Выбрать главу

— Яшчэ не.

Раптам Арлета ўскочыла з ложка, кінулася да дзвярэй і адчыніла іх. Там стаяла гаспадыня.

— Дык ты падслухоўваеш?

— Я хацела ўвайсці.

— Пакінь мяне ў спакоі! Не стой тут, чуеш?

Мэгрэ і не паварушыўся.

Дзяўчына вярнулася і села на ложак.

— Вы жывяце тут ужо год, — распачаў Мэгрэ. — Бавіце ў гэтым доме амаль увесь час і ведаеце пра ўсё, што тут адбываецца. Ці бываў тут адзін чалавек, які прыходзіў раней досыць часта, але пасля смерці пана Луі нагою сюды не ступіў?

Зрэнкі ў дзяўчыны, здавалася, звузіліся. Яна яшчэ раз падышла да дзвярэй, прыслухалася. Але за дзвярыма нікога не было.

— Ва ўсякім разе, ён прыходзіў не да мяне.

— А да каго?

— Самі ведаеце. Думаю, мне трэба апрануцца.

— Навошта?

— Пасля гэтай размовы мне лепш тут не затрымлівацца.

Яна скінула з сябе халат, гэтым разам ужо не думаючы спакушаць камісара, надзела трусы, ліфчык і падышла да шафы.

— Мне трэба было ведаць, што скончыцца гэтым... А вы, напэўна, вялікі спец?

— Гэта мой хлеб — знаходзіць злачынцаў.

— Дык вы яго знайшлі?

Яна надзела сукенку і цяпер хуткімі рухамі фарбавала вусны.

— Не яшчэ.

— Вы ведаеце, хто ён?

— Вы мне скажаце гэта.

— Вы ўпэўнены?

Мэгрэ выняў з кішэні партманет і дастаў з яго фатаграфію чалавека гадоў трыццаці, са шрамам на левай скроні.

Арлета зірнула на фатаграфію, аднак нічога не сказала.

— Гэта ён?

— Вы ж ведаеце.

— Я памыляюся?

— Куды мне дзецца, пакуль вы яго арыштуеце?

— Наш інспектар знойдзе вам надзейнае месца. Што вы ведаеце пра Марка?

— Каханак гаспадыні. Можа, тут не трэба гаварыць пра гэта?

— Дзе ён цяпер?

Не адказаўшы, яна згэмтала рэчы ў валізу. Відаць было, што яна дужа спяшаецца выйсці з гэтага дома.

— Мы прадоўжым гаворку на вуліцы, — сказала яна, сабраўшыся.

Камісар узяў валізу.

— А вы галантны кавалер!

Яны спусціліся ўніз. Дзверы ў гасцёўню былі адчыненыя. Гаспадыня замерла на парозе.

— Ты куды? — з трывогаю запыталася яна ў Арлеты.

— Туды, куды павядзе камісар.

— Вы яе арыштавалі?

Больш гаспадыня ні пра што не запыталася. Праводзіўшы Мэгрэ з Арлетаю позіркам, яна падышла да акна і адсунула штору.

Мэгрэ ўпіхнуў валізу ў машыну і сказаў Лапуэнту:

— Я прышлю каго-небудзь на змену. Прыходзь адразу ў бар на плошчы Рэспублікі.

— Добра, шэф.

Потым Мэгрэ аддаў загад шафёру і пайшоў з Арлетаю.

— Дзе цяпер Марка? — запытаўся камісар у яе ўжо ў бары, заказаўшы два аперытывы.

— Не ведаю. Калі вы прыйшлі да нас упершыню, гаспадыня папрасіла мяне пазваніць яму і сказаць, каб ён болей не прыходзіў і не званіў ёй, пакуль яна сама не акажацца.

— Калі і адкуль вы яму званілі?

— Праз паўгадзіны пасля таго, як вы пайшлі, з рэстарацыі на бульвары Вальтэра.

— Вы гаварылі з ім асабіста?

— Не. Я патэлефанавала Феліксу, афіцыянту з бара «Покер Дас» на вуліцы Дуэ.

— Марка не аказваўся?

— Не. Яна страшэнна нервуецца. Яна старэйшая за яго гадоў на дваццаць і падазрае, што ён падгульвае.

— Грошы ў яго?

— Не ведаю. Але ён прыходзіў таго дня, калі забілі пана Луі.

— А якой гадзіне?

— Каля пяці. Яны зачыніліся ў яе ў пакоі.

— А гаспадыня заходзіла ў пакой Турэ?

— Магчыма. Я не звярнула ўвагі. Ён прабыў у яе прыкладна гадзіну і пайшоў, я чула.

— Хто-небудзь з вас звязваўся з ім пасля па просьбе гаспадыні?

— Не. Яна чакала, што за намі будуць сачыць.

— І што тэлефон могуць праслухоўваць, таксама падазравала?

— Яна аб усім здагадалася, калі вы пакінулі люльку. Ёй палец у рот не кладзі. Я яе не надта люблю, але ўсё-такі мне яе шкада. Яна шалее праз яго. Гэта ўжо хвароба.

Калі прыйшоў Лапуэнт, яны ўжо спакойна гаманілі аб нейкіх драбніцах. Ён сеў, не падымаючы вачэй на дзяўчыну, — яна ж разглядвала яго, усміхаючыся.

— Зараз ты адвядзеш гэтую прыгажуню ў які-небудзь ціхі гатэль і здымеш два сумежныя пакоі. Шукай непадалёк. Калі ўладкуешся, патэлефануй. Глядзі, каб яна ні з кім не сустракалася і не выходзіла з нумара.

Калі Лапуэнт з Арлетаю выйшлі з бара, камісар усміхнуўся: нельга было зразумець, хто каго вядзе, гэтак Лапуэнт заглядваўся на дзяўчыну.

Мінулі два дні.

Афіцыянт Фелікс з бара на вуліцы Дуэ раптам знік. Знайшлі яго на кватэры ў сябра. Ён вытрымаў доўгі начны допыт, але ўранку прызнаўся, што ведае Марка, і сказаў, дзе яго шукаць.

Марка ўцёк з Парыжа і хаваўся ў начлежным рыбацкім доме.

Ён двойчы стрэліў, перш чым яго схапілі, але нікога не параніў. Грошы Турэ ён хаваў у поясе, які яму пашыла Марыета Жыбон.