— Ну, зрабі што трэба і вяртайся.
Мэгрэ выйшаў да свайго начальніка, але па дарозе яго перанялі і вярнулі назад: Нэвэ прывёў нейкага чалавека і хоча неадкладна паказаць яго.
Нэвэ стаяў у прыёмнай. Ён быў вельмі ўзбуджаны. Побач з ім сядзеў на крэсле нейкі надзіва цікавы тып: маленькі, кволы, няпэўнага ўзросту, смешны. Мэгрэ адразу ж падумаў, што ён яго некалі бачыў і нават ведаў.
Камісар прапанаваў Нэвэ:
— Можа, ты спачатку мне ў кабінеце што-небудзь растлумачыш?
— Не мае сэнсу. Да таго ж яго і на момант аднаго пакінуць нельга: уцячэ.
Толькі цяпер Мэгрэ заўважыў, што на руках у чалавека кайданкі.
Камісар адчыніў дзверы кабінета і ўпусціў арыштаванага. Той трохі накульгваў. Ад яго несла спіртным. Нэвэ зачыніў кабінет на ключ і толькі тады зняў з чалавека кайданкі.
— Не пазнаяце, начальнік?
Рот у затрыманага расцягваўся ледзь не да вушэй. Гледзячы на яго, так і хацелася засмяяцца.
Сумненняў не было; чалавек гэты не быў яму незнаёмы. І тут мільганула: ды ён жа на клоўна падобны! А нехта казаў яму нядаўна пра чалавека, падобнага на клоўна, якога... Гэта ж пані Машэр бачыла яго з Турэ на лаўцы!
— Сядай.
Чалавек адказаў як заўсёднік паліцэйскіх аддзяленняў:
— Дзякую, начальнік.
7. КЛОЎН
Інспектар Нэвэ быў настолькі ўзбуджаны сваім поспехам, што прадстаўляў арыштаванага так, нібыта аб'яўляў нумар у цырку:
— Джэф Шрамэк уласнай персонаю, або Клоўн Фрэд, ці Акрабат, нарадзіўся ў Рыксвіры, у вярхоўі Рэйна, шэсцьдзесят тры гады назад.
— Згадваеце, начальнік?
Нават арыштаваны, ён не пераставаў крыўляцца. У яго быццам патрэба такая была: выклікаць сваім выглядам і гаворкаю смех.
Мэгрэ пазваніў па ўнутраным тэлефоне:
— Прынясіце мне, калі ласка, дасье Джэфа Шрамэка.
Камісар успомніў: гадоў пятнаццаць назад гэты смешны чалавечак прагрымеў на ўсю краіну.
Гэта здарылася на пачатку вясны, у канцы дня. На Вялікіх бульварах было людна, так што гледачоў тады ў гэтага клоўна-аматара хапіла.
Нехта заўважыў, што ў акне высокага дома насупраць перамяшчалася святло ліхтарыка. Паднялі трывогу, прымчалася паліцыя, людзі, як заўсёды, збіліся ў натоўп, хоць большасць, вядома, нават і не пачула яшчэ, што ж тут такое здарылася. А чакала іх між тым неверагоднае двухгадзіннае прадстаўленне з камічнымі і драматычнымі нумарамі ўперамешку. Сабралася столькі людзей, што паліцыя вымушана была паставіць загароды.
Калі злодзей зразумеў, што яго ловяць, ён адчыніў акно — і папоўз уверх па фасадзе, трымаючыся за вадасцёкавую трубу! Яму ўдалося дабрацца да карніза наступнага паверха. Але там у акне з'явіўся паліцэйскі, і злодзей папоўз вышэй. Жанчыны ўнізе крычалі ад жаху.
Гэта была адна з сама фантастычных пагонь у гісторыі французскай паліцыі. Злодзей пацяшаў публіку больш за любога цыркача. Паліцэйскія бегалі ўсярэдзіне будынка і, падымаючыся з паверха на паверх, адчынялі вокны, а ўцякач узбіраўся ўсё вышэй і вышэй.
Нарэшце яму ўдалося дасягнуць даху, такога стромкага, што паліцэйскія адмовіліся штурмаваць яго. А ён, не ведаючы ніякага страху, пераскокваў з даху на дах, пакуль не дабраўся такім чынам да вуліцы Дзідро, дзе і знік раптам у акенцы на гары.
Хвілін праз пятнаццаць яго ўбачылі на іншым даху. «Вунь ён!» — крычалі людзі ўнізе, паказваючы рукою.
Ніхто не ведаў, ці ёсць у яго зброя і што ён зрабіў, але па натоўпе пайшла пагалоска, што ён забіў некалькі чалавек.
А ўжо калі прыехалі пажарныя, расставілі свае высачэзныя лесвіцы і накіравалі на дахі святло фар, натоўп завішчаў.
Нарэшце злодзея ўдалося схапіць на даху дома недзе на вуліцы Гранж-Батэльер. Потым газеты пісалі, што ў гэты момант у яго нават дыханне было роўнае! Ён смяяўся з няўклюдных паліцэйскіх. І калі яго ўпіхвалі ў «варанок», вывернуўся, як вуж, і знік у натоўпе.
Газеты яшчэ тыдзень смакавалі ўсялякія акалічнасці пагоні за «Акрабатам» — гэтак празвалі Шрамэка. Нарэшце яго ўзялі, але зусім выпадкова, на скачках.
Яшчэ падлеткам Шрамэк пачаў выступаць у цырку, які ездзіў па Эльзасе і Германіі. Потым ён асеў у Парыжы і выступаў на кірмашах, за вылікам таго часу, які бавіў у турмах за крадзяжы.
— Вырашыў на старасці гадоў прыладзіцца ў маім квартале, — сказаў Нэвэ.
— Я ўжо даўно ніякімі глупствамі не займаюся, — запэўніў камісара Шрамэк.
Нэвэ расказаў, як і чаму затрымаў ён Шрамэка.