— Ёсць што новае? — спытаўся камісар у Сантоні. — Не?.. Складзі спіс Жарысавых сяброў, знаёмых, увогуле, усіх, з кім ён сустракаўся апошнія гады.
— Я ўжо пачаў.
— Працягвай.
З'явіўся Нэвэ.
— Надвор'е пахавальнае, — буркнуў інспектар.
У дзесяць яны былі ўжо перад домам Турэ. У знак жалобы з абодвух бакоў дзвярэй былі нацягнуты чорныя палотнішчы з серабрыстымі махрамі. Ля ганка, на незаасфальтаваных ходніках стаялі людзі пад парасонамі. Усяго іх было чалавек пяцьдзесят. Многія заходзілі ў дом. Віднеліся людзі і ў суседніх дварах.
Спачатку прыбыў катафалк. Потым таропка прайшлі святар і хлопчык, які нёс крыж.
Нішто не спыняла парываў ветру, мокрая адзежа прыставала да цела. Труна адразу ж намокла.
— Нікога не пазнаеш? — запытаўся Мэгрэ ў Нэвэ, калі працэсія рушыла.
Нэвэ пакруціў галавою.
Жанчына, якой Турэ падараваў парсцёнак, напэўна, не прыйшла. Праўда, на адной кабеце быў лісіны каўнер, але камісар заўважыў яе яшчэ раней, калі яна выходзіла з дома насупраць і замыкала дзверы на ключ. І з прысутных мужчын нікога нельга было ўявіць заўсёднікам лавак на бульварах.
І ўсё ж Мэгрэ застаўся на пахаванні да канца. Камісар двойчы сустрэў позірк Монікі. І кожны раз адчуваў, як сціскаецца яна ад страху.
На могілках было па калена гразі: магілу выкапалі на новым участку, куды яшчэ не праклалі дарожкі.
Калі пані Турэ сустракалася позіркам з камісарам, яна кожны раз уважліва аглядвала прысутных, паказваючы, што памятае аб ягонай просьбе. Калі ён падышоў да сям'і, якая выстраілася ў рад ля магілы, каб выказаць спачуванне, удава шапнула:
— Я нікога не заўважыла...
Дождж пазмываў пудру з твараў у жанчын, ва ўсіх пачырванелі насы.
Мэгрэ і Нэвэ пачакалі яшчэ хвілінку на могілках і прайшлі ў шынок насупраць. Камісар заказаў два грогі. А праз некалькі хвілін тут была ўжо добрая палова працэсіі. Каб сагрэцца, людзі пераступалі з нагі на нагу.
Мэгрэ пачуў абрывак размовы:
— А пенсію яна за яго атрымае?
— Не. Ён жа быў простым кладаўшчыком у нейкай краме. Такім пенсіі не даюць. Гэта за шваграмі ягонымі жонкі файна жывуць — чыгуначнікі ўсё-такі. А пан Луі быў у іх увогуле кімсьці накшталт сваяка-бедалагі... Вось так вось...
— Дык што ж жонка з дачкою рабіцьмуць?
— Дачка ж працуе... Пакой, можа, здадуць кватаранту...
— Ну што, Нэвэ, хадзем? — прапанаваў Мэгрэ інспектару.
З машыны сцякала брудная вада. Залева секла і секла.
У камісарыяце было сыра і холадна, на падлозе віднеліся брудныя сляды.
— Нічога новага, Люка?
— Званіў Лапуэнт. З бістро на плошчы Рэспублікі. Ён знайшоў пакой.
— Пакой Турэ?
— Ён так думае. Але гаспадыня не надта гаваркая.
— Выклікалі яе сюды?
— Не. Можа, вы самі лепш туды сходзіце?
Мэгрэ і праўда думаў пайсці да Лапуэнта, а не сядзець тут у кабінеце.
Калі Мэгрэ ўвайшоў у бістро, ён адразу ж знайшоў Лапуэнта: той сядзеў ля каміна і піў каву.
— Адзін грог! — заказаў камісар.
— Дзе гэты пакой? — запытаўся ён у Лапуэнта.
— За два крокі адсюль. Знайшоў зусім выпадкова. Дом у спісах не значыцца.
— Ты не памыліўся?
— Не. На вуліцы Ангулем я ўбачыў аб'яву: «Здаецца пакой». Трохпавярховы дом, без кансьержкі. Я пазваніў і папрасіў паказаць пакой. Гаспадыня ў гадах, колісь, мусіць, была прыгажуня, але цяпер сівая, аблезлая, тоўстая. Выйшла да мяне ў халаце. Перш чым упусціць мяне, запыталася, ці здымаю я пакой сабе асабіста і ці адзін буду жыць. Пакуль яна са мною перагаворвалася, на другім паверсе прыадчыніліся дзверы, і я заўважыў вельмі вабную дзяўчыну.
— Бардэль?
— Не зусім. Але мне здалося, што гаспадыня з гэтымі справамі знаёмая. Пакуль падымаліся наверх, яна запыталася, як я збіраюся плаціць — штомесяц ці часцей, дзе я працую. Пакой — вокнамі на двор. Абсталюнак неблагі. Праўда, як на мой густ, дык зашмат таннага шоўку і аксаміту. Лялька на канапе. У пакоі пахла яшчэ, так бы мовіць, жанчынаю. Гаспадыня пацікавілася, хто мне даў адрас. Я ледзь не прагаварыўся, што даведаўся па аб'яве. Шчыра кажучы, мяне ўвесь час бянтэжыла адна з яе цыцак: яна ўсё выслізгвала з халата. Я сказаў, што паведаміў мне пра пакой адзін мой сябра. І што сябра гэты жыве ў яе. Яна запыталася хто. Калі я назваў Турэ, то адразу зразумеў, што яна яго ведае. Яна і з твару змянілася, і голас стаў іншы. «Не ведаю, кажа, такога!» Як адрэзала. А потым пытаецца, ці няма ў мяне звычкі позна вяртацца дамоў. Было ўжо відаць, што вырашыла пазбавіцца ад мяне. Але я прыкінуўся прасцячком. Кажу: «Можа, мой сябра яшчэ тут? Ён удзень не працуе і позна ўстае». Але яна мне: «Дык вы будзеце здымаць пакой ці не?» Буду, кажу. «Плата наперад». Я дастаў кашалёк і, нібыта выпадкова, выняў фота Турэ. «А, — кажу, — вось і фота майго сябра». Яна зірнула і кажа: «Не, мы, відаць, адно аднаму не падыдзем». І пайшла да дзвярэй. Я хацеў затрымаць яе, але яна папрасіла пакінуць яе ў спакоі, у яе, бачыце, абед на пліце можа згарэць. Так і развіталіся... Шэф, ды я проста ўпэўнены, што яна яго ведала! Калі я выйшаў на вуліцу, фіранка зварухнулася: яна назірала за мною.