— Едзем! — сказаў Мэгрэ.
Хаця дом быў за два крокі адсюль, пад'ехалі на машыне. Гаспадыня, якая выйшла адчыніць дзверы, і цяпер была ў халаце.
— Хто там?
— Паліцыя.
— Што вам трэба? — Зірнула коса на Лапуэнта. — Так і ведала, што нажыву сабе бяду з гэтым малакасосам.
— Думаю, нам будзе зручней перагаварыць у доме.
— А я і не збіраюся трымаць вас на ганку. Мне ад вас хаваць няма чаго.
— Чаму вы не прызналіся, што пан Турэ быў вашым жыльцом?
— Таму, што гэта яго не датычыцца, — зноў змерыла яна Лапуэнта нядобрым позіркам.
Яна ўвяла іх у невялікую гасцёўню. Грубка тут была напалена як след. Усюды ляжалі стракатыя падушкі з вышытымі на іх кошачкамі, сэрцамі і скрыпічнымі ключамі. Вокны былі занавешаны шчыльнымі шторамі, і гаспадыня запаліла святло.
— Дык што вам ад мяне трэба?
Мэгрэ выняў з кішэні фатаграфію Турэ.
— Гэта ён?
— Ён. Вы і без мяне ўсё ведаеце.
— Доўга ён у вас жыў?
— Прыкладна два гады. Можа, трохі болей.
— У вас шмат жыльцоў?
— Вядома. Мне адной дом задужа вялікі. А ў наш час кватэру знайсці нялёгка.
— Колькі ж іх у вас?
— Цяпер — тры.
— Але адзін пакой свабодны?
— Той самы, што я паказвала гэтаму малойчыку. І цяпер шкадую, што не была асцярожлівая.
— Што вы ведаеце пра пана Турэ?
— Ціхі і сціплы чалавек. Нікому не замінаў. Працаваў уначы...
— А вы ведаеце дзе?
— Я яго ні аб чым не распытвала. Ён сыходзіў увечары і вяртаўся ўранку. Спаў вельмі мала. Я яму часта казала, што трэба спаць болей. Але мне здаецца, што ўсе яны так, хто ўначы працуе, — мала спяць.
— Ён шмат зарабляў?
— А што вас, уласна, цікавіць?
— Вы ж чытаеце газеты?..
На століку ляжала разгорнутая ранішняя газета.
— Бачу, куды вы гняце. Але спярша паабяцайце, што ў мяне не будзе непрыемнасцей. Ведаю я паліцыю...
Мэгрэ падумаў, што кабета павінна быць у картатэцы аддзела нораваў.
— Я ж не рэкламую сваіх жыльцоў на кожным кроку. Не рэгістрырую іх. Гэта не злачынства. Але калі вы пачняце выкручваць мне нервы...
— Усё будзе залежаць ад вас.
— Вы абяцаеце?.. Дарэчы, у якім вы чыне?
— Камісар Мэгрэ.
— Ого! Зразумела. Гэта сур'ёзней, чым я думала. Мяне турбуюць вашы калегі з нораваў. — Яна адпусціла ў іхні адрас такое слоўца, што Мэгрэ з Лапуэнтам пераглянуліся.
— Ну, добра. Ведаю я, што яго забілі. Але больш — нічога.
— Як ён назваўся вам?
— Проста — пан Луі.
— Да яго прыходзіла жанчына? Чарнявая, сярэдніх гадоў?
— Прыходзіла. Прыгожая, гадоў сорак, умее сябе трымаць.
— Часта прыходзіла?
— На тыдзень тры ці чатыры разы.
— А прозвішча яе вы ведаеце?
— Я называла яе пані Антуанэт.
— Вы, я бачу, прывыклі называць людзей па імені.
— Я не цікаўная.
— Яна, калі прыходзіла, надоўга заставалася ў яго?
— На колькі трэба.
— На паўдня?
— Як калі. Іншым разам — на гадзіну-дзве.
— А ўранку прыходзіла?
— Можа, калі і прыходзіла, я не помню.
— Вы яе адрас ведаеце?
— Ніколі не пыталася.
— Іншыя вашы жыльцы — жанчыны?
— Пан Луі быў адзіны мужчына.
— Ён з імі меў зносіны?
— Любоўныя? Такіх не было. Мне здаецца, ён да гэтага не быў ахвотнік. Можа, калі б захацеў...
— Але ён заходзіў да іх?
— Яны, бывала, заходзілі да яго папрасіць запалак, цыгарэт ці газету.
— І ўсё?
— Ну, яны гаманілі пра сёе-тое. Часам ён нават гуляў у карты з Люсіль.
— Яна наверсе?
— Не. Бадзяецца недзе дні ўжо два. З ёй гэта здараецца. Мабыць, знайшла сабе некага. Але памятаеце, што вы мне абяцалі? Каб ні ў мяне, ні ў маіх жыльцоў не было ніякіх непрыемнасцей.
Мэгрэ хацеў быў сказаць, што нічога не абяцаў, але змаўчаў.
— А апрача гэтай кабеты, ніхто да яго не прыходзіў?
— Нядаўна нехта пра яго пытаўся, разы са два.
— Маладзіца?
— Ага. Яна не стала падымацца наверх. Папрасіла перадаць, што чакае ўнізе.
— Яна назвалася?
— Монікай. Яна засталася ў калідоры, нават у гасцёўню не прайшла.
— Ён спусціўся да яе?