Выбрать главу

— У мяне на даты дрэнная памяць.

— І вось з таго часу ты то робіш буйныя стаўкі, то п'еш у крэдыт. Вы, зразумее і дурань, добра засвоілі спосаб здабычы грошай, але не пастаянны. Мы зоймемся гэтым пытаннем пазней.

— Шкада. Я б хацеў адразу ж уведаць, што гэта за спосаб.

— Хутка ты перастанеш смяяцца. Паўтараю, у суботу ў цябе былі вялікія грошы, але ты спусціў іх за некалькі гадзін. А ў панядзелак у тупіку на бульвары Сэн-Мартэн забілі твайго падзельніка.

— Для мяне гэта вялікая страта.

— Ты ведаеш, што такое суд прысяжных?

— Да яго я яшчэ не даходзіў.

— Дык вось, прысяжныя — людзі, з якімі няварта жартаваць, асабліва такому чалавеку, як ты, з такой судовай анкетаю. Ты маеш усе шанцы, што яны прызнаюць цябе адзіным чалавекам, які ведаў, чым займаўся пан Луі, дзе хадзіў, і давядуць, што забіць яго было ў тваіх інтарэсах.

— Значыцца, яны будуць ідыётамі.

— Вось і ўсё, што я хацеў табе сказаць. Цяпер палова першай. Пакуль што мы тут удвух. У гадзіну дня вернецца суддзя Камельё, і я яго сюды запрашу.

— Гэта такі нізенькі, чарнявы, з вусамі шчоткаю?

— Ён самы.

— Сустракаліся некалі. Злы дзядзька. Напэўна, пастарэў... Скажыце, калі ласка, а маладзейшага вы не знойдзеце?

— Ты маеш амаль гадзіну.

Шрамэк уздыхнуў.

— Цыгарэты ў вас не будзе?

Мэгрэ адчыніў шуфляду і працягнуў яму пачак і запалкі.

— А выпіць у вас што-небудзь ёсць?

— Гаварыць будзеш?

— Яшчэ не ведаю. Я ўсё думаю, ці ёсць у мяне што-небудзь такое, каб вам распавесці.

Мэгрэ падышоў да дзвярэй і крыкнуў:

— Люка! Будзь ласкавы, схадзі на набярэжную Вальмі і прывядзі сюды пані Франсуазу Біду. Яна жыве...

— Не трэба, камісар! — адразу ж закруціўся Акрабат на крэсле.

— Гаварыць будзеш?

— Мне б хоць каліва глынуць...

— Чакай, Люка, мы тут яшчэ сёе-тое высветлім... Дык ты, Шрамэк, жонкі баішся?

— Вы ж абяцалі мне глыточак?

Мэгрэ выняў пляшку каньяку, наліў крыху ў шклянку.

— Дык я адзін буду піць?

— Расказвай.

— Задавайце пытанні. Заўважце, што я, як кажуць адвакаты, не спрабую парушаць следства.

— Дзе ты пазнаёміўся з Турэ?

— На лаўцы бульвара Бон-Нувэль.

— Як?

— Ну, як зазвычай знаёмяцца на лаўках. Пагаманілі пра надвор'е...

— Гэта было гады два з паловаю назад?

— Прыкладна. Я гэты дзень у календары не адзначаў. А потым зноў сустрэліся на гэтай самай лаўцы. Ён, відаць, быў рады, што ёсць з кім пагаварыць.

— Ён сказаў, што застаўся без працы?

— З часам ён мне ўсё распавёў: і як працаваў дваццаць пяць гадоў на адным месцы, і як закрылі раптам фірму, і як баяўся прызнацца жонцы, што застаўся без працы, як падманваў яе, што працуе ў той самай фірме. Жонка ў яго, дарэчы, паганая. Здаецца, ён мне першаму ўсё гэта і расказаў. Яму нават лягчэй стала.

— Ён ведаў, хто ты такі?

— Я сказаў, што працаваў раней у цырку.

— А потым?

— А што вас, уласна кажучы, цікавіць?

— Усё.

— Перш чым гаварыць далей, зазірніце, калі ласка, яшчэ раз у мае справы, падлічыце мае ходкі. Я б хацеў прыкінуць, ці не вышлюць мяне ў Гвіяну*. Нешта не цягне туды...

* Гвіяна Французская — заморскі дэпартамент Францыі. Месца катаргі.

Мэгрэ паглядзеў.

— Калі ты не забіваў, то можаш сесці яшчэ два разы.

— Я так і думаў. Толькі не быў упэўнены, што нашы разлікі супадуць.

— Крадзёж?

— Трохі больш складаней.

— Хто прыдумаў?

— Ён, вядома. Я не такі разумны. А яшчэ крыху пліснеце?

— Пасля.

— О, мне доўга расказваць, прыйдзецца спяшаць.

Мэгрэ наліў глыток.

— Па сутнасці, усё пачалося з лаўкі...

— Што ты маеш на ўвазе?

— А тое, што, бавячы ўвесь час на адной і той самай лаўцы, пан Луі пачаў назіраць, што ж наўкол адбываецца. Вы ведаеце краму дажджавікоў на бульвары?

— Ведаю.

— Дык вось, лаўка, на якой пан Луі зазвычай сядзеў, была якраз насупраць гэтай крамы. Так што ён міжволі ўведаў усе іхнія парадкі, звычкі прадаўцоў... Тут яму і прыйшла ў галаву думка. Калі днямі няма чаго рабіць, дык усялякія планы самі па сабе з'яўляюцца, няхай сабе і невыканальныя. Ну, ён мне аднойчы і распавёў, каб забавіць час хіба што: народу ў краме заўсёды поўна, дажджавікоў гэтых самых — процьма, усюды навешаны-навалены, і на першым, і на другіх паверхах, а злева ад крамы, як амаль заўсёды ў гэтым квартале, — тупічок, праходнік. Намаляваць?

— Не зараз. Расказвай.

— Дзіўная, кажа мне, справа: як гэта ніхто яшчэ не абакраў гэтую краму? Гэта ж так проста!

— Уяўляю, як ты тады напяўся!