Выбрать главу

Ня было й дастаткова вады. У сібірскія маразы ваду давозілі бочкамі за З км. Людзі тапілі сьнег. У гэткіх умовах бруд і вошы сталіся паўсюднымі. У першых тыднях кожны спаў на сваіх лахах. Хутка кожны стаў рабіць сабе гняздо, адгараджваючыся ад суседзяў мяшкамі, посьцілкамі. Гэткім спосабам пакой у бараку стаўся падобным да асінага гнязда, дзе кожны сядзеў у сваёй клетцы.

А што вы думаеце аб сібірскай зіме? Мароз 40 градусаў Цэльсія, баракаў не агравалі. Кожны грэўся ў лахах свае бярлогі. У часе сьнежных бураў — 2 тыдні бяз спыну — не пабачыце прадмету на 2 мэтры. Няшчасны той, каго гэткая бура зловіць у дарозе!

Дзецям і старым былі выдадзеныя харчовыя карткі па 400 гр. хлеба ў суткі, працаздольным па 800 гр. Хто не працаваў, той не даставаў прыдзелу хлеба. Людзі ахвотна ішлі на будаўляную работу, дзе можна было дастаць 800 гр. хлеба, колькі рублёў ды прынесьці дрэва на апал. Жанчыны пераважна хадзілі па навакольных калгасах, жабравалі, выменьвалі, што толькі мелі, на малако ды іншыя харчы.

Палажэньне крыху паправілася год пазьней, калі польскаму эміграцыйнаму ўраду, пры падтрымцы Аліянтаў, удалося дабіцца амністыі для вывезеных грамадзянаў былое польскае дзяржавы. Тады далі людзям агародчыкі, дзе можна было вырасьціць агародніну. За працу, усёроўна прымусовую, плацілі як савецкім работнікам».

НЕМЦЫ РЫНУЛІ НА ЎСХОД

22 чэрвеня 1941 году Вільня як быццам замерла. Глянуў я ў вакно — вуліцы пустыя. Уключыў лёнданскае радыё й зараз пачуў перадачу «БіБіСі»:

«Ноччу Немцы перайшлі савецкую граніцу ды ідуць наперад!»

Значыцца вайна! Мне заняло дух ад радасьці — прыходзяць канцы бальшавікам! Я хутка падзяліўся гэтай весткай з Казлоўшчыкам, які жыў непадалёк ад мяне й пайшоў у шпіталь на працу. Вестка аб вайне, мабыць, была ўжо паўсюдна ведамая з паслухаў брытанскага радыя й шаптанай пошты, бо сустраканыя людзі ішлі з усьмешкай ды глядзелі ўгору, дзе гудзелі самалёты.

Бальшавікі лёталі, як падсмаленыя, добра ня ведалі аб падзеях. Калі іх хто пытаўся, што здарылася, казалі: савецкія манэўры, правакацыйны пагранічны канфлікт зь Нямеччынай! Толькі а 11-й гадзіне дня савецкія рупары затрубілі, перадалі прамову Молатава аб тым, што пачалася вайна зь Нямеччынай, што ўсе савецкія грамадзяне павінны сваімі грудзьмі бараніць «отечества»!

Гадзіну пазьней Вільня ўжо была ў вагні нямецкай паветранай атакі, ад якой ніхто не бараніў, нават «доблестные войны» Савецкага Саюзу. Толькі пазьней падняліся савецкія баявыя самалёты, але нямецкія ганчакі тут-жа зьбілі іх аж 5 над Вільняй. Мы ў галоўным віленскім шпіталі давалі дапамогу параненым савецкім лётчыкам і ахвярам нямецкай бамбоўкі.

У Вільні паўстала жудасная мітусьня. Як пацукі з тонучага карабля, савецкія наезьнікі спрабавалі вырвацца з чужога места ўсякім транспартам. Але нямецкія парашутныя аддзелы перасеклі дарогі да Менску ды абстрэльвалі шлях на Маладэчна. Некаторыя з бальшавіцкіх тузоў, ня маючы падручнага транспарту, спрабавалі захапіць амбулянсы скорай дапамогі, але шофэры папсавалі машыны, або іх пахавалі ў розных сховішчах.

Трэцяга дня вайны, колькі гадзінаў перад уваходам нямецкіх войскаў у Вільню, жамойцкія вайсковыя аддзелы, што пасьля далучэньня Летувы да СССР былі на службе чырвонай арміі, збунтаваліся супроць бальшавікоў ды перабілі шмат якіх насадных камуністаў. Сваіх аднак яны не чапалі.

Атака гітлераўскай арміі на Савецкі Саюз была прыхільна сустрэтая й савецкімі жаўнерамі, якія таксама чакалі пераменаў у іх нявыносным жыцьці. Таму ня было большага супраціву на ўсіх адрэзках фронту. Ужо ў першым тыдні вайны Немцы акружылі міліённыя масы савецкіх жаўнераў у раёне Беластоку, на Валыні, у Галіччыне, Падольлі. Таму так хутка да і бяз большага супраціву былі «вызваленыя» Прыбалтыка, Беларусь і Ўкраіна.

Засьлепленыя гітлерызмам Немцы думалі, што гэтай удачы яны дабіліся дзякуючы расавай вышшасьці, еднасьці, спраўнасьці іхнага войска, ды «беспамылковага» камандаваньня «Фюрэра», якога імя спалохалася савецкае войска. Гітлер і ягоная прыбочная шайка не аднойчы крычалі: «Не шкадуйце людзей на Ўсходзе, тарнуйце тэрор, руйнуйце ўсё зь зямлёй!.. Славяне ня здольныя да абароны й да кіраваньня дзяржавай без дапамогі Немцаў!»