Савецкая ўлада ў Заходняй Беларусі фактычна ня мела на кім аперціся. Яна арыштоўвала й вывозіла ўсякі элемэнт, які супрацоўнічаў з польскімі ўладамі. Ня мела яна таксама даверу да беларускіх грамадаўцаў і сяброў КПЗБ, бо з загаду Сталіна ў 1938 годзе Камуністычная Партыя Польшчы й Камуністычная Партыя Заходняй Беларусі былі разьвязаныя, як выйшаўшыя з-пад маскоўскай кантролі, ды яе сябры ўзятыя на чорны сьпісак, як людзі, што падлягаюць сьледзтву савецкіх ворганаў, як “ворагі народу”. Некаторыя маласьвядомыя беларускія камуністы з КПЗБ, што думалі цяпер прыпадабацца Маскве, ды паклікаліся на сваё сяброўства ў падпольных бальшавіцкіх арганізацыях Заходняе Беларусі, былі арыштаваныя ды сваю кар'еру скончылі ў Салоўках, на Калыме, ці ў іншых месцах зьняволеньня.
Вось чаму бальшавікі сталі выкарыстоўваць беларускую інтэлігенцыю чыста нацыянальных паглядаў, асабліва ў школьніцтве, дзе ім не хапала сваіх людзей. Менск прыслаў толькі сваіх “культуртрэгераў”, кіраўнікоў вышэйшай школьнай адміністрацыі.
Для прыкладу ўспомню абласны сход настаўнікаў у Наваградку ў лістападзе 1939 году пад кіраўніцтвам гэткага “культуртрэгера”, школьнага інспэктара Гутарцовай.
Сход адкрыў першы абласны сакратар партыі Рамашкоў, які на расейскай мове трубадурыў пра магутнасьць чырвонай арміі, якая нас “асвабадзіла”. Мову сваю партыйны шэйк скончыў славаслоўем у чэсьць чырвонае арміі й Сталіна. Потым прамаўлялі іншыя партыйныя тузы, давалі слова мясцовым Беларусам на “падзяку” за вызваленьне. Урэшце выпусьцілі на трыбуну Гутарцову, што мела гаварыць аб школьніцтве. Але й яна доўга малола аб савецкай уладзе й канстытуцыі, аб “радасным і культурным” жыцьці ў Саветах. А калі стомленыя слухачы пачалі крычаць “бліжэй да тэмы”, яна прапусьціла колькі бачын свае пісаніны ды пачала чытаць пра школьніцтва ў такіх-жа напытаных і безьзьмястоўных словах, як і аб прыходзе савецкай улады.
Каб змусіць Гутарцову пакінуць бальшавіцкія тырады ў расейскай мове, заля пачала грымець: “Гаварэце пабеларуску! Пабеларуску!” Тады Гутарцова сьціхла. Вытварылася канстэрнацыя. Змоўкла й заля. Бальшавіцкія тузы ня мелі аргумэнтаў на гэткі супраціў настаўніцкай масы. Дык падняўся першы сакратар партыі ды стаў шаптацца з Гутарцовай і сябрамі прэзыдыі. Пасьля гэтага Гутарцова ўжо наляту перакладала сваю чытань у беларускую мову.
Але якая там была беларуская мова! Мы чулі нейкі расейска-беларускі жаргон, якога нават цяжка прыдумаць. Заля паўгалосна хіхікала, як Гутарцова пыкала, кашляла, шукала слоў. І каб перадаць расейскі зьмест свае пісаніны, як наагул губляла ўсякі зьмест. Яна чырванела й бляднела, губы зрасьліся, і відаць было, як каплі халоднага поту сьцякалі па яе немаладым твары.
Тады партыйны туз, ратуючы цяжкую сытуацыю, абвясьціў перапынак. Ёй быў патрэбны саветчыкам выклікаць ворганы бясьпекі, якія зараз-жа зьявіліся. Агенты ў цывільнай вопратцы зьмяшаліся з настаўніцкай масай, а на вуліцы стаялі энкавэдзіскія аўты з рэзэрвамі.
Пасьля перапынку Гутарцова ізноў зьявілася за трыбунай. Яна цяпер сказала, што будзе прадаўжаць свой даклад парасейску, бо тут яе хіба ўсе разумеюць, а ёй самой лягчэй гаварыць парасейску. Сэнатар Рагуля зморшчыўся, галава Чатыркі бязвольна апала ўніз, іншыя з цынічнымі мінамі глядзелі што будзе далей.
Хутка заля парвала наагул усякі кантакт з Гутарцовай. Настаўнікі глядзелі ў вокны, перашэптваліся між сабой. Заўважыла гэта й Гутарцова, дык даволі хутка скончыла свой даклад. Там-сям нехта пляскаў у далоні (магчыма агенты), а маса прыгнобленая пачала разыходзіцца. Усе зразумелі, што пад маскай камунізму прыйшоў маскоўскі шавінізм, які глуміў Беларусь перад рэвалюцыяй, пры царох. Нехта разьвітваючыся з сваім сябрам, трапна сказаў: “Адзін акупант заняў месца другога!”»
МАСАВЫЯ ДЭПАРТАЦЫІ
У красавіку й траўні 1941 году вычувалася ўжо палітычнае напружаньне. Бясконцыя савецкія эшалоны з войскам і ваеннымі матэрыяламі ішлі на захад. Шосы й вуліцы местаў ламаліся пад савецкімі танкамі. Лёнданскае «БіБіСі» радыё трубіла, што трэба спадзявацца нямецкай атакі на Расею недзе каля 20 чэрвеня. Весткі гэтыя падмацоўваліся бальшавіцкімі масавымі арыштамі жыхарства ды вывазам яго ўглыбкі Расеі ці на Сібір. Акцыя гэтая пачалася 18 чэрвеня 1941 году й трывала аж да нямецкай атакі на СССР 22 чэрвеня.
Апавядалі пазьней ахвяры бальшавіцкага тэрору, што шмат якія цягнікі з арыштаванымі былі атакаваныя нямецкім лётніцтвам, у выніку чаго шмат людзей пагінула. Іншыя масава гінулі ад нялюдзкіх умоваў транспарту, без вады й ежы цэлымі днямі. Трупы памерлых выкідалі праз вокны вагонаў.