Здавалася, Лябро пачне зараз прасіць прабачэння.
— Нічога!.. Нічога!.. Гэй ты, карантыш! Але, ты, кухар! — крыкнуў аднаногі Марысу, гаспадару «Ноевага каўчэга», які і праўда быў нізкі ростам і хадзіў у белым кухарскім халаце. — Скажы, каб мой куфар аднеслі да вас!.. І падрыхтуй мне найлепшы пакой!
Марыс зірнуў на Лябро. Той кіўнуў галавою.
— Слухаю, пане...
— Жуль.
— Прабачце.
— Я сказаў, што мяне завуць Жуль... Скажы яму, Аскар, што мяне завуць Жуль.
— Яго завуць Жуль, — паслухмяна паўтарыў Лябро.
— Ідзеш, Аскар?
— Іду.
— У цябе, напэўна, вока не ў парадку? Ану, здымі на хвілінку акуляры, каб я мог паглядзець!
Лябро зняў акуляры, праўда, не адразу. Разгледзеўшы выбітае вока, Жуль прысвіснуў, усё роўна як выказаў гэтым сваё захапленне ўбачаным:
— Нішто сабе, га?.. У цябе адно вока, а ў мяне адна нага. Добрая кампанія!
Ён узяў Лябро за руку, быццам старога сябра, і павёў яго, падскокваючы, да гатэля. Пры кожным кроку Лябро адчуваў рывок драўлянай нагі.
— Ведаеш, я спыніўся б лепш не ў цябе, а ў «Ноевым каўчэзе». Не люблю замінаць людзям. Дый жонка ў цябе не надта памяркоўная. — Ягоны гучны голас быў адначасна і злы і насмешлівы. — Я распытаў пра цябе на «Баклане»... Гэтая старая малпа расказала мне ўсё, што трэба...
Старою малпаю быў капітан судна Батыст — Жуль празваў марака так, напэўна, таму, што яго загарэлы твар парос сівым шчаціннем. Батыст нешта незадаволена буркнуў. Зірнуць на яго Лябро не асмеліўся.
— Калі хочаш, можаш ім сказаць, каб яны паставілі лодку на месца... Яна яшчэ нам спатрэбіцца... Палаўлю і я рыбку... Скажы ім! Ну, чаго ты чакаеш, га?
— Віяль! — крыкнуў Лябро рыбаку. — Злаві лодку і пастаў на месца!
Па твары ў Лябро цёк пот. Акуляры ссунуліся ўніз і блішчалі на мокрым пераноссі.
— Трэба трошкі перакусіць, га?.. — запытаўся Жуль. — А мясціны тут прыгожыя, нічога не скажаш...
Дарога ішла ўгару — яны ўзбіраліся ўверх павольна і важка, бы надавалі гэтай хвіліне ўрачысты характар.
Плошча. Рады эўкаліптаў з пяшчотнай лістотаю. Маленькая жоўтая царква, падобная на цацачны дамок.
— Дзе тут твая хацінка?.. Вось гэтая?.. Ты, я бачу, любіш герань... Паслухай, гэта не твая кабета на нас пазірае?..
Пані Лябро, у бігудзі, развешвала на другім паверсе бялізну.
— Дык праўда гэта, што яна ў цябе не надта памяркоўная?.. Будзе злаваць, калі мы замочым нашу сустрэчу шкляначкай беленькага?
У гэты момант пану Лябро, нягледзячы на яго пяцьдзесят гадоў, вялікі рост і вагу, аўтарытэт багатага чалавека і былога мэра выспы, захацелася ўпасці прылюдна на калені і ўголас маліць: «Пашкадуйце!..»
Больш таго, ён ледзь не зрабіў яшчэ горш. Бо гатовы ўжо быў завыць: «Забіце мяне адразу ж!»
І не таму не зрабіў ён гэтага, што баяўся страціць павагу людзей. Проста пан Лябро не ведаў ужо больш, дзе ён знаходзіцца, не валодаў ні целам сваім, ні думкамі, проста госць трымаў яго за руку, абапіраўся на яго і паволі і ўладна цягнуў да чырвона-зялёнай тэрасы «Ноевага каўчэга».
— Ты, мабыць, часта сюды заходзіш, га?
Лябро адказваў, бы вучань настаўніку:
— Некалькі разоў на дзень.
— Выпіваеш?
— Не... Трохі...
— Але зрэдку хоць напіваешся?
— Ніколі...
— А ў мяне бывае... Убачыш яшчэ... Толькі не бойся... Гэй, там ёсць хто-небудзь?
З гэтымі словамі Жуль падштурхнуў Лябро ў залу кавярні, да бара, які зіхацеў у змроку нікелем.
З кухні выйшла маладзенькая афіцыянтка. Яна яшчэ, мусіць, нічога не ведала пра прыезд такога дзіўнага госця.
— Дзень добры, пан Лябро...
— А мяне завуць Жуль... Дай нам, крошка, пляшку беленькага... І што-небудзь паесці...
Дзяўчына зірнула на Лябро.
— Анчоўсы? — спыталася яна.
— Няхай будуць анчоўсы, — адказаў за Лябро Жуль. — Я бачу, Аскар іх любіць. Анчоўсы дык анчоўсы... Падай нам на тэрасу.
Ён сеў, ці, хутчэй, упаў у лазовае крэсла, выцягнуў драўляную нагу, выцер твар вялікай чырвонай насоўкаю — горача было і яму.
Пасля доўга пляваўся, харкаў. Урэшце паднёс шклянку з віном да вуснаў, паглядзеў яе на святло, уздыхнуў.
— Цяпер ужо лепш!.. За тваё здароўе, Аскар!.. Я заўсёды казаў, што калі-небудзь усё роўна знайду цябе... Пад страхам смерці, памятаеш?.. А дзіўна ўсё ж такі... Я ж зусім не ведаў, які ты...
Ён зноў паглядзеў на Лябро — задаволены, нават шчаслівы.
— А ты тлусцейшы за мяне... У мяне адны мускулы... — Ён напружыў біцэпсы. — Памацай... Ну, не бойся... Я ж толькі і ведаў, што твае імя ды прозвішча, якія ты напісаў на шчытку. А ты не з тых людзей, пра якіх пішуць газеты... Адзін з сарака мільёнаў французаў... Адгадай, як я цябе знайшоў. Ну, адгадай!..