— Нічога.
— Чаму?
— Не хацела яго выдаваць. Ён пазбягаў сцэн. А тут пачаліся б такія разборы...
— Ён баяўся маці?
— Хутчэй, хацеў, каб яна не чапала яго.
У голасе дзяўчыны чулася пагарда.
— А ў бацькі вы спыталіся, дзе ён цяпер робіць?
— Не.
— Дык вы высачылі яго?
— Высачыла. Назаўтра паехала ў Парыж раней за яго, сказала, што ў мяне тэрміновая праца, а на вакзале дачакалася ягонага цягніка. І пайшла ўслед за ім.
— Што ж ён рабіў у той дзень?
— Хадзіў па розных установах. Папалуднаваў булкаю. Потым спыніўся каля дошкі аб'яў. І я ўсё зразумела: ён шукаў працу.
— Але ж ён кожны месяц, як і раней, прыносіў у дом зарплату?
— І мяне гэта вельмі дзівіла. Я ўсё чакала, калі ён нарэшце прыйдзе дамоў без грошай. А ён замест гэтага неяк нават аб'явіў маці, што запатрабаваў у Каплана надбаўкі і той яе даў!
— Калі гэта было?
— Прыкладна праз паўгода. У жніўні.
— І вы вырашылі, што бацька знайшоў працу?
— Але мне ўсё-такі хацелася праверыць, і я зноў дзень сачыла за ім. А ён і не думаў ісці ні на якую працу: гуляў па скверы, сядзеў на лаўцы. Я вырашыла, што ў яго выхадны. Праз тыдзень я зноў прасачыла за ім. Тады ён і заўважыў мяне — на Вялікіх бульварах, калі сядзеў на лаўцы. Ён збляднеў, але, доўга не думаючы, сам падышоў да мяне.
— Ён зразумеў, што вы сачылі за ім?
— Не думаю. Напэўна, вырашыў, што гэта выпадковасць. Была спякота, і ён запрасіў мяне выпіць кавы з марожаным на тэрасе.
— Што ён вам сказаў?
— Што фірмы Капланаў больш няма, што ён застаўся без працы, але не кажа нічога маці, каб не турбаваць яе, бо ўпэўнены, што хутка знойдзе новую працу.
— Ён тады ўжо быў у жоўтых чаравіках?
— Не, я ўбачыла іх на ім пазней, калі ён сказаў мне, што знайшоў працу. Ён дадаў тады яшчэ, што ўсё было цяжэй, чым ён думаў, але цяпер усё выдатна, ён займаецца страхаваннем і ў яго багата вольнага часу.
— А чаму ён не сказаў пра гэта маці?
— Яна пагарджае людзьмі, якія, каб зарабіць сабе на жыццё, ходзяць па кватэрах і нешта там прапануюць. Для яе гэта ўсё бадзягі, жабракі. Калі б ён сказаў ёй такое, яна б яго са свету зжыла. І ўсё праз сясцёр...
— Ваша маці, гляджу, дужа да іх прыслухоўваецца.
— Яна ні ў чым не хоча здацца горшай за іх.
— А вы яму паверылі?
— Спачатку.
— А потым?
— А потым засумнявалася.
— Чаму?
— Надта ўжо добра ён зарабляў.
— Надта?
— Не ведаю, што для вас — «надта». Праз некалькі месяцаў ён сказаў маці, што яму зноў павялічылі зарплату, бо прызначылі памочнікам дырэктара. Маці пачала спрачацца: яна хацела, каб ён не пісаўся больш у пашпарце кладаўшчыком — яна гэтага заўсёды саромелася. Яна адчувала прыніжанасць праз тое, што ейны муж — кладаўшчык! А ён адказаў, што не варта мітусіцца з-за такой драбніцы, былі б адно грошы.
— У гэты момант вы з бацькам, мабыць, пераглянуліся?
— Ён заўсёды, калі быў упэўнены, што маці не бачыць, пераглядваўся са мною. З таго часу ён пачаў падкладваць мне ў сумку грошы. Уранку, калі-нікалі.
— Каб заплаціць за вашае маўчанне?
— Не, чаму? Проста яму падабалася дапамагаць мне.
— Вы казалі, час ад часу ён запрашаў вас абедаць.
— Запрашаў. Шэптам прызначаў спатканне і частаваў у рэстарацыі сама дарагімі стравамі. Ён мяне і ў кіно запрашаў.
— І ўвесь гэты час вы сустракалі яго ў Парыжы ў жоўтых чаравіках?
— Заўсёды. Я спыталася ў яго, дзе ён пераабуваецца, і ён сказаў, што здымае для сваіх спраў пакой у Парыжы.
— Ён вам даў адрас?
— Не адразу. Прайшло яшчэ багата часу.
— У вас ужо быў які-небудзь сябра?
— Не.
— А калі вы пазнаёміліся з Альбэрам Жарысам?
Яна не запнулася, не пачырванела. Відаць, яна і да гэтага пытання падрыхтавалася.
— Месяцаў пяць назад.
— Вы яго, прабачце, кахаеце?
— Мы павінны разам з'ехаць.
— Каб ажаніцца?
— Тады, калі можна будзе. Пакуль яму яшчэ толькі дзевятнаццаць і ён не можа ажаніцца без згоды бацькоў.
— А бацькі яе не даюць?
— І не дадуць.
— Чаму?
— Дык у яго ж яшчэ нічога няма: ні працы нармальнай, ні адукацыі. Бацькі ж толькі пра гэта і думаюць. Як мая маці.
— І куды ж вы збіраецеся ехаць?
— У Паўднёвую Амерыку. Я ўжо падала заяву на візу.
— У вас ёсць грошы?
— Трохі. Маці пакідае мне частку майго заробку.
— Калі вы першы раз папрасілі грошай у бацькі?
На нейкі момант яна пільна ўгледзелася ў Мэгрэ, потым уздыхнула.
— Дык вы і гэта ведаеце?
Але адразу ж перастала вагацца.
— Я так і думала, што ведаеце. Таму і кажу праўду. Я не думаю, што вы сподлічаеце і перакажаце ўсё маці. Хіба толькі калі вы такі ж, як і яна.