— Не, яна ўсё яшчэ ў Парыжы. І здае мэбліраваныя пакоі на вуліцы Ангулем. Неафіцыйна. І, заўважце, у доме амаль што адны дзеўкі.
Інспектар зацікавіўся.
— Аднак я не думаю, што яны прымаюць у гэтых нумарах.
— Мы б ведалі, — запэўніў інспектар.
— Паназірайце, галубкі, за гэтым домам. Можа, суседзі што-небудзь падкажуць. Мае хлопцы могуць не пазнаць вашых добрых знаёмых.
— Зробім усё як след.
Прыйшоўшы ў свой кабінет, Мэгрэ не паспеў і сесці, як увайшоў Люка.
— Што новага?
— Па тэлефоне яна не званіла нікому. Але сёння ўранку да нас звярнулася адна старая, якая жыве са сваім пляменнікам на вуліцы Гэй-Люсака. Яна выходзіла з дому, а калі вярнулася, дык выявіла, што з буфета знікла каўбаса, якая дзве гадзіны назад была яшчэ на месцы. Тады яна ўзяла стары рэвальвер мужа, з якім той ваяваў яшчэ ў першую сусветную, і абшукала кватэру. І знайшла пад пляменнікавым ложкам хлебныя крошкі і насоўку. Чужую, не пляменніка!
— Чым гэты пляменнік займаецца?
— Студэнт. Працуе рассыльным у кнігарні на бульвары Сэн-Мішэль.
— Цікава... Дык, значыцца, цётка выклікала паліцыю?
— Яна патэлефанавала нам, і я адразу паслаў Леруа ў кнігарню распытаць гэтага хлопца. Ён затросся, а потым дык нават заплакаў.
— Жарыс — ягоны сябра?
— Так. Жарыс папрасіў у яго прытулку.
— З якой прычыны?
— Ён нібыта пасварыўся з бацькамі, а бацька ў яго такі жорсткі, што нават забіць можа.
— І колькі гэта ён пражыў пад ложкам?
— Адзін дзень і адну ноч. Першую ноч ён сноўдаўся па горадзе. Прынамсі, так ён расказваў сябру. Я папярэдзіў усе пасты. Відаць, зноў бадзяецца.
— Грошы ў яго ёсць?
— Гэты хлопец не ведае.
— Вакзальныя пасты напагатове?
— Вядома.
Цікава, падумаў Мэгрэ, а што цяпер адбываецца ў Жувізі? Удава з дачкою і з сёстрамі са шваграмі, напэўна, паабедалі і разважаюць цяпер наконт будучыні пані Турэ і Монікі...
Швагры, глытнуўшы па кілішку, сядзяць цяпер, мабыць, у фатэлях і паляць цыгары. І ўдаве, бадай, чарачку паднеслі — каб узняць тонус.
Ці згадваюць яны нябожчыка? Наўрад ці. Абмяркоўваюць, хутчэй за ўсё, пахаванне. Адзначылі ж, мусіць, што, нягледзячы на залеву, народу сабралася багата?.. Ці ўцямілі хоць, што гэта перш за ўсё пашана да нябожчыка, якога самі яны так зневажалі?..
Камісару хацелася б апынуцца цяпер там, асабліва ж — убачыць Моніку і шчыра пагутарыць з ёю сам-насам. Але дзе ж там пагутарыш сам-насам ды шчыра!..
І выклікаць яе афіцыйна ў паліцыю няварта было яшчэ.
Падумаўшы, Мэгрэ набраў нумар службовага тэлефона Монікі Турэ.
— Скажыце, калі ласка, панна Турэ сёння на працы?
— Яна пайшла па сямейных справах, але заўтра... Выбачайце, а хто гэта?
Мэгрэ павесіў слухаўку.
— Сантоні тут?
— Не бачыў з самае раніцы.
— Пакінь яму цыдулку, каб заўтра ўранку забраў панну Турэ з працы, як толькі яна прыйдзе ў сваю кантору, і прывёў да мяне. І каб зрабіў гэта далікатна!
— Прывёў сюды?
— Але, да мяне ў бюро.
— Што яшчэ?
— Больш нічога! Дайце папрацаваць.
Сыты ён ужо сёння па горла і Луі Турэ, і ягонай сям'ёю, і ягонай жанчынаю! Каб не пачуццё службовага абавязку, ён кінуў бы зараз жа ўсе свае справы і пайшоў бы ў кіно.
Ён працаваў да сямі гадзін з такім імпэтам, быццам ад ягонай працы залежаў лёс свету. Ён закончыў і давёў да ладу афармленне раней пачатых спраў, тых, што тыднямі, а некаторыя і месяцамі чакалі сваёй чаргі, і нават тых, што практычна не мелі ніякае важнасці.
Нарэшце ён пайшоў з бюро з пачырванелымі ад доўгага і напружанага чытання-пісання вачыма.
І тут яму здалося, нібыта нешта вакол яго перамянілася. Спачатку ён не мог зразумець, што менавіта. Нарэшце працягнуў руку — і зразумеў: перастаў ісці дождж.
Камісар адчуў, што яму ўжо яго не хапае.
6. ЖАБРАКІ
Моніка Турэ сядзела ў «клетцы» — так Мэгрэ называў прыёмную. Камісар даваў ёй «настояцца» — многія ў гэтай чакальні гублялі ўпэўненасць.
— Што яна там робіць? — спытаўся Мэгрэ ў Сантоні.
— Нічога.
— Як у яе настрой?
— Маўчыць. Змрочная.
Ідучы на ранішні рапарт, Мэгрэ мімаходзь зірнуў на дзяўчыну. Праз паўгадзіны, калі ён вяртаўся ў кабінет, яна сядзела ў той самай паставе.
З зашклёнай чакальні было добра відаць калідор аддзялення. Сноўдалі туды-назад інспектары з пульхнымі папкамі. Правялі арыштаванага ў кайданках, потым — нейкую заплаканую жанчыну. Аднак на дзяўчыну, здавалася, нішто не дзейнічала. Яна захоўвала поўны спакой, хоць за гэты час у кабінет да Мэгрэ выклікалі ўжо ўсіх наведнікаў.