— Ну як, гаспадыня нікому не званіла?
— Не яшчэ.
— А ёй?
— Ёй — не. Званілі адной з жанчын, Вользе, наконт прымеркі сукенкі.
Мэгрэ вырашыў паабедаць пазней. Ён выпіў у бары шклянку аперытыву і зноў сеў у машыну.
— На вуліцу Даменіль.
Ехаць прыйшлося доўга. Будынак быў бедны, стары.
— Скажыце, калі ласка, дзе жыве пані Машэр? — спытаўся ён у кансьержкі.
— На пятым паверсе, налева.
Ліфт падымаўся рыўкамі — здавалася, зараз спыніцца між паверхамі.
Вельмі чысты дыванчык перад дзвярыма, зіхоткая медная ручка. Мэгрэ пазваніў. Недзе ў глыбіні кватэры пачуліся крокі.
— Хвілінку! — Жанчына, мабыць, надзявала сукенку. Напэўна, гаспадыня была не з такіх, што сустракаюць гасцей у халаце.
Адчыніўшы дзверы, яна моўчкі паглядзела на Мэгрэ.
— Камісар Мэгрэ.
— Праходзьце.
Было відаць, што прыход такога госця ўсхваляваў жанчыну.
Яна была такая, якой і ўяўляў яе сабе Мэгрэ: высокая, мажная, спакойная. Акуратна прычасаныя валасы, строгая сукенка, усе гузікі зашпіленыя.
Паркет ззяў.
— Я вам тут напэцкаю...
— Нічога страшнага.
Абсталюнак прыкладна такі ж, што і ў доме Турэ. Амаль такія ж забаўкі на палічках. Фатаграфія паліцэйскага, да рамкі прымацаваны медаль.
— Я прыйшоў пагаварыць з вамі пра пана Луі.
— Я гэтага чакала.
Яна не заплакала, хоць твар у яе быў маркотны.
— Сядайце, калі ласка.
— Дзякую. Вы былі блізкімі сябрамі, ці ж не так?
— Ён быў вельмі добры да мяне.
— І толькі?
— Магчыма, кахаў мяне. Ён жа ніколі не быў шчаслівы ў сям'і.
— Ваша знаёмства пачалося з таго часу, як вы працавалі ў Капланаў?
— Што вы?.. Тады быў яшчэ жывы мой муж.
— І Турэ нават не спрабаваў зблізіцца з вамі?
— Ён глядзеў на мяне гэтаксама ж, як і на любую іншую жанчыну з нашага аддзела.
— Значыцца, вы сустрэліся зноў пасля закрыцця фірмы?
— Так. Месяцаў праз восем-дзевяць пасля смерці мужа.
— Выпадкова?
— Выпадкова. Мне прыйшлося шукаць працу — вы ж разумееце, на пенсію ўдавы не пражывеш. Суседка пазнаёміла мяне з дырэктарам кінатэатра, і я ўладкавалася білецёркаю. Пры жыцці мужа я не працавала, хіба што кароткі час у Капланаў... Скажыце, газеты не будуць пісаць пра мяне?
— Не. Можаце не баяцца.
— Дырэктар такі строгі, я магу страціць месца... Дык вось, у кінатэатры мы з панам Луі і сустрэліся... Неяк на ранішнім сеансе. Ён прыйшоў на фільм «Вакол свету за восемдзесят дзён»... Я яго пазнала, калі паказвала, дзе сесці. Ён таксама пазнаў мяне. Ніякай асаблівай размовы тады паміж намі не было, але з тае пары ён стаў часта прыходзіць да нас і заўсёды на ранішнія сеансы. Аднаго разу прапанаваў мне схадзіць з ім у кавярню. Я згадзілася.
— Ён тады ўжо здымаў пакой на вуліцы Ангулем?
— Думаю, здымаў.
— Ён казаў, што нідзе не працуе?
— Не. Сказаў толькі, што ўдзень заўсёды вольны.
— І вы так і не даведаліся, чым ён займаўся?
— Не. Я ніколі б не стала ў яго пра гэта пытацца.
— А пра жонку ці дачку ён расказваў?
— Шмат.
— Што менавіта?
— Ведаеце, цяжка перадаць... Калі чалавек няшчасны ў сям'і, ён пра гэта часта загаворвае... Жонка яго праз сясцёр зневажала. У сясцёр мужы добра ўладкаваныя, бясплатны праезд усёй сям'і, пенсія... Яны ўсе папракалі Луі за тое, што ён не імкнецца знайсці што-небудзь лепшае за месца кладаўшчыка...
— Куды ж вы, прабачце, хадзілі ўдваіх?
— Амаль заўсёды ў адну і тую ж кавярню на вуліцы Сэнт-Антуан. Мы маглі гаварыць гадзінамі.
— Вы любіце пышкі?
— Адкуль вы ведаеце?
— Я ведаю, што пан Луі купляў іх вам на вуліцы Акацый.
— Гэта было пазней, калі...
— Калі вы сталі хадзіць да яго ў пакой?
— Тады. Ён хацеў, каб я бывала там. Ён называў гэты пакой сваім закуткам... Вельмі ганарыўся ім...
— Ён не казаў вам, чаму ён зняў гэты пакой?
— Яму хацелася мець свой кут, хоць бы на некалькі гадзін у дзень.
— Ён купляў вам каштоўнасці?
— Пярсцёнак, зусім нядаўна. — Жанчына паказала пярсцёнак на руцэ. — Ён быў такі добры, такі чулы! Яму была патрэбная падтрымка. Я ведаю, што вы думаеце пра мяне, але перш за ўсё я была яму сябрам, адзіным сябрам.
— А сюды ён прыходзіў?
— Ніколі. З-за кансьержкі і суседзяў. Мяне б тады ўвесь дом абгаворваў.
— Вы бачылі яго ў панядзелак?
— Мы прабылі разам прыкладна гадзіну.
— У які час?
— Адразу пасля абеду. Я якраз хадзіла па крамах.
— А як вы сустрэліся?
— Я назначыла яму спатканне.
— Па тэлефоне?
— Не. Я яму ніколі не званіла. Мы, калі развітваліся, заўсёды дамаўляліся аб наступнай сустрэчы.