— Першы раз пра нешта з ёю пашаптаўся, і яна пайшла. А другім разам і трэцім выйшаў з ёю.
— Не сказаў вам, калі вярнуўся, што за яна?
— Спытаўся толькі, ці спадабалася яна мне.
— І што вы адказалі?
— Сказала, што цікавая, як зазвычай у яе ўзросце, але што праз некалькі гадоў гэта будзе сапраўдная кабыла.
— А хто яшчэ прыходзіў?
— Вы не хочаце сесці?
— Дзякую. Не хачу пэцкаць вам падушкі — змок да ніткі. Надта ў вас ужо чыста.
— Стараюся як магу. Дык чакайце... Дайце ўспомніць... Прыходзіў адзін чалавек. Малады. Не назваўся. Я перадала пану Луі, што яго чакаюць унізе. Пан Луі, здалося, расхваляваўся і папрасіў мяне правесці госця наверх. Гэты маладзён прабыў у яго хвілін дзесяць.
— Даўно гэта было?
— У сярэдзіне жніўня. Памятаю, была спякота і процьма мух.
— Ён прыходзіў яшчэ калі-небудзь?
— Неяк разам прыходзілі, усё роўна як на вуліцы сустрэліся. Разам падняліся наверх, але хлопец хутка выйшаў.
— Усё?
— Мне здаецца, я і так нагаварыла пад самую завязку. Думаю, вам таксама цікава падняцца наверх?
— Вядома.
— Пан Луі займаў пакой насупраць таго, які я паказвала вашаму памочніку. Вокны выходзяць на вуліцу.
— Правядзіце нас, калі ласка.
Уздыхнуўшы, гаспадыня з цяжкасцю стала ўздымацца наверх.
— Не забывайцеся, што абяцалі.
Мэгрэ паціснуў плячыма.
— Калі пакрыўдзіце мяне, я заяўлю на судзе, што вы маніце.
Скрозь шчыліну прыадчыненых дзвярэй, міма якіх яны праходзілі, камісар заўважыў маладую жанчыну, зусім голую, з махнатым ручніком у руках.
Павярнуўшыся да яе, гаспадыня сказала:
— Не бойся, Івета, гэта не з нораваў!
5. СЯРЖАНТАВА ЎДАВА
Велізарная шафа з люстрам займала амаль увесь пакой. Гэтай масіўнай мэблі з арэхавага дрэва было, напэўна, гадоў пяцьдзесят сама меней. Яе куплялі няйначай як на аўкцыёне.
На стале, накрытым цыратаю, стаяла клетка з канарэйкаю. Можа, падумаў камісар, Турэ купіў яе на набярэжнай Межысэры, калі наведваў старога бухгалтара?..
— Гэта ягоная канарэйка?
— Ягоная. Ён прынёс яе з год назад. Але яго падманулі: падсунулі замест самца самку, яна не спявае.
— А хто тут прыбіраў?
— Я здаю пакоі з мэбляю і бялізнаю, але прыбіральшчыцы няма. Некалі былі пакаёўкі, але з імі шмат клопату. Дый жывуць у мяне пераважна жанчыны...
— Пан Луі сам прыбіраў?
— Ён запраўляў ложак, выціраў пыл. Раз на тыдзень, дзеля яго, я мыла тут падлогу.
Камісар адчуваў, што для Турэ гэты пакой быў прытулкам душы. Усё, што ён прыносіў сюды, мела не простае пабытовае прызначэнне — яно падбіралася з асабістым, нават патаемным густам.
У шафе не было гарнітура, але затое ў ім стаялі тры пары жоўтых чаравікаў. На століку ляжаў трохі экстравагантны, як для Турэ, капялюш, амаль новы, відаць, набыты ім з пратэсту. І, мабыць, з таго ж пратэсту куплены былі стракаты халат і чырвоныя пантофлі.
— А пан Турэ не хадзіў на скачкі?
— Не думаю. Пра гэта ён мне нічога не казаў.
— А ён часта з вамі гаварыў?
— Часцей на хаду. Але іншы раз заходзіў у гасцёўню і мы гаманілі.
— Ён быў вясёлы чалавек?
— Жыццю ён радаваўся.
Усё ў пакоі было на сваім месцы, нідзе ні пылінкі. У адной шафе Мэгрэ знайшоў пачатую бутэльку партвейну і два келіхі. На вешалцы вісеў плашч: натуральна, не мог жа Турэ вяртацца ў Жувізі мокры, калі ўдзень ішоў дождж?
Было нямала кніг. Яны стаялі ў рад на куфры: танныя выданні, раманы плашча і шпагі, два-тры дэтэктывы. Відаць, дэтэктывы яму не спадабаліся і ён перастаў іх чытаць.
Крэсла стаяла ля акна. Побач маленькі столік. На ім — фатаграфія жанчыны гадоў сарака з цёмнымі валасамі ў чорным. Напэўна, гэта быў здымак тае жанчыны, пра якую казаў прадавец з ювелірнай крамы. На ім яна — такая ж мажная. Такіх кабет у пэўным асяроддзі лічаць прыгожымі.
— Гэта яна прыходзіла?
— Яна.
У шуфлядзе стала камісар знайшоў яшчэ некалькі здымкаў. На адным з іх Турэ быў у сваім «экстравагантным» капелюшы.
Ніякіх іншых асабістых рэчаў, апрача дзвюх пар шкарпэтак і некалькіх гальштукаў, у пакоі не было — ні кашуль, ні трусоў, ні папер, ні лістоў — нічога.
Мэгрэ прыставіў крэсла да шафы і, зусім як у дзяцінстве, калі шукаў схаваныя ад яго бацькамі рэчы, стаў на яго, каб зазірнуць на самы верх шафы. Там быў густы слой пылу, які, аднак, не паспеў яшчэ асесці на квадраце памерам прыблізна з канверт. Відаць, на гэтым месцы зусім нядаўна нешта ляжала. Але камісар нічога не сказаў гаспадыні, якая ўважліва назірала за ім.