Выбрать главу

Калі «Баклан» досыць наблізіўся і чалавека можна было ўжо ўбачыць у твар, ён нарэшце ступіў па палубе некалькі крокаў. Уражанне было такое, нібыта манумент аддзяліўся ад пастамента.

Лябро прыкмеціў, што незнаёмы высока ўзнімае правае плячо.

Незнаёмы падышоў да капітана «Баклана» Батыста, які стаяў у сваёй шкляной кабіне, загаварыў з ім. Лябро здалося, што ён ужо чуў некалі гэты голас. Пасажыр кіўнуў галавою на людзей, што сабраліся на прычале, і капітан, выцягнуўшы руку, тыцнуў пальцам якраз у Лябро.

— Гэта вунь той, — мусіць, дадаў Батыст.

Пасля ён паказаў тым самым пальцам на лодку Лябро і зноў нешта сказаў. Відаць, растлумачыў, чыя гэта лодка.

Людзі на судне і беразе жэстыкулявалі, абменьваліся звычайнымі ў гэтых выпадках словамі. З «Баклана» кінулі трос, які адзін з рыбакоў прымацаваў да кнехта. Судна дало задні ход, прычаліла, але незнаёмы, які, здавалася, зноў прырос да таго месца, на якім спыніўся, заставаўся настолькі спакойны, што можна было ўпэўнена сказаць, нішто на беразе не цікавіла яго.

Каб сысці з судна, ён вымушаны быў высока ўзняць правую нагу — і ўсе адразу зразумелі, што яна ў яго драўляная. Павярнуўшыся тварам да «Баклана», ён пачакаў, пакуль матросы спусцяць па сходах яго старую валізу, вельмі цяжкую на выгляд і абвязаную вяроўкамі, — пэўна, за доўгае яе жыццё абыходзіліся з ёю не надта далікатна.

Пан Лябро так і застыў на месцы, усё адно як загіпнатызаваны ўдавам трус. Цяпер яны стаялі за колькі метраў адзін ад аднаго. Постаці ў іх на самай справе былі вельмі падобныя: прыкладна адзін рост, адной шырыні плечы, адна і тая ж сіла людзей аднолькавага ўзросту.

Жуль ступіў яшчэ некалькі крокаў — паходка ў яго з-за драўлянай нагі была вельмі адметная.

Каля прычала стаяла прыблізна чалавек сорак: рыбакі ў сваіх лодках, грузчык з кааператыўнай крамы, Марыс — уладальнік «Ноевага каўчэга», які прыйшоў забраць з судна правізію ў гатэльную рэстарацыю. Некалькі чалавек апынуліся тут проста так — не было чаго рабіць. Бегала сярод дарослых малое дзяўчо ў чырвонай сукенцы.

Спыніўшыся, Жуль дастаў з кішэні вялізны складны нож. Бліснула лязо. Нейкі час чалавек нібы лашчыў яго сваім позіркам. Пасля нахіліўся. Мабыць, нагу яму адрэзалі да самага сцягна, бо сагнуўся ён папалам, усё роўна як нейкая марыянетка.

Лябро збянтэжана, нічога не разумеючы, глядзеў на яго праз свае чорныя акуляры. Раніца ж была такая светлая, такая зусім звычайная...

«Пад страхам смерці!» — прыгадалася раптам...

Швартоў «Люстраной шафы» быў прымацаваны да пірса. Адным ударам нажа з жудасна шырокім лязом чалавек перарэзаў трос, лодка, падскочыўшы, скранулася з месца — і павольна паплыла па ціхай вадзе.

Людзі на прычале ўтаропіліся вачыма ў свайго былога мэра і аднаногага. Нельга было не здагадацца, што паміж імі былі нейкія асабістыя рахункі.

Выбрык незнаёмага быў да таго нечаканы і недарэчны, што ў натоўпе запанавала цішыня. Адна толькі дзяўчынка ў чырвонай сукенцы залівіста зарагатала, але і яна адразу ж змоўкла.

Аднаногі выпрастаўся, задаволена агледзеў натоўп, нетаропка паклаў нож у кішэню. Калі ж адзін рыбак сабраўся быў зачапіць лодку бусаком, ён ляніва вымавіў:

— Кінь гэта, галубок...

Не было ў гэтых словах ні злосці, ні асаблівай цвёрдасці, але разам з тым адчуваўся ў іх настолькі ўладны загад, што рыбак скарыўся і ніхто больш і не думаў спыніць судна, якое само па сабе выплывала ў мора.

А тут яшчэ і сам Лябро сказаў рыбаку:

— Кінь, Віяль?..

Усе зразумелі: на іх вачах адбываецца нешта дужа незвычайнае.

Дарэчы, і Лябро, і аднаногі гаварылі прыблізна адным тонам, амаль аднолькавым голасам, і ў абодвух быў відавочны паўднёвы акцэнт.

Нават сам Лябро, лоб у якога пакрыўся кропелькамі поту, прыкмеціў у госця гэты акцэнт — і адкрыццё вельмі яго ўразіла.

Жуль рушыў да Лябро.

Тры крокі... Чатыры... Рух пляча, сцягна, рывок драўлянай нагі — увесь правы бок ягонай фігуры неяк дзіўна ўздрыгваў, то падымаўся, то апускаўся...

— Прывітанне, Аскар! — зноў пачуўся ягоны голас, які можна было б назваць лагодным, нават вясёлым.

Лябро, застыўшы на месцы, бы статуя, не выпускаў з зубоў люлькі.

— Ты бачыш, я тут! — усміхаўся Жуль.

— Хадземце да мяне, — ледзь вымавіў у адказ Лябро.

— Ты не хочаш быць са мною на «ты»?

Ні слова ў адказ. У горле ў Лябро захрас камяк. Люлька ў зубах дрыжала.

Жуль агледзеў Лябро з галавы да ног, памацаў рукою тканіну піжамы, кіўнуў на пантофлі.

— А ты, я гляджу, позна ўстаеш! Яшчэ не адзеўся як след...