Выбрать главу

— Напэўна, ён казаў праўду.

— Але маці не паверыла.

— Выходзіць, ваш бацька не мог вярнуцца дамоў маючы ў кішэні грошай больш, чым магло быць, калі ён працаваў у Капланаў?

— Грошы ён хаваў у сваім пакоі на вуліцы Ангулем.

— На версе шафы?

— А вы адкуль гэта ведаеце?

— А вы?

— Аднаго разу, калі я прыйшла да яго папрасіць грошай, ён залез на крэсла і дастаў з шафы жоўты канверт. У ім былі тысячафранкавыя білеты.

— І шмат?

— Вялікі пачак.

— Альбэр пра гэта ведаў?

— Ведаў. Але я ўпэўнена, што не ён забіў бацьку. Ды ён бы нажом і ўдарыць не мог.

— Адкуль такая ўпэўненасць?

— Неяк ён парэзаў сабе сцізорыкам палец, дык ледзь не самлеў, як кроў убачыў.

— Вы, прабачце, жывяце з ім?

Яна паціснула плячыма.

— Няўжо вы думаеце, што ў наш час...

— Дзе вы сустракаецеся?

— А дзе прыйдзецца. У Парыжы хапае месцаў для гэтага. Вы, можа, скажаце, што паліцыя пра гэта нічога не ведае?

— Ну што ж. Падсумуем гутарку. Па-першае, зусім відавочна, што вы шантажыравалі бацьку. Згодны?

Яна змаўчала.

— Па-другое, колькі за ім ні сачылі, так і не ўведалі, як жа ён зарабляе грошы.

— А мы і не надта стараліся ўведаць.

— Разумею. Вас цікавіў вынік.

Моніка неяк спачувальна ўсміхнулася. Яна, канечне, лічыла Мэгрэ прасцяком.

— Цяпер вы ведаеце ўсё, — сказала яна, збіраючыся ўстаць. — Заўважце, я не разыгрывала з сябе святую. А што вы думаеце пра мяне, дык мне гэта ўсё роўна.

Але нешта ўсё-такі ўтрымлівала яе.

— Вы нічога не раскажаце маці?

— Вам жа ўсё роўна, вы ж вырашылі з'ехаць.

— Па-першае, я ж не заўтра паеду, па-другое, я б не хацела сцэн.

— Разумею.

— Альбэр — непаўналетні, і бацькі могуць...

— Я хацеў бы пагаварыць з ім.

— Калі б гэта залежала ад мяне, то ён прыйшоў бы сюды сёння ж. Але ён дурань. Сядзіць цяпер у якой-небудзь бярлозе і калоціцца.

— Нешта вы не дужа захоплена пра яго гаворыце.

— А я нічым асабліва не захапляюся. Вы папярэдзілі маё начальства, што выклікалі мяне?

— Я патэлефанаваў да вас і сказаў, што трэба выканаць розныя фармальнасці.

— Калі яны мяне чакаюць?

— Я часу не ўдакладняў.

— Мне можна ісці?

— Я вас не затрымліваю.

— Але загадаеце якому-небудзь інспектару, каб ён пайшоў следам за мною?

Мэгрэ ледзь не засмяяўся, аднак сказаў сур'ёзна:

— Магчыма.

— Марная праца.

— Дзякую за папярэджанне.

Але, калі яна выйшла, Мэгрэ сапраўды аддаў Жанв'е на ўсякі выпадак загад прасачыць за ёю.

Неўзабаве Мэгрэ ўспомніў, што забыўся задаць Моніцы адно важнае пытанне: хто, ён ці яна, захоўваў у сябе грошы на параход у Амерыку? Калі Альбэр, дык у яго цяпер ёсць грошы і, адпаведна, больш магчымасцей знікнуць. Калі грошы ў Монікі, тады яму, можа, і паесці няма на што.

Мэгрэ пачакаў яшчэ нейкі час, потым патэлефанаваў Моніцы на працу:

— Я хацеў бы пагаварыць з паннай Монікай Турэ.

— Хвілінку. Яна толькі што вярнулася.

— Алё! — адгукнулася Моніка.

— Не радуйцеся. Гэта не Альбэр. Камісар Мэгрэ. Я забыўся задаць вам адно пытанне. Грошы ў вас ці ў яго?

Яна зразумела адразу.

— У мяне.

— Дзе?

— Тут. Адна шуфляда ў маім стале замыкаецца на ключ.

— У Альбэра ёсць з сабою грошы?

— Наўрад ці багата.

— Дзякую.

Не паспеў камісар пакласці слухаўку, як яму патэлефанаваў Лапуэнт.

— Ты з вуліцы Ангулем? — здзівіўся Мэгрэ.

— Не з дому, а з бістро на рагу.

— Ну што там?

— Уяўляеце, шэф, у пакоі Турэ дужа дбайна прыбралі: падлогу і ўсю мэблю так нацёрлі, што ажно зіхацяць, пыл усюды выцерты.

— А верх шафы?

— Таксама. Я так і чытаў у гаспадыніных вачах: «Што, з'елі?» Яна сказала, што ўчора прыходзіла прыбіральшчыца, а вы не аддалі ніякіх загадаў, так што яна вырашыла падрыхтаваць пакой да засялення новага жыльца.

Гэта быў добры шчаўчок па носе. Трэба было раней пра гэта падумаць.

— А дзе Моэрс?

— Ён яшчэ там. Шукае сляды, але нічога не можа знайсці. Прыбіральшчыца добра папрацавала. Мне вяртацца ў аддзяленне?

— Чакай. Высветлі імя і адрас прыбіральшчыцы і распытай яе, якія і ад каго яна атрымала ўказанні і хто быў у пакоі, калі яна прыбірала.

— Будзе зроблена.

— Моэрс можа вяртацца. А, яшчэ: хто дзяжурыць з нораваў?

— Дзюмансэль.

— Няхай папросіць, каб узмацнілі пост і прасачылі за тымі, хто выходзіць з дому.

— Яны не надта збіраюцца выходзіць. Адна гуляе ўвесь час голая па лесвіцы, а другая ўсё ніяк не намыецца: у ванну — з ванны, у ванну — з ванны... Ну а трэцяй ужо некалькі дзён як няма.