Выбрать главу

— У яго быў ключ ад пакоя?

— Не. Калі ён выходзіў, то пакідаў ключ мне.

— Іншыя жыльцы таксама пакідаюць вам ключ?

— Не. Але пан Луі казаў, што ён усё губляе і няхай лепш ключ застаецца ў мяне. Мне гэта зусім не замінала: ён жа ніколі не вяртаўся ні ўвечары, ні ўначы.

Мэгрэ выняў з рамкі фатаграфію жанчыны і паклаў яе ў кішэню. Потым напаіў канарэйку, пахадзіў яшчэ трохі па пакоі.

— Я, можа, яшчэ прыйду да вас.

— Не стану прапаноўваць вам шкляначку, — сказала гаспадыня ўнізе. — Вы, напэўна, спяшаецеся?

— У вас ёсць тэлефон? Дайце мне, калі ласка, нумар. Можа, мне прыйдзецца пазваніць, каб што-небудзь запытаць.

— Басцілія 22-51.

— Ваша імя?

— Марыета. Марыета Жыбон.

— Дзякуй.

— Усё?

— Пакуль што ўсё.

Лапуэнт і Мэгрэ нырнулі ў машыну. Дождж усё ліў і ліў.

— Збочвай за рог і спыніся, — загадаў камісар шафёру і дадаў — Лапуэнту: — Зараз ты вернешся да гэтай кабеткі. Я забыў у пакоі люльку.

Мэгрэ ніколі і нідзе не забываў люлькі. Да таго ж, у яго іх заўсёды было з сабою дзве.

— Наўмысна?

— Вядома. Пасакачы з гэтай Марыетай колькі хвілін і вяртайся сюды, — паказаў Мэгрэ на невялікі бар і, выйшаўшы з машыны, рушыў да тэлефоннай будкі.

— Люка, гэта ты?.. Аддай адразу ж загад, каб праслухоўвалі нумар Басцілія 22-51.

Прытуліўшыся да стойкі бара, Мэгрэ паціху пацягваў кальвадос і разглядваў фатаграфію жанчыны. Яго зусім не здзівіла, што каханкаю Турэ была жанчына таго ж тыпу, што і ягоная жонка. Але які ў яе характар? Можа, і ён такі?..

— Вось ваша люлька, шэф.

— Яна не гаварыла па тэлефоне, калі ты зайшоў?

— Не заўважыў. З ёю былі дзве жанчыны.

— Можаш ісці абедаць. Убачымся ў аддзяленні.

Мэгрэ назваў шафёру адрас панны Леон. Па дарозе спыніліся ў кандытарскай, дзе ён купіў скрыначку шакаладных цукерак.

Выйшаўшы перад крамаю панны Леон з машыны, Мэгрэ схаваў цукеркі пад паліто, каб не прамоклі — дождж усё ліў ды ліў.

Камісар адчуваў сябе ніякавата ў сваім грубым, змоклым паліто сярод лёгкіх, прыгожых, пушыстых дзіцячых строяў.

— Вашай маці, — сказаў ён панне Леон, сарамліва выцягваючы з-пад паліто скрыначку з цукеркамі.

— О, вы падумалі пра яе! Можа, вы ёй самі аддадзіце?

Аднак Мэгрэ палічыў лепшым застацца ў крамным пакоі, куды хоць трохі трапляла паветра з вуліцы: мо толькі таму, што ён апынуўся тут з дажджу, але яму здалося, што сёння грубка ў памяшканні напалена яшчэ больш.

— Прабачце, я да вас на хвілінку. Я толькі хацеў бы паказаць вам гэтую фатаграфію.

Ледзь зірнуўшы на яе, панна Леон усклікнула:

— Ды гэта ж пані Машэр!

Гэта быў ужо нейкі поспех!

Значыцца, гэтую жанчыну ведалі ў асяроддзі Луі Турэ. Так Мэгрэ думаў раней, і цяпер гэта пацвердзілася. Такі чалавек, як Турэ, не стаў бы заводзіць знаёмства з выпадковай жанчынаю.

— Адкуль вы яе ведаеце?

— Яна працавала ў Капланаў. Нядоўга. Недзе з паўгода. А чаму вы паказалі яе фатаграфію?

— Гэта была сяброўка пана Луі.

— А!..

Мэгрэ разумеў, што жанчыне гэта цяжка пачуць, але інакш нельга.

— У той час, калі яны абое працавалі ў Капланаў, вы нічога паміж імі не заўважылі?

— Магу паклясціся, што нічога паміж імі тады не было... Яна працавала на ўпакоўцы — там было дзесяць ці нават пятнаццаць жанчын... Ведаю, што яна была замужам за паліцэйскім.

— Чаму яна звольнілася?

— Здаецца, ёй прышлося аперыравацца.

— Вялікі вам дзякуй. Прабачце, што зноў вас патурбаваў.

— Што вы, зусім вы мяне не патурбавалі. Скажыце толькі, калі ласка... Пан Луі, ён што, сапраўды меў нешта з гэтай жанчынай?

— Яна прыходзіла да яго ў пакой, які ён здымаў у Парыжы.

— Я ўпэўнена, што паміж імі нічога не было. Яны проста сябравалі.

— Магчыма.

— Калі засталася дакументацыя фірмы, я дапамагу вам знайсці адрас гэтай жанчыны. Але ж я не ведаю, што з ёю стала, з дакументацыяй.

— Раз яна была жонкаю паліцэйскага, адрас мы знойдзем. Вы сказалі, яе прозвішча Машэр?

— А імя, калі я не памыляюся, — Антуанэта.

— Дзякую, панна Леон. Да пабачэння.

— Да пабачэння.

Мэгрэ спінаю адчуваў, што жанчына разгублена глядзела яму ўслед.

— У муніцыпальную паліцыю, — загадаў камісар шафёру.

У муніцыпальнай паліцыі Мэгрэ адразу ж накіраваўся ў аддзел кадраў. Праз некалькі хвілін яму паведамілі, што паліцэйскі па прозвішчы Машэр сапраўды служыў тут сяржантам, але яго забілі два гады назад у вулічнай бойцы. Пражываў у той час на вуліцы Даменіль. Удава атрымлівае пенсію. Дзяцей няма.

Мэгрэ запісаў адрас. І, пазваніўшы ў аддзяленне, выклікаў да тэлефона Люка.