— Я няздольны на гэта?
— Вядома.
Хлопец амаль што пакрыўдзіўся. Ведама ж, ён лічыў сябе здатным стаць каўбоем ці золатакапальнікам!
— Ты паедзеш да пані Турэ?
— Думаю, што прыйдзецца.
Мэгрэ сам сабе ўсміхнуўся: уявіў, як гэты маладзён, дранцвеючы ад страху, уваходзіць у дом да пані Турэ і ўсё ёй выкладвае.
— Думаеш, яна згодзіцца мець такога зяця?
— Не ведаю.
— Ну, а цяпер прызнавайся, у чым яшчэ ты падманваў пана Турэ?
— Што вы маеце на ўвазе?
— Ты прасіў грошы на параход у Амерыку, а выдаткоўваў іх у Парыжы. Аплачваў мэбліраваныя пакоі, у якіх вы з Монікай сустракаліся. А яны ж не бясплатныя. Ты ж і працаваць перастаў пасля абеду, каб з ёй сустракацца.
— Мы мала расходвалі...
— Ты ведаеш, дзе Турэ хаваў грошы?
— На версе шафы, — адказаў Жарыс без ваганняў.
— Менавіта там ён і браў грошы, якія даваў табе?
— Там. Але я ведаў, куды ён іх хавае, яшчэ раней, ад Монікі.
— У панядзелак ты не хадзіў на вуліцу Ангулем?
— Не. Гэта лёгка праверыць. Спытайцеся ў гаспадыні. Я мусіў прыйсці да яго ў аўторак у пяць гадзін вечара.
— Калі ж вы думалі знікнуць?
— Параход адплывае праз тры дні. За гэты час мы б атрымалі візы. Я ўжо падаў прашэнне.
— Я заўсёды думаў, што непаўналетнім патрэбны дазвол бацькоў.
— Я падрабіў бацькаў подпіс.
Запала маўчанне. Першы раз за ўвесь час Жарыс папрасіў:
— Можна мне запаліць?
Мэгрэ кіўнуў.
Цяпер, пасля кавы, камісару раптам вельмі захацелася глынуць каньяку, але ж ці мог ён пайсці ды зноў дастаць гэтую пляшку з шафы?..
— Вы мяне па-ранейшаму лічыце прахіндзеем?
— А ты сам як думаеш?
— Я не мог не зрабіць гэтага.
— Табе было б прыемна, калі б такое зрабіў твой сын?
— Я выхаваю свайго сына інакш, і яму не прыйдзецца...
Тэлефонны званок зноў перапыніў іхнюю размову.
— Гэта вы, шэф?
Мэгрэ нахмурыўся, пачуўся голас Нэвэ, якому ён нічога не даручаў.
— Я знайшоў усю іхнюю скарбніцу!
— Што ты кажаш? — Камісар паглядзеў на Жарыса. — Чакай. Я перайду на другі апарат. — Ён прайшоў у суседні пакой, папрасіўшы на ўсякі выпадак паглядзець за Жарысам. — Ну што там у цябе? Дзе ты?
— У бістро на набярэжнай Вальмі. Я заходзіў у дом да Франсуазы.
— Навошта?
— Захацеў паглядзець, што там у яе робіцца ў доме. Вырашыў праверыць: як жа гэта так — Акрабат ідзе на пасадку і пакідае яе ні з чым?.. Ён жа жыве з ёю ўжо дзесяць гадоў і, як мне казалі, дужа яе цэніць. Мне пашэнціла, Франсуаза была дома.
Мэгрэ слухаў, чакаючы навіны, але незадаволены. Ён вельмі не любіў, калі інспектары занадта ўжо «бралі на сябе», асабліва калі яны былі, як Нэвэ, не з ягонай брыгады.
— Ты сказаў ёй, што Шрамэк арыштаваны?
— Нельга было?
— Працягвай.
— Кабета вырашыла, што яго злавілі, калі ён выцягваў кашалёк. Яна ўсчала гвалт, але я абшукаў кватэру. Нічога не знайшоў, пакуль не прыгледзеўся да вялікага жалезнага ложка ў спальні, з такімі меднымі шарамі на сценках. Адкруціў гэтыя шары і знайшоў у адной спінцы дзвесце тысяч франкаў, згорнутых у трубачкі! Франсуаза вачам не паверыла. Як залямантуе: «Мець такія грошы і прымушаць мяне прыбіраць пад'езды! У рай ён ужо пэўна не трапіць. Няхай толькі вернецца!» Кляла як магла. Я пераканаў яе, што ён хаваў гэтыя грошы на той выпадак, калі з ім што здарыцца... Дык вось, ён не мог спусціць адразу такую буйную суму, паспеў прайграць толькі частку. А ў мінулую суботу яны дзялілі, мабыць, здабычу. І, калі падзялілі яе пароўну, то ў Турэ таксама былі вялікія грошы. Усё.
— Дзякую.
— Што мне рабіць з грашыма?
— Ты іх забраў?
— На ўсякі выпадак. Не мог жа я іх там пакінуць.
— Звярніся да свайго камісара. Трэба абшукаць кватэру згодна з парадкам.
— Я ж...
— Не хапала яшчэ, каб нас абвінавацілі, што мы самі падкінулі грошы!
— Выбачайце, я ж хацеў...
Мэгрэ кінуў слухаўку і звярнуўся да інспектара Таранса, які сядзеў у гэтым, куды камісар перайшоў, пакоі:
— Ты цяпер заняты?
— Нічога тэрміновага.
— Тады зайдзі да камісара Антуана. Папрасі яго праверыць даныя па ўсіх крадзяжах у крамах на Вялікіх бульварах прыкладна за два апошнія гады, крадзяжах у час абедзеннага перапынку.
Мэгрэ вярнуўся ў свой кабінет і адпусціў інспектара, які пільнаваў юнака.
— Я б не ўцёк, — з крыўдаю сказаў Жарыс.
— Магчыма. Але ты мог бы зазірнуць у папкі. Мог бы?
— Мог. Але што вы збіраецеся рабіць са мною?
— Чакай.
Мэгрэ зірнуў на гадзіннік і прыкінуў, што Моніка з Люка павінны ўжо быць у чакальні ў доктара.