— Зайшоў я ў бар на вуліцы Бландэль, гэта за два крокі ад нашага бульвара. Там збіраюцца аматары конных скачак. Называецца ён «У Фернана». Гэтага Фернана я добра ведаю, ён былы жакей. Я паказаў яму фотакартку Турэ, і ён яго пазнаў. Сказаў, што Турэ прыходзіў да яго разы са тры з адным з ягоных кліентаў, Клоўнам Фрэдам. Я здзівіўся, бо думаў, што Акрабат даўно ўжо памёр ці сядзіць у турме, а ён, выяўляецца, прыходзіць да гэтага Фернана кожны вечар выпіць кілішак і паставіць на якога-небудзь каня. Але вось ужо некалькі дзён не заходзіў. З панядзелка. Ці быў ён тады адзін, ці з Турэ, Фернан не памятае. Тут я і вырашыў узяць яго за шкірку. Фернан назваў мне імя жанчыны, з якою Фрэд жыве ўжо некалькі гадоў. Былая прадаўшчыца зеляніны Франсуаза Біду. Але толькі сёння я атрымаў яе адрас: набярэжная Вальмі, насупраць канала. Галубок схаваўся ў спальні — ён не пакідаў яе з самага панядзелка. Я адразу ж надзеў на яго кайданкі і прывёў сюды.
— Я ўжо не такі спрытны, як раней, — жартаўліва пракаменціраваў Шрамэк.
Мэгрэ ўзіраўся ў затрыманага.
З гадамі Шрамэк, відаць, пачаў далучацца да тае пароды людзей, якія могуць дзень пры дні сядзець на лаўках, нічога не робячы. І вось цяпер нібыта пашарэў, што тыя пліты ходнікаў, якія так часта і падоўгу свідраваў сваім абыякавым позіркам нікому не патрэбнага чалавека.
Не спяшаючыся, папыхваючы люлькаю, Мэгрэ пачаў праглядваць пульхную жоўтую папку — гісторыю ўзаемадачыненняў Шрамэка і правасуддзя.
Настаў сама зручны час для допытаў: ад дванаццаці да дзвюх. Усе пайшлі на абед, ніхто не бегае па калідорах, сціхлі тэлефоны.
— Схадзі паабедай, — сказаў камісар інспектару. — Ты, напэўна, галодны, а можаш мне яшчэ сёння спатрэбіцца.
Нэвэ выйшаў без асаблівага жадання: ведама ж, яму б хацелася пабыць на допыце.
Затрыманы праводзіў яго ўхмылкаю.
Мэгрэ запаліў новую люльку, паклаў руку на дасье і, гледзячы Шрамэку ў вочы, ціха сказаў:
— А зараз пагаворым!
Аднак перш чым пачаць допыт, Мэгрэ замкнуў дзверы на ключ, паглядзеў на акно.
— Не турбуйцеся, — зноў ухмыльнуўся Шрамэк. — Я ўжо па карнізах не хадок.
— Думаю, ты здагадаўся, чаму цябе забралі?
— А што тут здагадвацца? Заўсёды забіраюць адных і тых самых. Даўнавата я ў вас не быў. Трэба асвяжыць успаміны.
— Твайго дружка Луі забілі. Толькі не прыкідвайся, што нічога не ведаеш. Ты выдатна разумееш, што мы маем усе падставы абвінаваціць цябе.
— Будзе яшчэ адна судовая памылка.
Мэгрэ зняў слухаўку.
— Злучыце мяне з барам «У Фернана» на вуліцы Бландэль... Пан Фернан?.. Гаворыць камісар Мэгрэ. Я хацеў бы навесці даведкі адносна вашага кліента Джэфа Шрамэка... Так, Акрабата... Рабіў буйныя стаўкі?.. Што?.. Разумею... А апошнім часам?.. У суботу?.. Дзякую... Не. Пакуль дастаткова.
Мэгрэ выглядаў задаволеным, а вось Шрамэк устрывожыўся.
— Хочаш, паўтару табе, што ён сказаў?
— Мала што кажуць!
— Усё сваё жыццё ты гуляеш на скачках і прайграеш.
— Калі б урад забараніў скачкі, гэтага б не здаралася.
— Вось ужо шмат гадоў, як ты купляеш у Фернана квіткі на стаўкі.
— Фернан — афіцыйны букмекер.
— Але, каб рабіць стаўкі, трэба мець грошы. І вось што цяпер высвятляецца: яшчэ два з паловаю гады назад твае стаўкі былі маленькія, ты прайграваў, і Фернан паіў цябе ў крэдыт.
— Ён не павінен быў гэтага рабіць. Ён мяне заахвочваў, і я прыходзіў зноў.
— Але вось ужо два з паловаю гады ты ставіш буйныя сумы. Зноў прайграеш, а праз некалькі дзён зноў на кані!
— І што гэта даказвае?
— У мінулую суботу ты зноў паставіў буйную суму.
— А што вы скажаце пра багацеяў, якія ставяць мільён на аднаго каня?
— Адкуль у цябе грошы?
— У мяне жонка працуе.
— Кім?
— Прыбіральшчыцай.
— Смяешся з мяне?
— Пан Мэгрэ, я б сабе такога ніколі ў жыцці не дазволіў!
— Хочаш пацягнуць час?
— Самі разумееце, мне спяшаць няма куды.
— А я табе ўсё-такі скажу: дрэнныя твае справы. Некалькі чалавек бачылі цябе з панам Луі, справай якога мы цяпер займаемся.
— Добры быў чалавек.
— Можа быць. Але яшчэ два з паловаю гады назад, два з паловаю, Джэф, ён не меў працы і клаў зубы на паліцу.
— Ведаю я гэтую паліцу! — уздыхнуў Джэф. — Сам на яе зубы клаў — не раз.
— Ты, напэўна, жыў за кошт Франсуазы, а Турэ пазычаў у сяброў.
— Яшчэ адзін доказ таго, што свет не без добрых людзей.
Мэгрэ не надта зважаў на блазенства Шрамэка, а расстаўляў спакваля свае непрыкметныя на пачатку пасткі.
— І вось аднаго дня вы раптам разбагацелі. Расследаванне дакладна ўстановіць гэтую дату.