Камісар замаўчаў і ўгледзеўся Жарысу ў самыя вочы.
— Адказвай.
— Я нічога б не сказаў пані Турэ.
— Але ж пана Турэ ты гэтым прыпалохаў?
— Ён і так бы даў грошы.
— Але даў таму, што баяўся тваёй пагрозы.
— Не ведаю. Вы мяне блытаеце вашымі пытаннямі... Паміраю, хачу спаць...
— Выпі кавы.
Жарыс выпіў і разгублена ўтаропіўся ў Мэгрэ.
— Колькі разоў ты быў у пана Турэ?
— Толькі два разы.
— Моніка пра гэта ведала?
— А што яна вам сказала?
— Цяпер не мае значэння, што што яна сказала. Важна, скажаш ты.
— Яна ведала.
— Што ты яму сказаў?
— Каму?
— Пану Турэ! — не стрымаў свайго раздражнення Мэгрэ.
— Што нам патрэбны грошы.
— Навошта?
— Каб паехаць у Амерыку.
— І як ён адрэагаваў?
— Сказаў урэшце, што гэта найлепшае выйсце.
Допыт нешта не ладзіўся. Жарыс, мабыць, лічыў, што Мэгрэ ведае болей, чым ведаў на самай справе. Трэба было павесці допыт больш асцярожна.
— Ты думаў жаніцца з Монікай?
— Думаў. Але пан Турэ разумеў, што гэта нерэальна. Я непаўналетні. І нават калі б мае бацькі згадзіліся, дык пані Турэ адмовіла б: я ж усё сваё нашу з сабою. Пан Турэ мне сам параіў нават не спрабаваць знаёміцца з ёю.
— А ты яму прызнаўся, што ты з Монікай ужо кахаўся?
Жарыс пачырванеў.
— Я сказаў яму толькі, што яна цяжарная.
Дык вось у чым сакрэт! Мэгрэ выгляду не падаў, але здзівіўся: як жа ён сам не падумаў пра такую паваротку?
— Колькі месяцаў?
— Трохі болей як два.
— Вы былі ў доктара?
— Яна адна хадзіла.
Мэгрэ адкінуўся ў крэсле, набіў тытунём новую люльку.
— Што ж ты збіраўся рабіць у Амерыцы?
— Што прыйдзецца. Я працы не баюся. Мог бы стаць каўбоем.
— Каўбоем? — усміхнуўся сам сабе Мэгрэ: ён згадаў тых асілкаў, якіх бачыў на ранча Арызоны і Тэхаса.
— Я мог бы працаваць на залатых капальнях. Словам, як-небудзь я б ужо выкруціўся.
— І ажаніўся б з Монікай?
— Яна і так мая жонка. Хіба што мы не распісаныя...
— Як сябе паводзіў пан Турэ, калі даведаўся, што Моніка цяжарная?
— Не паверыў... Нават заплакаў... Але я пакляўся, што намеры ў мяне...
— ...самыя добрыя. І што ён тады сказаў?
— Абяцаў дапамагчы. Грошай у яго пры сабе не было. Ён даў мне крыху.
— Дзе яны?
— У Монікі. Яна хавае іх у сваім стале на працы.
— А астатнія?
— Астатнія ён абяцаў даць у аўторак. Ён збіраўся атрымаць вялікія грошы.
— Ад каго?
— Не ведаю.
— Ён не сказаў, адкуль яны раптам возьмуцца?
— А я і не пытаўся.
— Чаму?
— Ён бы ўсё роўна не адкрыўся. Ён нідзе не працуе. Я так і не змог зразумець, як ён зарабляе. Мабыць, яны ўдвух гэтымі справамі займаліся.
— З кампаньёнам, значыцца? Ты яго бачыў?
— Адзін раз, на бульвары.
— Худы, падобны на клоўна?
— Ну.
— Дык вось, яму я і наліў каньяку, які ты бачыў. Гэты чалавек сядзеў тут незадоўга да цябе.
— Тады вы ўсё ведаеце.
— Я хачу ведаць і тое, што ведаеш ты.
— А я нічога і не ведаю.
— Дык чым, ты думаеш, яны б маглі займацца?
— Можа, выціскаюць з каго-небудзь грошы.
— Дык ты і сам вырашыў выціснуць іх з яго?
— Грошы патрэбныя нам на дзіця.
Мэгрэ зняў слухаўку:
— Люка? Зайдзі да мяне на хвілінку.
Калі Люка прыйшоў, Мэгрэ сказаў:
— Пазнаёмся: Альбэр Жарыс. Ведаеш, ён і Моніка Турэ чакаюць дзіця. Ты зараз заедзеш па яе і зводзіш да доктара. Да якога яна сама захоча. Калі не ведае, да якога, звадзі да доктара прэфектуры. Я б хацеў ведаць, колькі месяцаў яна цяжарная.
— А калі яна адмовіцца?
— Тады скажы, што я буду вымушаны арыштаваць яе разам з дружком. Вазьмі машыну і адразу ж, як толькі доктар агледзіць яе, патэлефануй мне.
— Навошта вы гэта робіце? — запытаўся Жарыс, як толькі інспектар выйшаў.
— Таму што я павінен усё праверыць.
— Вы мне не верыце?
— Веру.
— Значыць, ёй не верыце?
Тут, якраз у час, пачуўся тэлефонны званок, і Мэгрэ змог ухіліцца ад адказу. Тэлефонная размова не мела ніякага дачынення да справы Турэ, але камісар расцягнуў яе як мог, замест таго каб адказаць, як зазвычай, коратка.
Калі ён нарэшце павесіў слухаўку, то, нібыта забыўся, на чым яны спыніліся, пачаў задаваць Жарысу новыя пытанні.
— Што ж вы збіраецеся рабіць?
— Калі вы ўпэўнены ў тым, што я нікога не забіваў...
— Я заўсёды быў у гэтым упэўнены. Бачыш, забіць чалавека не так ужо проста. Ды яшчэ нажом у спіну. І зусім ужо цяжка зрабіць гэта так, каб ён нават не крыкнуў.