Але вось аднаго разу ён раптам з'яўляецца на вуліцы Клін'янкур у панны Леон, вяртае пазыку і прыносіць маці цукеркі.
А на нагах у яго новыя і — чамусьці — жоўтыя чаравікі. Можа, менавіта ў гэтых жоўтых чаравіках і была адна з прычын, з якой Мэгрэ адчуваў сімпатыю да забітага?.. Ён сам у свой час марыў аб жоўтых чаравіках. У дні ягонай маладосці яны лічыліся апошнім крыкам моды.
Аднойчы, неяк неўзабаве пасля жаніцьбы, ён купіў сабе такія. Дарэчы, ён купляў іх якраз на бульвары Сэн-Мартэн, у краме насупраць тэатра Амбігю. Калі ён іх набыў, то не рашыўся надзець адразу ж. А калі дома разгарнуў скрутак, жонка засмяялася:
— Ты што, збіраешся іх насіць?
Так ён ніколі іх і не абуў. Жонка сама аднесла іх назад у краму, зманіўшы, што яны малыя.
Луі Турэ таксама купіў сабе незвычайныя чаравікі — і Мэгрэ надаваў гэтай акалічнасці асаблівы сэнс.
Напэўна, гэтая пакупка была для Турэ сімвалам ягонага вызвалення ад хатніх акоў. У жоўтых чаравіках ён адчуваў сябе вольным. Пакуль ён у іх, пакуль не абувае зноў чорных — ніхто, ні жонка, ні дачка, ні радня, не мае над ім ніякае ўлады.
І яшчэ. Таго дня, калі Мэгрэ купіў іх, яму аб'явілі аб надбаўцы — дзесяць франкаў у месяц. Тады франкі яшчэ былі франкамі, і ён адразу ж адчуў сябе багатым.
Мабыць, тое ж самае здарылася і з Турэ. Ён вярнуў пазыкі, зрабіў падарункі сваім былым саслужыўцам... Пасля таго пачаў наведваць панну Леон і кансьержку...
Але чаму ён ніколі не казаў нікому, чым займаецца?..
Кансьержка выпадкова ўбачыла яго ў адзінаццаць гадзін раніцы на лаўцы на бульвары Сэн-Мартэн.
Яна нават не загаварыла з ім, зрабіла выгляд, што не заўважыла яго. Ведама ж, такі чалавек, як пан Турэ, у ягоным узросце, у гэтакі час, калі ўсе, як мурашкі, завіхаюцца на працы, нібыта апошні абібок, разваліўся на лаўцы!
І Сэмброн таксама ўбачыў яго нядаўна на лаўцы. Праўда, гэтым разам у іншым месцы, на бульвары Бон-Нувэль, але ўсё ж — за два крокі ад бульвара Сэн-Мартэн.
Бухгалтар не быў такі далікатны, як кансьержка. А можа, Турэ яго сам першы прыкмеціў?
Ці меў ён з кім-небудзь на гэтай лаўцы спатканне?
І хто быў гэты чалавек, які хадзіў каля лаўкі, нібыта чакаў нейкага знака?
Сэмброн пра яго амаль нічога не сказаў. Але адно ягонае меркаванне было вельмі істотнае: «Ён быў падобны на чалавека, які прызвычаіўся сядзець на лаўках».
Мабыць, гэта быў чалавек без пэўнага занятку, які бавіў час на лаўках, разглядаючы ад няма чаго рабіць мінакоў.
У кожным парыжскім квартале — свой тып разяватых праціральнікаў штаноў. Можа, гэта быў пенсіянер? Але на бульвары Сэн-Мартэн пенсіянеры — нячастыя госці.
Дзве несумяшчальныя рэчы: з аднаго боку — жоўтыя чаравікі франта, з другога — баўленне часу на лаўцы, занятак чалавека старога або апушчанага.
А нарэшце прыйшоў дзень, калі нехта нячутна пракраўся ўслед за ім у тупічок і за дзесяць крокаў ад натоўпу на бульвары ўсадзіў яму ў спіну нож. І што, што магло спатрэбіцца Турэ ў гэтым тупіку?..
За акном цямнела, прыйшлося запаліць лямпу. Мэгрэ ўстаў і зняў паліто з вешалкі.
Выходзячы, ён сказаў інспектарам з суседняга пакоя:
— Я буду праз гадзіну-дзве.
Ён не паехаў на службовай машыне, а сеў у канцы вуліцы на аўтобус і, даехаўшы за некалькі хвілін да Севастопальскага бульвара, сышоў.
На вуліцах было людна. Яшчэ зусім нядаўна ў гэты час хадзіў па іх і Луі Турэ, не ведаючы, магчыма, чым заняцца, перш чым змяніць свае жоўтыя чаравікі на чорныя і адправіцца на Ліёнскі вакзал.
На другім баку бульвара Бон-Нувэль Мэгрэ прыкмеціў лаўку.
«Напэўна, гэтая», — падумаў ён.
На лаўцы ніхто не сядзеў.
На рагу Сэн-Мартэн чакалі кліентаў прастытуткі. Іншыя сядзелі ў маленькім бары, мужчыны побач гулялі ў карты.
І тут камісар убачыў інспектара Нэве і зрабіў яму знак. Адна прастытутка вырашыла, што Мэгрэ кліча яе, і ўстала, камісар спыніў яе маўклівым жэстам.
Раз ужо Нэвэ апынуўся тут, дык, пэўна, паспеў распытаць усіх: такіх кабетак у сваім квартале ён ведаў добра.
— Як жыццё? — спытаўся Мэгрэ ў Нэвэ.
— Прыйшлі зірнуць?
— Ды так, на хвілінку.
— А я ўжо з васьмі раніцы. Апытаў ужо чалавек пяцьсот.
— Даведаўся, дзе ён абедаў?
— Даведаўся.
— Я так і думаў.
— Чаму?
— Турэ быў чалавек звычкі, наўрад ці ён стаў бы кожнага дня хадзіць у іншае месца.
— Вось там, — паказаў Нэвэ рукою на сціплы рэстаранчык. — Там дагэтуль ляжыць ягоная сурвэтка з нумарам.
— І што табе там расказалі?
— Ён заўсёды сядаў за адзін і той самы столік у глыбіні залы, непадалёк ад стойкі. Яго зазвычай абслугоўвала адна афіцыянтка. Здаравенная такая кабыла, рыжая. Ведаеце, як яна яго называла?.. «Мой дружок...» Яна сама мне пра гэта сказала. Так і пыталася ў яго: «Ну што, мой дружок, будзем сёння есці?» Сцвярджае, што яму гэта падабалася. Яна часта загаворвала з ім, але ён ніколі да яе не заляцаўся. Яна не раз бачыла яго на бульвары на лаўцы, і кожны раз ён вітаў яе рукою. І заўсёды гэта было каля трох гадзін дня, у час яе перапынку. Аднойчы яна сказала яму: «Здаецца, мой дружок, вы працаю не струджаны!» А ён адказаў, што працуе ўначы.