Выбрать главу

Каб лепш уявіць усе жудасьці, якія перажывалі дэпартаваныя тады масава зь земляў Беларусі нявінныя людзі, сем'і зь дзецьмі, жанчынамі й старымі, дазволю прывесьці тут ліст майго сябры Вацлава М., сына 12-ці гэктаровага селяніна, сям'я якога складалася зь 7 душ. Цяпер ён жыве ў Аргентыне, а тады перажыў усе жудасьці бальшавіцкага вывазу.

«Дарагі Сябра Язэп!

Буэнос Айрэс, 20.1.53

Перапрашаю за адвалоку з адказам, бо гарачыня 37,5 градусаў адымала ахвоту да пісаньня. Пастараюся адказаць на Твае пытаньні, наколькі дазволіць мая памяць. Пачну храналягічна ад падарожжа, у якіх транспартных умовах нам прыйшлося ехаць у савецкі “рай”.

Пагрузілі нас у Мерах у быдлячыя вагоны, з малым, моцна закратаным акенцам пад самай стольлю. Дзьверы энкавудзістыя зачынілі на ключ, адчынялі на даўжэйшых перапынках, а тады ўвесь транспарт быў абстаўлены кулямётамі, дык усякія ўцёкі былі немагчымыя. Кожны вагон меў два рады нараў, на якіх магло зьмясьціцца 45 чалавек. Дык мы з сваімі рэчамі сьціснутыя былі даслоўна, як селядцы ў бочцы. Пасярэдзіне вагону ў падлозе была невялікая дзіра для адправы натуральных патрэбаў. Першы дзень сорам стрымліваў нас ад карыстаньня ёю. Пазьней кожны зразумеў, што тут ня гульня, а змаганьне за жыцьцё. Гэтак старыя ці маладыя, жанчыны ці дзяўчаты, зьбянтэжана, прыкрываючыся дываном, аддавалі патрэбы натуры…

У часе падарожжа — 18 сутак — далі нам толькі тры разы па місцы зупы. Няшчасныя людзі ратаваліся тым, што змаглі з сабой захапіць, дзелячыся зь іншымі, што й гэтага ня мелі. Тут шмат залежыла ад чалавечнасьці агентаў НКВД: больш людзкія дазвалялі ўзяць з сабой больш харчоў, менш людзкія выстаўлялі ахвяраў на зьдзек сьмерці.

На нас бальшавіцкі хапун напаў а 1-й гадзіне ноччу. Мужчын у бялізьне абшукалі ды паставілі ў куце, а жанчынам загадалі спакавацца за 30 мінут у дарогу. Жанчыны, як жанчыны, настолькі былі перапалоханыя, што заміж браць больш вартасныя рэчы, грузілі вёдры, гаршкі, скавароды ды іншыя рэчы, непатрэбныя ў надзвычайных умовах. Я, стоячы ў куце з узьнятымі рукамі, зьвярнуў увагу жанчынам, што маюць браць, і затое быў прадметам наскоку стражніка, які фізычна гразіў мне расправай. А тымчасам 12 чалавек НКВД глумілі нашу хату: забіралі вартасныя рэчы — гадзіньнік, бранзалеты, лепшую вопратку, а таксама лісты, фатаграфіі, ламалі тынк, падлогу…

У гэткіх умовах прыйшлося нам, нешчасьліўцам, пакідаць сваю Бацькаўшчыну. Толькі ў Мерах, у такіх самых закратаных вагонах, мы сустрэлі сваякоў з булкамі хлеба. Можна было толькі скібамі перадаваць парэзаны хлеб у наш вагон. Брат Віктар (студэнт філязофіі), быў у асобным вагоне, што быў адчэплены ў Глыбокім.

Цягнік, пакуль дабрыў да польска-савецкай граніцы ў Загацьце стаяў на кожнай станцыі ды падбіраў вагоны з зьняволенымі. У Полацку, 20.6.41, я заўважыў ненармальны рух войска й танкаў, што наводзіла ў мяне думкі аб хуткай вайне…

Толькі далёка на расейскай тэрыторыі наш эшалон з 120 таварных вагонаў часьцей спыняўся, і тады выпускалі людзей з вагонаў дзеля натуральных патрэбаў ды набраньня вады. Была ў адным вагоне савецкая крамка, дзе можна было купіць чорны хлеб і соленую рыбу.

У нашым вагоне былі людзі з Браслаўшчыны, Постаўшчыны й Дзісеншчыны. Тут была местачковая інтэлігенцыя, сяляне, крамнікі, рамесьнікі, работнікі. Цяжка было зразумець, гледзячы на гэтую шэрую няшчасную масу, у чым бальшавікі бачылі небясьпеку для свайго панаваньня ад гэтых людзей. Людзі ў вагонах сьпявалі рэлігійныя песьні, галасілі, плакалі. На настоях было забаронена сьпяваць, каб не дэмаралізаваць жаўнераў, што ехалі на фронт. Ад набожных бабуляў энкавудзісты адбіралі маліцьвеньнікі, кантычкі, ражанцы…

І ўрэшце, пасьля цяжкіх мукаў і цярпеньняў, выгрузілі нас у горадзе Барнаул над ракой Об. Колькі тысячаў людзей было сагнана ў чатыры, яшчэ нявыканчаныя, баракі. Тут мы сядзелі й чакалі, пакуль пабудуюць больш баракаў. У міжчасе адбывалася перапіска людзей паводле паходжаньня, занятку, асьветы і г. д. Апытальнікі запаўнялі польскія жыдоўкі з Варшавы й Лодзі, што ўцяклі ў Саветы ў 1939 годзе, калі Немцы занялі Польшчу. НКВД мантавала шпіянаж сярод зьняволеных, сочачы настроі. Аднойчы ўночы аддзел НКВД акружыў наш барак ды зрабіў труску прывезеных рэчаў: забіралі ўсё “небясьпечнае” для савецкай улады — гадзіньнікі, машыны да шыцьця, двуколкі, залатыя рэчы… Тут ужо даслоўна зьвялі ўсіх да жабракоў. Ад цяпер кожны пачынаў “шчасьлівае жыцьцё пад сонцам сталінскае канстытуцыі”!

Хутка нас перасялілі ў пасёлкі, што называліся “ісправіцельнымі трудовымі калоніямі”, якія складаліся з колькіх дзясяткаў баракаў. У загарадзь 5x5 мэтраў садзілі 25 чалавек. Добра, калі ў такім пакоі пасялілі 3–4 вялікія сем'і. Але пераважна людзі былі недабраныя, рознага веку, зь дзяцьмі. У гэткіх умовах нельга было нат адпачыць пасьля працы. Страву трэба было варыць самому, але ў бараку на 400 чалавек была толькі адна кухня зь 10 топкамі. Каб зварыць страву, кралі дровы дзе толькі было магчыма: разьбіралі кладоўкі, выходкі, сушылі быдлячы кал.