Выбрать главу

Сто шэсцьдзесят восем разоў, дзень у дзень выходзіў пан Лябро сустракаць невядомага госця, назіраў, як заліты сонцам «Баклан» адплываў ад Ж'янскай касы і ішоў да Паркэроля.

Белая кропка спакваля павялічвалася. Неўзабаве можна было разгледзець пасажыраў на палубе, яшчэ праз нейкі час іх твары. Нарэшце судна прычальвала, і людзі на беразе і на палубе «Баклана» перагукаліся між сабою ў час манеўру слоўцам-другім.

Грузчык падымаўся на судна, выцягваў на бераг скрыні, бочкі, паштальён звальваў на свой вазок мяшкі з поштаю, турысты фатаграфаваліся сем'ямі і ішлі ў гатэль услед за прысланым адтуль хлопчыкам.

Сто шэсцьдзесят восем разоў! Пад страхам смерці, як пісаў Жуль.

Акурат побач з месцам, адведзеным для стаянкі «Баклана», пагойдвалася на вадзе лодка пана Лябро, зробленая па яго спецыяльным заказе на мацерыку. Гэта было сама прыгожае на выспе рыбацкае судна. Яно так зіхацела шклом і меддзю, адпаліраваным дрэвам і начышчаным да бляску металам, што астраўляне назвалі яго «Люстраной шафаю».

Пан Лябро няспынна ўдасканальваў лодку, аздабляў яе і рабіў усё больш камфартабельнай. І хоць даўжыня ў яе была толькі пяць метраў, уладальнік абсталяваў на ёй даволі прасторную, у свой рост, шкляную кабіну — так што судна выдавала больш на які-небудзь буфет, а не шафа.

І вось цяпер пан Лябро ўжо сто шэсцьдзесят восем дзён не карыстаўся лодкаю, хадзіў кожнае раніцы да прычала ў піжаме і пантофлях, пасля ўслед за паштальёнам на пошту — і першы на выспе атрымліваў карэспандэнцыю.

Але чацвёртай паштоўкі прыйшлося чакаць каля шасці месяцаў — і прыйшла яна з Александрыі.

«Не адчайвайся, старая порхаўка! Пад страхам смерці — цяпер як ніколі! А тут горача.

Жуль».

Ад Александрыі да Порт-Саіда, адкуль прыйшла папярэдняя паштоўка, — як плыць морам, дык амаль рукою падаць, варта адно на карту зірнуць. А прайшло ажно паўгода...

Чым мог ён займацца ў дарозе?.. І ўвогуле, чым ён займаўся ў жыцці? Які быў з выгляду? Якога ўзросту? Мусіць, яму не менш за пяцьдзесят, бо столькі ж было і Лябро.

Паштоўка з Неапаля. Праз некалькі тыдняў — з Генуі.

Можа, ён перасаджваецца з судна на судна?.. Але навошта так доўга затрымлівацца ў кожным порце?

Паштоўка сёмая.

«Я прыбываю, гарэза! Пад страхам смерці — ты зразумеў?

Жуль».

Марка на ёй — партугальская. Ну і ну!.. Значыцца, ён не спыніўся ў Марселі. Рабіў круг. Аддаляўся.

І раптам — паштоўка з Бардо!.. Ён зноў набліжаўся. Адтуль да порта насупраць Паркэроля — ноч дарогі чыгункаю.

Але наступная паштоўка прыйшла ўжо з Булоні.

Дзесятая была даслана з Антверпена.

«Пачакай яшчэ крыху, міленькі. Час не прыспешвае. Пад страхам смерці.

Жуль».

— А ён усё-ткі жартаўнік, ваш сябра, — сказала панна Марта, перадаючы Лябро гэтае паведамленне.

«Ці расказвала яна пра гэтыя паштоўкі каму-небудзь?» — узіраўся Лябро ў вочы дзяўчыне.

І вось, нарэшце, цудоўным лагодным ранкам — на моры быў поўны штыль, пад шчодрым сонцам вада так і зіхацела — незнаёмы з'явіўся.

Жуль быў на судне!

Лябро ўпэўніўся ў гэтым ужо тады, калі «Баклан» быў яшчэ толькі за мілю ад паркэрольскага берага. Удалечыні бялела маленькае судна, на палубе якога стаяў адзеты ў цёмнае чалавек — усё адно як невялічкая лялька на дзіцячым карабліку. Але ўжо і з такой адлегласці было відаць, што пасажыр гэты — вельмі высокі.

Чаму Лябро заўсёды здавалася, што незнаёмы — чалавек высокага росту?..

Цяпер ён буйнеў на вачах, з кожнай хвілінаю. Застаючыся ўвесь час нерухомым, ён стаяў каля самага носа, які рассякаў ваду, уздымаючы па абодвух баках судна пышныя срэбраныя вусы марскога шуму.

Аскар Лябро зняў свае чорныя акуляры, з якімі расставаўся, толькі кладучыся спаць. Пакуль ён выціраў запацелыя шкельцы, можна было разгледзець ягоныя вочы: адно — жывое, другое — напалову заплюшчанае, даўно мёртвае.

Нарэшце ён павольна, быццам прысутнічаў на якойсьці ўрачыстасці, надзеў акуляры і машынальна зацягнуўся люлькаю, але тая патухла.

Ён, Лябро, і сам быў высокі і шырокі ў плячах, нават дужы, праўда, трохі ўжо азызлы. Але чалавек на носе «Баклана» ўсё роўна быў вышэйшы, мажнейшы. Ягоная прасторная адзежа — карычневыя палатняныя штаны, чорная люстрынавая куртка, шырокі саламяны капялюш — рабілі яго яшчэ больш вялізным. Дый тое, што ён дагэтуль не зварухнуўся яшчэ са свайго месца, толькі надавалі ягонай постаці важнасці.