Выбрать главу

Ён ніколі не паверыў бы, што камісар з радасцю згадзіўся б апынуцца на ягоным месцы: і хадзіў бы, і сядзеў бы — Мэгрэ з задавальненнем згадваў той час, калі служыў простым інспектарам.

4. ПАХАВАННЕ

Назаўтра камісар змарнаваў паўдня: яго выклікалі на судовае пасяджэнне. Некалькі гадзін ён праседзеў у змрочным пакойчыку для сведкаў. Нехта забыўся ўключыць атапляльныя батарэі, і спачатку ў пакойчыку стаяў жудасны холад. Потым, калі радыятары нарэшце нагрэліся, стала невыносна спякотліва і засмярдзела потам і выпарэннямі мокрае адзежы.

Судзілі нейкага Рэнэ Лекэра, які сем месяцаў назад забіў ударам бутэлькі па галаве сваю цётку. Злачынцу было толькі дваццаць два гады, ён быў здаравенны, што грузчык, але выраз твару меў усё роўна як у вінаватага школьніка.

І чаму толькі дагэтуль ніхто не дадумаўся хоць трохі палепшыць асвятленне судовае залы? Цьмянае шэраватае святло проста прыгнятала Мэгрэ, які і так быў — праз марнаванне часу ды недарэчнасць пасяджэння — не ў гуморы.

Адвакат, яшчэ зусім малады, але ўжо вядомы — дзякуючы сваім пастаянным нападам на сведкаў ды суддзяў, намагаўся пераканаць усіх, што злачынца прызнаў сваю віну толькі ў выніку націску на яго і кепскага з ім абыходжання на допыце. Відавочная хлусня, і адвакат гэта добра ведаў.

— Можа, пан сведка скажа суддзям, колькі гадзін доўжыўся першы допыт майго падабароннага? — дэкламаваў ён.

Камісар чакаў менавіта гэтага пытання.

— Семнаццаць гадзін, — адказаў ён.

— Семнаццаць гадзін без ежы?!

— Лекэр адмовіўся ад бутэрбродаў, якія мы яму прапаноўвалі.

Усім сваім выглядам адвакат казаў прысяжным: «Глядзіце, панове! Семнаццаць гадзін у нябогі ў роце і хлебнай крошкі не было!»

Сам Мэгрэ за ўвесь допыт з'еў толькі два бутэрбороды. А ён жа нікога не забіваў.

— Пан сведка, — па-ранейшаму надрываўся напорысты абаронца, — ці прызнаяце вы, што сёмага сакавіка, а трэцяй гадзіне раніцы, вы ўдарылі абвінавачанага без якіхсьці на тое падстаў — дзеянняў з яго боку, прычым тады, калі ў бедалагі былі кайданкі на руках?

— Не прызнаю.

— Дык сведка адмаўляе, што ўдарыў абвінавачанага?

— Быў момант, калі я даў яму поўху: усё роўна як бацька сыну.

Адвакат памыліўся — пачаў не з таго канца. Але ён, відаць, клапаціўся толькі пра тое, каб уразіць публіку ды журналістаў.

Потым, парушаючы ўсе правілы, ён з'едліва-саладжава запытаўся ў Мэгрэ:

— А ў вас ёсць сын, пан камісар?

— Не...

— У вас ніколі не было дзяцей?.. Даруйце, я недачуў, што вы сказалі...

Мэгрэ быў вымушаны паўтарыць на ўвесь голас, што ў яго была дачка, але яна памерла маленькая.

Вось і ўсё. Мэгрэ нарэшце пакінуў судовую залу і, перш чым вярнуцца ў сваё бюро, выпіў шкляначку каньяку ў буфеце ў Палацы правасуддзя.

Прыйшоўшы ў аддзяленне, Мэгрэ адразу ж запытаўся ў Сантоні, які займаўся сябрам Монікі Турэ:

— Ніякіх навін пра Альбэра Жарыса?

— Ніякіх.

Хлопец так і не прыйшоў дадому. У кнігарню ён сёння таксама не прыходзіў, не быў і ў рэстарацыі, дзе звычайна абедаў з Монікай.

Цяпер Сантоні займаўся хлопцам разам з Люка, які закончыў учора працу па іншым расследаванні. Яны звязваліся з усімі паліцэйскімі пастамі. Жанв'е ўсё яшчэ шукаў краму, дзе быў набыты нож, якім забілі Турэ.

— Нэвэ не званіў?

— Паўгадзіны назад. Сказаў, што пазвоніць у шэсць.

Камісар стаміўся. Перад вачыма стаялі твары прысяжных, злачынцы, адваката. Навошта яму гэтая цяганіна?

— Лапуэнт нічога не знайшоў?

Маленькі Лапуэнт абегаў усе мэбляваныя пакоі раёна, каб даведацца, ці не здымаў адзін з іх Турэ. Павінен жа ён быў недзе пераабувацца!

Цяпер у кожнага быў свой участак працы.

Памаракаваўшы, Жарыса перадалі Люка, а за Сантоні засталася адна Моніка Турэ. Што, калі Жарыс стане шукаць яе ці захоча што-небудзь паведаміць ёй пра сябе?

Тым часам прыходзілася разглядаць розныя службовыя паперы, адказваць на непатрэбныя тэлефонныя званкі. Усё ж такі дзіўна: ніхто так і не пазваніў камісару ў сувязі з забойствам...

— Алё! Мэгрэ слухае.

Гаварыў Нэвэ. Відаць, з нейкага бістро, бо з слухаўкі чуліся гукі музыкі.

— Нічога асаблівага, шэф. Знайшоў на лаўках трох чалавек, якія памятаюць Турэ. Усе паўтараюць адно і тое ж: Турэ быў заўсёды ветлівы, ахвотна загаворваў з імі. Адна старая кажа, што зазвычай ён ішоў адсюль да метро «Рэспубліка».

— Яна яго бачыла з кім-небудзь?

— Яна — не. Але адзін бадзяга сказаў, што аднаго разу Турэ некага чакаў, а калі той чалавек падышоў, яны разам пайшлі адсюль. Але ён так і не змог апісаць гэтага чалавека, сказаў адно, што гэта тып, якіх багата...