Выбрать главу

— І яна паверыла?

— Ды яна, здаецца, проста малілася на яго.

— А газеты яна чытае?

— Я ёй сказаў, што яго забілі. Паверыць не магла... А ведаеце, рэстаран хоць і сціплы, але і не дужа танны. А Турэ кожны раз заказваў паўбутэлькі марачнага віна.

— Ці ёсць яшчэ ў квартале людзі, якія б ведалі яго?

— Чалавек дзесяць. Адна прастытутка сустракала яго амаль штодня. Першы раз яна паспрабавала завесці яго да сябе, але ён пачціва адмовіўся. А потым, калі яна бачыла яго, то крычала: «Дык што, сёння?» Гэта ўвайшло ў іхнюю звычку і вельмі іх весяліла. Калі яна знікала з кліентам, ён падміргваў ёй.

— І ён ні разу не быў ні ў адной?

— Не.

— А з якой-небудзь іншай жанчынай яго бачылі?

— Яны — не. Але адзін з прадаўцоў ювелірнай крамы бачыў.

— Той самай крамы, каля якой яго забілі?

— Таго самага. Я там усім паказваў яго фатаграфію, і адзін яго прызнаў. «Ды гэта ж той, што купіў у нас пярсцёнак на тым тыдні!» — адразу ж усклікнуў ён.

— А жанчына была маладая?

— Не надта. Прадавец не звярнуў на яе асаблівай увагі. Вырашыў, што гэта муж з жонкаю. Ён толькі заўважыў, што на ёй была гаржэтка з серабрыстага ліса, а на шыі вісеў ланцужок з пазалочаным медальёнам-чатырохлістнікам, рыхтык такія ж, што прадаюць у іхнай краме.

— Дарагі пярсцёнак?

— Пазалочаны, з падробленым каменем.

— Пра што ж яны гаварылі? Прадавец нічога не чуў?

— Ён не памятае. Кажа, гаварылі як муж з жонкаю. Нічога асаблівага.

— А ён змог бы пазнаць гэтую жанчыну?

— Ён не ўпэўнены. Яна была ў чорным і ў пальчатках. Адну пальчатку забыла на прылаўку. Турэ вярнуўся, а яна чакала яго на вуліцы. Яна вышэйшая за яго. На вуліцы ўзяла яго пад руку, і яны пайшлі да станцыі метро «Рэспубліка».

— Больш нічога не ўведаў?

— І гэта з'ела ў мяне ўвесь час: я ж пачаў з Манмартра. Але там нічога не ўведаў. За вылікам адной драбніцы. Ведаеце кіёск на вуліцы Акацый, дзе прадаюць пышкі?

— Ведаю. Іх пякуць там пад адкрытым небам, як на кірмашы.

— Дык вось, прадаўцы пышак памятаюць Турэ. Ён часта купляў у іх, заўсёды па тры штукі і ніколі не еў на вуліцы, а забіраў з сабою. Гэтыя пышкі, як вам вядома, вельмі вялікія, ва ўсякім разе, рэклама сцвярджае, што яны сама вялікія ў Парыжы. Наўрад ці пасля сытнага абеду ў рэстарацыі Турэ еў бы іх адзін. Не еў бы ён іх і на лаўцы — не такі гэта чалавек. Відаць, ён браў іх той самай жанчыне. Значыцца, яна жыве недзе непадалёк.

А можа, падумаў Мэгрэ, ён частаваў таго чалавека, якога бачыў бухгалтар Сэмброн?

— Ну што, шэф, казаць далей?

— Вядома.

— Куды вы?

— Хачу зазірнуць у тупічок.

Тупічок быў зусім побач, і Мэгрэ вырашыў яшчэ раз агледзець месца злачынства.

Час цяпер быў такі самы. Туману сёння не было, але цемната такая ж непраглядная.

А можа, Турэ зайшоў сюды проста да ветру?.. Не, насупраць ёсць прыбіральня...

Нэвэ ўздыхнуў:

— Толькі б знайсці тую жанчыну...

А камісару хацелася знайсці таго чалавека, які на мігах прасіў у Турэ дазволу прысесці побач, пакуль той гаварыў з Сэмбронам.

Камісар пачаў уважліва прыглядацца да людзей на лаўках. Ён ведаў, што ў кожнай лаўкі ёсць свае заўсёднікі, якія зазвычай прысаджваюцца ў адзін і той самы час. Праходжыя не зважаюць на іх. Але самі заўсёднікі добра ведаюць адно аднаго. Камісар згадаў, як аднойчы пані Мэгрэ, седзячы на лаўцы ў скверы Анвэр, зусім выпадкова навяла яго на след аднаго забойцы.

Цяпер на адной лаўцы сядзеў якраз відавочны заўсёднік: стары бадзяга з пастаўленай побач пляшкай віна.

Трохі далей прымасцілася мажная жанчына, напэўна, правінцыялка. Чакаючы свайго чалавека, які зайшоў у прыбіральню, яна выпрастала, каб хоць трохі адпачылі, ногі — па ўсім відаць, апухлыя ад нязвыклае хаданіны па горадзе.

Але гэта, ведама ж, былі зусім не тыя людзі, якіх трэба было знайсці.

— На тваім месцы, — сказаў Мэгрэ, — я меней бы займаўся крамамі, а болей людзьмі на лаўках. Пасядзі, пазнаёмся з заўсёднікамі.

— Добра, шэф, — зноў уздыхнуў Нэвэ. Такая перспектыва не радавала, хадзіць цікавей, хоць і ногі ўжо балелі ад гэтых няспынных бадзянняў.