— Ведама ж, зацікавіўся. У абед, кажа ён мне, выходзяць апошнія пакупнікі, і прадаўцы ідуць есці. Гаспадар таксама. Гэты адыходзіць апошні і зачыняе дзверы. І калі хто-небудзь з наведнікаў застанецца ўсярэдзіне?.. Думаеце, немагчыма?.. Я і сам так думаў. Але ж ён ужо добра ведаў, што, перад тым як пайсці на абед, прадаўцы ніколі нічога не правяраюць. А дажджавікоў — процьма. Кеміце?.. Схавацца ў іх — вось і ўся работа.
— Гаспадар цябе зачыняе, ты бярэш касу, а потым ламаеш дзверы?
— Навошта ламаць, начальнік? Тут і пачынаецца фокус. Нават калі мяне і накрыюць у краме, дык не будзе ніякіх доказаў, што я нешта ўзяў. Я ўзяў касу, так?.. А потым пашкандыбаў у прыбіральню. Там пад пралеваю — невялікае акенца — у тупічок. Праз яго не кожны шчанюк пралезе, але ўжо пакет з грашыма прасунуць можна. Тут Луі нібыта выпадкова заходзіць у двор, падбірае пакет і робіць ногі. А я зноў хаваюся сярод дажджавікоў і спакойна чакаю, калі ўсе прысунуцца назад. Толькі люду пабольшае — я спакойна выходжу, як і ўвайшоў.
— Гршы вы падзялілі?
— Па-брацку. Цяжэй за ўсё было ўгаварыць яго. Ён казаў, што прыдумаў гэта ўсё дзеля забавы. Спярша, як я яму прапанаваў, ён аж узвіўся. Што яго змусіла згадзіцца, дык гэта думка пра тое, што рана ці позна давядзецца здавацца жонцы. Да таго ж у задумы былі шматлікія перавагі. Вось, да прыкладу, павяжуць мяне. Але ж няма ні ўзлому, ні пералязання праз сцяну — справа-чысцяк. Калі я не памыляюся, дык дадуць на два гады меней. Га?..
— Мы яшчэ Кодэкс паглядзім.
— Ну, вось я вам усё і распавёў. Добра мы з Луі папрацавалі, і я ні аб чым не шкадую. Дажджавікі дазволілі нам працягнуць месяцы тры. Як па праўдзе, дык я сваю долю хутка спаліў — на конях. Але Луі мяне падтрымліваў. Ну, а калі грошы скончыліся, знайшлі другую лаўку.
— І падрыхтавалі новы варыянт?
— Спосаб знайшлі, і мяняць яго не было ніякіх падстаў. Цяпер, калі вы ведаеце яго, можаце пакорпацца ў архівах і знайсці назвы ўсіх крамаў, дзе я працаваў. Другі быў прадавец электратавараў на тым самым бульвары, трохі далей. Усюды атрымлівалася адно і тое ж, бо ў гэтым квартале акенцы ўсіх прыбіральняў выходзяць або ў тупічок, або ва ўнутраны двор. Аднаго разу мяне накрыла ў шафе прадаўшчыца. Я прыкінуўся п'яным упокат. Яна паклікала гаспадара, і мяне выштурхалі, толькі напалохалі паліцыяй. Дык скажыце мне зараз, навошта мне было забіваць Луі? Мы ж кенты. Я нават з Франсуазай яго пазнаёміў, каб супакоіць яе, бо яна ўсё распытвала, дзе я шляюся. Луі прынёс ёй скрынку шакаладу, і яна ўпэўнілася, што гэта выхаваны чалавек.
— Вы пракруцілі яшчэ адзін варыянцік на тым тыдні?
— Паглядзіце ў газетах: крама адзежы на Манмартры.
— Думаю, што Луі забілі ў тупічку, калі ён правяраў акенца ювелірнай крамы?
— Мажліва. Мясціны Луі заўсёды сам аглядаў. Ён усё запамінаў лепш за мяне. А потым, людзі заўсёды косяцца на такіх, як я. І мне даводзілася выфранчвацца, але на мяне ўсё роўна глядзелі з падазрэннем.
— Дык хто ж яго забіў?
— Вы ў мяне пытаецеся?
— Каму было трэба яго забіць?
— Не ведаю. Можа, жонцы?
— А ёй навошта?
— Злая яна... Можа, уведала, што ён ужо два гады як падманвае яе і мае каханку...
— Ты ведаеш яго каханку?
— Ён нас не знаёміў, але гаварыў пра яе, і я яе бачыў здалёк. Ён яе кахаў... Яму хацелася цяпла. Нам жа ўсім яго хочацца?.. Вось у мяне — Франсуаза. І ў вас таксама хто-небудзь ёсць. Яны ладзілі, хадзілі разам у кіно, сустракаліся ў кавярне.
— Яна пра ўсё ведала?
— Не, канечне.
— А хто ведаў?
— Перш за ўсё я.
— Ну вядома!
— І, можа, дачка. Вельмі ўжо ён з-за яе перажываў, усё баяўся, што яна старэе і робіцца падобная да маці. Яна ўсё грошы з яго выцягвала.
— Ты бываў у яго на вуліцы Ангулем?
— Ніколі.
— А ведаеш гэты дом?
— Ён мне яго паказваў.
— Дык чаму ж ты да яго хоць раз не зайшоў?
— А навошта яму псаваць замалёўку? Гаспадыня лічыла яго дужа прыстойным панам. Калі б яна мяне ўбачыла...
— А калі я табе скажу, што ў ягоным пакоі знайшлі адбіткі тваіх пальцаў?
— Туфта.
Шрамэк быў зусім спакойны, хіба што раз-пораз пазіраў на пляшку.
— Хто яшчэ мог ведаць пра вашыя справы?
— Паслухайце, пане камісар, я не дужа важны чалавек, але стукачом ніколі не быў.
— Хочаш, каб у забойстве абвінавацілі цябе?
— Гэта ўжо занадта.
— Дык хто яшчэ ведаў?
— Дружок дачкі. А гэта такі малойчык, за якога я не прысягну, што ён не вінаваты: днямі высочваў Луі, двойчы патрабаваў грошай. Можа, гэта дачка яго падбухторвала. А Луі ажно калаціўся, гэтак баяўся, што смаркач раскажа ўсё жонцы ці ліст ананімны напіша.