А палове шостай, сама позна без чвэрці шэсць яна вяртаецца ў кантору і здае выручаныя грошы і акцыі. Мне туды ісці?
Мэгрэ ледзь ужо не крыкнуў, каб ён не лез сам, куды не просяць — аднак стрымаўся. Гэта ўсё-такі было б несправядліва: інспектар стараўся як мог.
— Правер, ці вернецца яна на працу і ці паедзе на вакзал.
— Можа, і сябра з'явіцца?
— Можа. Калі ён зазвычай вяртаецца дамоў?
— У сем гадзін. На вячэру. Ён заўсёды прыходзіць у гэты час дамоў, нават калі пасля куды-небудзь сыходзіць.
— У іх, відаць, няма тэлефона?
— Няма.
— А ў кансьержкі ёсць?
— Не думаю. Не такі гэта дом, каб да яго правялі тэлефон. Але я праверу.
Ён пагартаў даведнік.
— Зазірні туды а палове восьмай і папытайся ў кансьержкі, ці вяртаўся ён. А фатаграфію пакінь мне.
Раз ужо Сантоні яе прыхапіў, лепш пакінуць яе тут. Можа, прыдасца.
— Вы застаяцеся тут?
— Не ведаю. Але ты сувязь з аддзяленнем падтрымлівай.
— Дык чым мне пакуль заняцца? У мяне ёсць яшчэ дзве гадзіны.
— Правер спісы мэбліраваных пакояў. Магчыма, які-небудзь запісаны на імя Луі Турэ.
— Думаеце, ён здымаў пакой у Парыжы?
— А дзе ж, ты думаеш, ён пакідаў свае жоўтые чаравікі і чырвоны гальштук перад тым, як вярнуцца дамоў?
— А сапраўды?..
Дзве гадзіны назад пачалі прадаваць вячэрнія газеты, у іх быў змешчаны маленькі фотаздымак Луі Турэ з кароткім, подпісам: «Луі Турэ, забіты ўчора пасля абеду ў тупіку ля бульвара Сэн-Мартэн. Паліцыя ідзе па магчымым следзе».
Па магчымым следзе... Гэта была няпраўда. Але газеты заўсёды дадаюць што-небудзь ад сябе. Цікава, зрэшты, што дагэтуль ніхто не патэлефанаваў камісару, каб атрымаць дадатковыя звесткі. Мэгрэ ўвесь час чакаў такога званка.
Амаль заўсёды ў такіх выпадках нехта заяўляе, што ведаў забітага або бачыў яго незадоўга да смерці, ці паведамляе, што заўважыў на месцы злачынства якога-небудзь падазронага чалавека. Звычайна большасць сведчанняў праверкаю не пацвярджаецца. Аднак іншым разам яны дапамагаюць натрапіць на след.
Тры гады Луі Турэ ад'язджаў з Жувізі адным і тым самым цягніком і вяртаўся дадому ў адзін і той самы час. Тры гады ён нязменна браў з сабою свой загорнуты ў кавалачак цыраты абед, як рабіў гэта ўсё сваё жыццё.
Але куды ж ён дзяваўся, прыехаўшы на Ліёнскі вакзал? Вось у чым была тайна.
Першыя месяцы ён хутчэй за ўсё шукаў новае месца. Стаяў, як і многія іншыя, у чарзе перад рэдакцыямі, каб потым імкліва кінуцца па ўказаным у свежым выпуску газеты адрасе. А можа, спрабаваў хадзіць па кватэрах, прадаючы што-небудзь накшталт пыласосаў?..
Але раз яму прыйшлося ўрэшце пазычыць грошы ў панны Леон і старога бухгалтара, то, відаць, нічога ён не знайшоў.
Потым ягоныя сляды губляюцца на многія месяцы. А яму ж трэба было не толькі штомесяц прыносіць дамоў сваю ранейшую зарплату, а яшчэ і аддаць пазыку.
А ён кожнага разу вяртаўся дамоў, як ні ў чым не бывала, з выглядам чалавека, які адпрацаваў увесь дзень.
Ні жонка ягоная нічога не падазравала, ні дачка, ні сёстры, ні швагры-чыгуначнікі.