— Вы пагарджаеце мною?
Камісар паціснуў плячыма.
— Мне ні разу не пашанцавала ў жыцці.
— У чым?
— Ні разу не ўдалося вырвацца.
— Адкуль?
— Я бачу, вы мяне не разумееце. — У голасе ў Жарыса нарастала раздражненне. — Калі б вам давялося вырасці ў доме, дзе толькі і гаварылі што пра грошы... А маці трэсціся пачынала пад канец месяца...
— У мяне не было маці...
Хлопец змоўк.
Мэгрэ пастаяў ля акна, спінаю да затрыманага, пазіраючы на кроплі дажджу, што сцякалі па шкле. Потым, пахадзіўшы па пакоі, рашуча адчыніў шафу. Спаласнуўшы шклянку, наліў каньяку.
— Ты, я думаю, — запытаўся ён у Жарыса, — не хочаш піць?
— Дзякую. Не.
Аднак Мэгрэ і сам не стаў піць, паставіў шклянку назад у шафу.
Хлопец ледзь трымаўся, каб не заснуць. Шчокі ў яго пачырванелі, павекі прыпухлі. Ён пачынаў ужо пагойдвацца.
— Калі-небудзь, можа, з цябе ўсё-такі выйдзе чалавек, — задуменна сказаў ён, гледзячы на Жарыса.
Пачуліся крокі ў калідоры. Два чалавекі: мужчына і жанчына.
Мэгрэ адразу здагадаўся, што гэта Люка і Моніка. Трэба было вырашыць: прымаць дзяўчыну ў кабінеце або ў суседнім пакоі.
Убачыўшы Жарыса, Моніка сутаргава прыціснула да сябе сумку, застыла і раз'ятрана зірнула на камісара.
— Ты звадзіў яе да доктара? — спытаўся Мэгрэ.
— Спачатку яна не хацела, але я...
— Вынікі?
Жарыс адразу ўскочыў, гатовы кінуцца дзяўчыне ў ногі і прасіць прабачэння.
— Зусім яна не цяжарная. І ніколі ёю не была.
Жарыс не верыў сваім вушам. Напэўна, цяпер ён лічыў камісара сама жорсткім з людзей.
Тым часам Мэгрэ зачыніў дзверы і прапанаваў дзяўчыне сесці.
— Што вы можаце на гэта сказаць?
— Я думала...
— Вы думалі...
— А што вы пра гэта можаце сказаць. Вы ж не жанчына.
Павярнуўшыся да Жарыса, яна сказала:
— Клянуся табе, я сапраўды думала, што зацяжарала.
Мэгрэ запытаўся як мага спакайней:
— І як доўга вы так думалі?
— Некалькі дзён.
— А потым?
— А потым не хацела расчароўваць Альбэра.
— Расчароўваць?
Камісар падміргнуў Люка, і яны выйшлі ўдвух з кабінета, пакінуўшы Моніку і Жарыса сам-насам.
— Як толькі я сказаў, — пачаў Люка, — што нам трэба схадзіць да доктара, яна адразу ж закруцілася... Але я перадаў ёй тое, што вы сказалі...
Мэгрэ не слухаў: ён ужо ўсё зразумеў.
Вярнуўся Таранс.
— Даныя яшчэ зводзяць. Спіс будзе доўгі. А Антуан са сваёй брыгадаю якраз два гады шукае, хто ж гэта так спраўна абчышчае крамы...
Мэгрэ падышоў да дзвярэй свайго кабінета, прыслухаўся. Жарыс і Моніка маўчалі.
Камісар зайшоў да свайго начальніка і далажыў яму ўсе навіны, пабываў у іншых кабінетах, пагаманіў з калегамі.
Калі ён вярнуўся ў свой кабінет, Жарыс і Моніка сядзелі на тых самых крэслах і на той самай адлегласці. Твар у дзяўчыны быў такі ж суровы, як у маці і яе цётак. Калі яе позірк спыняўся на Жарысе, вочы напаўняліся нянавісцю і пагардаю.
Жарыс выглядаў прыгнечаным. Вочы ў яго яшчэ больш пачырванелі.
— Я адпускаю вас, — сказаў Мэгрэ, сядаючы ў крэсла.
— У газетах пра ўсё гэта будзе? — спыталася Моніка.
— Я ім нічога такога паведамляць не збіраюся.
— А маці раскажаце?
— Можна абысціся і без маці.
— А майму начальству?
Калі Мэгрэ адказаў, што не, яна рэзка ўстала і накіравалася да дзвярэй, не зважаючы ўжо на Жарыса. Узяўшыся за ручку, спыталася ў камісара:
— Вы ўсё гэта наўмысна зрабілі?
— Наўмысна. Ты, Альбэр, таксама вольны.
Але Жарыс нават не зварухнуўся.
— Што ж ты не бяжыш за ёю?
Моніка была ўжо на лесвіцы.
— Вы думаеце, трэба бегчы?
— Што яна табе сказала?
— Назвала мяне ідыётам.
— І ўсё?
— Яшчэ забараніла мне размаўляць з ёю.
— Ну, а ты?
— Я не ведаю.
— Можаш ісці.
— Што мне сказаць бацькам?
— Што хочаш. Яны і так будуць рады, што ты знайшоўся.
— Вы думаеце?
Прыйшлося яго крыху падштурхнуць.
— Ну, ідзі, ідзі...
— Скажыце, я не прахіндзей?.. — Жарыс з наіўнасцю маладзёна зазіраў камісару ў самыя вочы.
— Ты дурань. Яна сказала праўду.
— Дзякую, — разгублена прамармытаў хлопец, азіраючыся.
Толькі цяпер, застаўшыся адзін, Мэгрэ змог урэшце выпіць даўно наліты каньяк.
9. СУДДЗЯ КАМЕЛЬЁ НЕРВУЕЦЦА
— Гэта вы, Мэгрэ?
— Я, пан суддзя.
Так звычайна пачыналася штодзённая размова па тэлефоне, і, калі побач быў які-небудзь супрацоўнік, Мэгрэ па-змоўніцку падміргваў яму. З суддзёй камісар заўсёды гаварыў мякчэй.