Выбрать главу

— Як справа Турэ?

— Усё выдатна.

— А вам не здаецца, што яна зацягнулася?

— Забойствы з абрабаваннем — гісторыі заўсёды заблытаныя.

— А вы ўпэўнены, што Турэ забілі менавіта з гэтай мэтаю?

— Вы ж самі казалі, што ўсё відаць голым вокам.

— Вы верыце паказанням Шрамэка?

— Я ўпэўнены, што ён сказаў праўду.

— Хто ж тады, па-вашаму, забойца?

— Той, каму былі патрэбны ягоныя грошы.

— Пастарайцеся, аднак, не зацягваць расследавання.

— Абавязкова, пан суддзя.

Але камісар, здавалася, зусім не спяшаўся закончыць справу, а больш займаўся дзвюма іншымі.

Пані Турэ, Моніка, Жарыс, які цяпер па-ранейшаму працаваў поўны дзень у кнігарні, цяпер былі нібыта забытыя. Можна было падумаць, што камісар іх ніколі і не ведаў.

Справу Шрамэка аб абрабаванні крамаў ён перадаў камісару Антуану, і той дапытваў Акрабата амаль штодня.

Праўда, у Марселі працягвалі пошукі, і не толькі ў горадзе, але і ў наваколлі. Правяралі крымінальнікаў, асабліва тых, хто наведваў апошнім часам Парыж.

Тры чалавекі і ўдзень, і ўначы назіралі за домам на вуліцы Ангулем. Пастаянна праслухоўваўся тэлефон.

Аднак вынікаў не было.

Праязджаючы неяк па вуліцы Клін'янкур, Мэгрэ зноў зайшоў да панны Леон, узяўшы яе маці торт. Але казаць закаханай у Турэ жанчыне, чым жа займаўся апошнія гады нябожчык, не стаў.

Аднак калі панна Леон запыталася, ці ведае ўжо камісар хоць тое, чаму забілі Турэ, Мэгрэ адказаў:

— За грошы.

— У яго іх было так шмат? — здзівілася жанчына.

— Аж вельмі.

— Гаротны чалавек!.. Загінуць тады, калі ўрэшце зажыў па-людску...

Да пана Сэмброна, старога бухгалтара, саслужыўца Турэ, Мэгрэ не заходзіў, але сустрэў яго неяк выпадкова каля кветкавага базара, і яны абмяняліся пачцівымі паклонамі.

Насталі халады, скончыліся дажджы. Пані Жыбон, гаспадыня дома на вуліцы Ангулем, новых жыльцоў не знайшла, і пакой Турэ заставаўся пусты. Тры жанчыны, пастаянныя жыхаркі дома, заўважыўшы, што за домам сочаць, выходзілі цяпер толькі ў рэстарацыю ці краму.

— Чым жа тады яны займаюцца? — спытаўся Мэгрэ ў Жанв'е.

— Спяць, гуляюць у карты, раскладваюць пасьянс, — адказаў Жанв'е. — Адна, як угледзіць мяне з акна, дык язык паказвае. А ўчора ўзяла, павярнулася да мяне задніцай ды падняла халат!

Аднойчы ўранку камісару патэлефанавалі з Марселя. Размова была доўгая. Пасля яе Мэгрэ адразу ж падняўся ў картатэку і прабыў там прыкладна гадзіну. Потым спусціўся ў архіў — і там затрымаўся на добрую гадзіну.

Было прыблізна адзінаццаць, калі камісар сеў у машыну.

— Ну вуліцу Ангулем.

За домам назіраў Лапуэнт.

— Усе там?

— Не, адна выйшла. Відаць, у краму.

Камісар націснуў на званок у дзвярах. Зварухнулася фіранка. Неўзабаве гаспадыня адчыніла дзверы. Як заўсёды, яна была ў халаце і ў пантофлях.

— Што гэта? Сам шэф уласнай персонаю? Вашым малойчыкам яшчэ не надакучыла бадзяцца ў нас пад вокнамі?

— Арлета дома?

— Паклікаць яе?

— Не, дзякую. Я лепш сам падымуся.

Гаспадыня засталася ў калідоры — усхваляваная, глядзела ўслед камісару.

Падняўшыся на другі паверх, Мэгрэ пастукаў у дзверы.

— Калі ласка!

Арлета, як і ўсе тут заўсёды, ляжала ў халаце на непрыбраным ложку і чытала нейкі танны раманчык.

— Гэта вы?

— Я. — Мэгрэ паклаў капялюш на куфар і прысеў на крэсла.

— Хіба гэтая гісторыя яшчэ не скончылася? — здзівілася Арлета.

— Яна скончыцца, калі мы знойдзем забойцу.

— А вы ўсё яшчэ не знайшлі? Думала, вы хітрэйшыя. Спадзяюся, нічога страшнага, што я ў халаце?

— Нічога.

— Вы да ўсяго павінны былі прывыкнуць, — усміхнулася дзяўчына. Не падымаючыся з ложка, яна пасунулася бліжэй да камісара, і ў яе агаліліся грудзі. Мэгрэ зрабіў выгляд, што нічога не заўважае.

— Гэта ўсё, чым вы можаце адказаць? — стрэліла Арлета.

— На што?

— На тое, што бачыце.

Мэгрэ змаўчаў.

— Хочаце? — Дзяўчына паднесла руку да крыса халата.

— Дзякую.

— Дзякую — хочаце?

— Дзякую — не.

— Што з вас возьмеш: пенсіянер...

— Табе не абрыдла замалёўвацца?

Яна закрыла халатам грудзі і прысела.

— Што вы ад мяне хочаце?

— Твае бацькі ўсё яшчэ думаюць, што ты працуеш у краме?

— Вас гэта хвалюе?

— Ведалі б яны, чым ты займаешся...

— Вы ім гэта хочаце распавесці?

— Мажліва.

Цяпер яна ўжо занепакоілася.

— Вы што, ездзілі ў Клермон-Феран? Бачылі бацькоў?