Жарыс таксама разглядваў Мэгрэ — спадылба.
— Алё! Аддзел вышуку?.. Аддайце загад не шукаць болей Альбэра Жарыса.
Мэгрэ моўчкі пачаў перакладваць свае люлькі на стале. Пастукалі ў дзверы.
— Уваходзьце!
Вярнуўся Нэвэ.
— Выбачайце, я хацеў бы даведацца...
— Можаш ісці. Дзякую.
Мэгрэ пачаў хадзіць па пакоі. Ён чакаў афіцыянта. Каб прабавіць неяк час, патэлефанаваў яшчэ раз, гэтым разам жонцы:
— Я палуднаваць не прыйду.
— Я так і думала. Ты ведаеш, які ўжо час?
— Не.
Жонка адно засмяялася: абед даўно мінуў.
— Я прыйшоў да вас, каб сказаць... — пачаў быў Жарыс, але Мэгрэ адразу ж перапыніў яго:
— Чакай.
Сёння гэта быў ужо трэці допыт. Трэба было сабрацца з думкамі.
Страшэнна хацелася піць.
Камісар міжволі паглядзеў туды ж, куды глядзеў цяпер Жарыс, і пачырванеў, як школьнік: позірк ягоны спыніўся на пляшцы з каньяком, якім ён, так бы мовіць, частаваў Шрамэка. Ва ўсёй гэтай мітусні ён забыўся прыбраць каньяк са стала. Маўклівы папрок хлопца непрыемна закрануў Мэгрэ: гэта ж трэба было такой недарэчнай прамашкаю пагоршыць у вачах затрыманага ўяўленне аб камісары паліцыі!.. Ён хацеў быў усё растлумачыць, але змаўчаў — проста ўстаў і паставіў каньяк назад у шафу.
Зноў пастукалі ў дзверы. Гэта быў афіцыянт.
— Заходзь, Жазэф. Пастаў паднос сюды.
Калі афіцыянт выйшаў, Мэгрэ прапанаваў Жарысу:
— Перакусім.
Жарыс еў з вялікім апетытам, хоць і казаў зусім нядаўна, што зусім не галодны. Але па-ранейшаму паглядваў спадылба на камісара. Праўда, пасля другой шклянкі піва ён трохі пацяплеў.
— Ну як, лепей?
— Дзякую. Але чаму вы назвалі мяне прахіндзеем?
— Да гэтага мы яшчэ вернемся.
— Гэта праўда, што я сюды сам ішоў.
— А чаму ты вырашыў гэта зрабіць?
— Мне абрыдла хавацца.
— А чаму ты хаваўся?
— Каб не арыштавалі.
— А за што цябе арыштоўваць?
— Самі ведаеце.
— Я не ведаю.
— Таму, што я сябра Монікі.
— Ты быў упэўнены, што мы гэта ведаем?
— Пра гэта вельмі проста даведацца.
— І мы б цябе арыштавалі толькі за тое, што ты яе сябар?
— Вы хочаце як мага болей выцягнуць з мяне. Думаеце, што я пачну маніць, блытацца і вы мяне на чым-небудзь зловіце.
— Ты, я гляджу, дэтэктываў начытаўся...
— Я праглядаю газеты. І ведаю, як вы дамагаецеся прызнання.
Мэгрэ сам сабе вылаяўся: далося ім усім гэтае непаразуменне з поўхаю, якую ён заляпіў Рэне Лекэру!.. Між тым сёння ўранку ён атрымаў ад асуджанага на смерць Лекэра ліст з турмы. Прыгнечаны, забойца прасіў камісара наведаць яго. Можна было б паказаць Жарысу гэты ліст і ўсё расказаць, аднак Мэгрэ зноў не стаў нічога тлумачыць затрыманаму і прадоўжыў допыт. Калі ўжо гэты маладзён дапячэ яго з той поўхаю, то ён яму Лекэраў ліст пакажа.
— Дык чаму ж прыйшоў сюды?
— Каб заявіць, што я не забойца.
Мэгрэ распаліў люльку, дапіў паціху піва. З-за дажджу на вуліцы пацямнела. Ён запаліў лямпу.
— Ты разумееш, што значыць твой уласны прыход да нас?
— Што вы хочаце сказаць?
— Ты вырашыў, што мы збіраемся цябе арыштаваць. Значыцца, у нас ёсць на тое падставы. Якія?
— Вы ж былі на вуліцы Ангулем?
— Адкуль ты ведаеш?
— Гаспадыня ж, напэўна, сказала, што я прыходзіў да яго.
— І што, за гэта цябе трэба арыштоўваць?
— Вы дапытвалі Моніку.
— І ты баішся, што яна прагаварылася?
— Я б здзівіўся, калі б яна ў вас не загаварыла.
— А чаму ты пачаў з таго, што схаваўся ў сябра пад ложкам?
— Вы і гэта ведаеце.
— Адказвай.
— Я не падумаў. Я баяўся. Баяўся, што мяне будуць біць і я прызнаюся ў тым, чаго не рабіў.
— Меней бы ты, хлопча, баяўся... Чаму ж ты тады ўсё-ткі, раз баяўся, вылез з-пад ложка?
— Там нельга было болей заставацца. Сябрава цётка ўвесь час па кватэры хадзіла. Дзверы адчыненыя, у хаце скразняк. Я прастыў, а тут нават чыхнуць страшна. Ні ўстаць, ні паварушыцца...
— І ўсё?
— Есці хацелася.
— І што ж ты стаў рабіць, як выбраўся з кватэры?
— Бадзяўся па вуліцах. Уначы спаў на рынку на мяшках з гароднінай гадзіну-другую. Двойчы падыходзіў да моста Сэн-Мішэль і глядзеў на ваш будынак. Убачыў, як Моніка выходзіла ад вас. Я пайшоў на вуліцу Ангулем, там стаяў чалавек, па ўсім было відаць, назіраў за домам. Ваш, напэўна.
— А чаму мы маглі меркаваць, што ты мог забіць Турэ?
— А вы што, не ведаеце, што я ў яго пазычыў грошы?
— Пазычыў?
— Ну, папрасіў, калі вам так болей падабаецца.
— Папрасіў?
— Што вы хочаце сказаць?
— Ёсць розныя спосабы прасіць. Між іншым, ёсць і такі, калі чалавек, якога просяць, пастаўлены ў такія ўмовы, што не можа адмовіць. А называецца гэта — шантаж.