Выбрать главу

Праслухоўванне тэлефона Марыеты Жыбон нічога не дало: аніводнага званка. Можа, яна што-небудзь западозрыла?

Назіраючы за домам, інспектар з аддзела нораваў таксама нічога не заўважыў.

— А Жарыса ўчора ў шэсць гадзін вечара бачыў на рагу плошчы Клішы і вуліцы Баціньёль адзін паліцэйскі. Жарыс выходзіў з бістро. Схапіць яго паліцэйскі не паспеў, Жарыс знік у натоўпе. Больш яго ў гэтым квартале не бачылі, колькі ні пільнавалі.

Як сказаў уладальнік бістро, гэты кліент нікому не тэлефанаваў, але з'еў пяць яек укрутую з булачкамі і выпіў тры кубкі кавы. Даўно, напэўна, нябога не еў як след.

Затым камісара запрасіў да сябе суддзя Камельё.

— Нічога новага? — спытаўся ён.

— Спадзяюся накрыць забойцу ў бліжэйшыя дні.

— Забойства з мэтаю абрабавання?

— Думаю, што так.

Нарэшце Мэгрэ атрымаў ліст з фірмы, дзе быў зроблены нож, якім забілі Турэ. Фірма паведамляла: па нумары на дзяржанні ўдалося высветліць, што нож — з вялікай партыі тавару, прададзенай аптавіку ў Марселі.

Выходзіць, марна пяць інспектараў ажно тры дні апытвалі ледзь не ўсіх парыжскіх гандляроў нажамі. Жанв'е мала не закалаціла.

— Нічога, — супакоіў яго камісар, — звяжыся з Марселем, няхай пашукаюць. Потым захапі Моэрса з лабараторыі і схадзі з ім на вуліцу Ангулем. Няхай Моэрс здыме ўсе адбіткі пальцаў, якія толькі знойдзе ў пакоі Турэ. Асабліва ўважліва трэба агледзець верх шафы.

А Моніка ўсё чакала. Час ад часу Мэгрэ пасылаў каго-небудзь зірнуць на яе. Дзяўчына па-ранейшаму сядзела моўчкі, нічога не рабіла і заставалася зусім спакойная. Камісар дзівіўся: пасядзеўшы гадзіну ў «клетцы», мала хто не пачынаў нервавацца.

Нарэшце, калі прайшло паўтары гадзіны, Мэгрэ загадаў запрасіць яе. Ён сустрэў дзяўчыну стоячы і папрасіў прабачэння.

— Мне хацелася б пагаварыць з вамі грунтоўна, і я быў вымушаны вырашыць спешныя справы. Сядайце, калі ласка.

Дзяўчына села, паправіла прычоску, акуратна паклала сумку на калені.

Мэгрэ сеў за стол, узяў у рот люльку, але перш чым чыркнуць запалкаю, запытаўся:

— Дазволіце?

— Дыму я не баюся, бацька паліў і дзядзькі таксама.

Мінулы раз яна была ўзнерваваная, устрывожаная.

— Панна Моніка, вы вельмі любіце сваю маці?

Мэгрэ збіраўся пачаць допыт «з музыкай»: паступова і непрыкметна завесці дзяўчыну ў тупік, каб змусіць сказаць праўду. Аднак першы ж яе адказ збянтэжыў камісара.

— Не, — сказала яна зусім спакойна.

— Вы хочаце сказаць, што не ладзіце з ёю?

— Я яе ненавіджу.

— А чаму, вы можаце сказаць?

Яна паціснула плячыма.

— Вы ж былі ў нас дома. Бачылі яе.

— Дакладней можна?

— Яна думае толькі пра сябе, пра сваё становішча ў грамадстве, пра сваю старасць. Злуецца, што выйшла замуж не так удала, як сёстры, і што ёй прыходзіцца рабіць выгляд, што яна жыве не горш.

— А бацьку вы любілі?

Яна маўчала, і Мэгрэ перапытаў.

— Я думаю, — адказала яна, — не вельмі прыемна гаварыць пра гэта цяпер.

— І яго вы не надта любілі?

— Яго можна было толькі пашкадаваць.

— Што вы маеце на ўвазе?

— Ён нічога не рабіў, каб палепшыць сваё становішча.

— У чым палепшыць?

— Ва ўсім. — І тут яна загаварыла з імпэтам: — Я вось дык толькі і думаю пра тое, каб палепшыць нашае так званае жыццё. Мне яно абрыдла. У мяне адна мэта — з'ехаць.

— Выйсці замуж?

— Выйсці не выйсці, але з'ехаць.

— І вы гэта збіраліся зрабіць у бліжэйшым часе?

— На днях.

— А з бацькамі вы раіліся?

— А навошта?

— Значыцца, вы з'ехалі б, не сказаўшы ні слова?

— А чаму не? Што б гэта ў іхнім жыцці змяніла?

Мэгрэ было ўсё цікавей слухаць дзяўчыну. Ён нават забыўся на сваю люльку, і яму прыйшлося запальваць яе два разы.

— Скажыце, а калі вы даведаліся, што бацька не працуе болей у Капланаў? — спытаўся ён раптам.

Мэгрэ чакаў, што дзяўчына расхвалюецца, але тая, відаць, падрыхтавалася да падобных пытанняў. Інакш растлумачыць яе поўны спакой ніяк было нельга.

— Гады тры назад. Не памятаю дакладна. У студзені ці лютым.

Фірму, згадаў Мэгрэ, закрылі ў кастрычніку.

— А як вы даведаліся?

— Выпадкова. Неяк пад вечар я разносіла квіткі...

— Вы ўжо тады працавалі на вуліцы Рывалі?

— Я пайшла працаваць туды ў васемнаццаць. Дык вось, мне трэба было якраз у той самы дом, у двары якога была бацькава кантора. Было ўжо цёмна, а святло ў ёй не гарэла. Я спыталася ў кансьержкі, у чым прычына, і тая сказала, што фірма Капланаў закрылася.

— І, вярнуўшыся дамоў, вы нічога не сказалі маці?