Выбрать главу

— А ты яго ведаеш?

— Не. Ведаю толькі, што зусім маладзён і зранку працуе ў нейкай кнігарні. Апошнім часам Луі ўсё роўна як чакаў бяды. Казаў, што далей так працягвацца не можа, што жонка пра ўсё даведаецца. Але ўсё роўна я, як даведаўся, што яго забілі, дык сам ледзь не грымнуўся.

— Колькі ў яго магло быць грошай з сабою?

— Не ведаю, колькі было з сабою, але за два дні да таго мы добра хапнулі.

— Ён меў звычку насіць грошы з сабою?

— У кішэні, бывала, насіў. Але трымаў іх у сваім пакоі. Сама смешнае ў ім было тое, што калі яму трэба было ўвечары вяртацца дамоў, дык ён ішоў на вуліцу Ангулем і мяняў чаравікі і гальштук. Аднаго разу забыўся і толькі на вакзале ўцяміў, дык прыйшлося ляцець назад. А дома сказаў, што спазніўся, бо на працы затрымаўся.

— Чаму ты з аўторка не выходзіў з дому?

— А што б вы зрабілі на маім месцы? Я як прачытаў у газеце пра гэта, у аўторак уранку, дык адразу прыкінуў, колькі людзей бачылі мяне з Луі. А калі хто-небудзь паведаміў бы вам? Такіх, як я, заўсёды падазраюць.

— А ты не думаў з'ехаць з Парыжа?

— Не. Думаў, хопіць таго, што зашыўся ў сваю нару, можа, забудуцца на мяне. А сёння ўранку як пачуў голас інспектара, дык адразу зразумеў, што накрылі.

— А Франсуаза ведае, у чым справа?

— Не.

— Дык адкуль, яна думае, грошы ў цябе бяруцца?

— Па-першае, яна іх толькі частку бачыць, гэта ўжо што пасля скачак застанецца. А па-другое, яна думае, што я па-ранейшаму абчышчаю кішэні ў метро.

— Дык ты і гэтым займаўся?

— Вы ж не будзеце, камісар, настойваць, каб я вам адказваў і на гэтае пытанне? Вам не хочацца піць?

Мэгрэ наліў яму апошні глыток.

— Усё выклаў? Ты ўпэўнены?

— Як у тым, што вас бачу.

Мэгрэ адчыніў дзверы і паклікаў Люка.

— Адвядзі яго ў камеру. І надзень на ўсякі выпадак кайданкі.

Але калі Акрабат павярнуў да яго свой нібыта гумовы, з дзіўнай, да вушэй, усмешкаю твар, камісар пашкадаваў яго:

— Няхай там будуць з ім ласкавейшыя.

— Дзякую, пан камісар. Толькі не кажыце Франсуазе, што я на скачках прайграваў столькі грошай, а то яна мне перадач не будзе насіць.

Мэгрэ надзеў паліто, узяў капялюш — вырашыў пайсці перакусіць. Ён спускаўся па лесвіцы, як раптам пачуў унізе нейкую валтузню.

Нейкі маладзён з раскудлачанымі валасамі вырываўся з рук бамбізы-сяржанта. У паліцэйскага была разадрана шчака.

— Супакоішся ты ці не, вош малая? — цыкнуў на маладзёна сяржант. — А то я табе зараз увалю!

Мэгрэ перагнуўся цераз парэнчы і ўбачыў, што сяржант прывёў Альбэра Жарыса.

— Адпусціце мяне! — крычаў Жарыс. — Я ж вам кажу, што пайду сам!

Сустрэўшыся з Мэгрэ, паліцэйскі далажыў:

— Я яго толькі што затрымаў на мосце Сэн-Мішэль. Я яго адразу ж прызнаў. Хацеў уцячы.

— Няпраўда! Ён маніць!

Жарыс задыхаўся, твар у яго пачырванеў, вочы блішчалі.

Сяржант трымаў яго за каўнер паліто.

— Скажыце, каб ён мяне адпусціў!

Ён хацеў ударыць паліцэйскага нагою, але прамахнуўся.

— Я ж сказаў, што хачу бачыць камісара Мэгрэ. Я сюды сам ішоў, сам!

Адзежа на ім была падраная, штаны запэцканыя. Пад вачыма — сінякі.

— Я камісар Мэгрэ.

— Тады загадайце, каб ён адпусціў мяне.

— Можаш яго адпусціць, прыяцель.

— Як хочаце, але...

— Ён біў мяне, — задыхаўся Жарыс. — Усё роўна як я нейкі... нейкі...

Раз'юшаны, ён і слова не мог знайсці.

Мэгрэ міжволі ўсміхнуўся, зірнуўшы на разадраную шчаку сяржанта.

— А мне здалося, наадварот, што гэта ты яго...

У вачах у юнака бліснуў злы агеньчык.

— Так яму і трэба!

8. МОНІЧЫНА ТАЙНА

— Ну, сядай, прахіндзей.

— Я не прахіндзей! — абурыўся Жарыс. Голас у яго зрываўся. — Не думаў я, што камісар Мэгрэ абражае людзей, не выслухаўшы іх.

— Ты еў што-небудзь сёння?

— Я не галодны.

Гэта адказвала ў ім упартасць маладзёна.

Мэгрэ зняў слухаўку.

— Алё! Піўная «Дэльфін»?.. Дайце мне пана Жазэфа. Алё?.. Пан Жазэф?.. Мэгрэ. Прынясі мне, калі ласка, бутэрбродаў. Шэсць. З вяндлінаю... Для мяне. Чакай...

— З вяндлінаю ці з сырам?

— Мне ўсё роўна. З вяндлінаю.

— Піва ці віна?

— Вады, калі можна. Мне вельмі хочацца піць.

— Жазэф, шэсць бутэрбродаў з вяндлінаю і чатыры піва... Чакай... Прынясі яшчэ два вялікія кубкі кавы. І хутчэй, добра?

Паклаўшы слухаўку, Мэгрэ пачаў набіраць другі нумар, прыглядаючыся да Жарыса.

Юнак быў худы, бледны, нервовы. Было відаць, што каву ён піў нашмат часцей, чым еў мяса. Але як на жаночы густ, дык быў прывабны.