Выбрать главу

Маючы да трох мільёнаў савецкіх палонных, Гітлер пачуўся пераможцам ды загадаў зьнішчаць ваеннапалонных холадам, голадам, пошасьцямі ды масавымі забойствамі ў спэцыяльных скляпох, як гэта я бачыў у Бухэнвальдзе, а бальшыня зь іх гэта былі людзі, што ўцякалі ад сталінскага тэрору ды шукалі ратунку ў Немцаў. Дзе былі лягеры палонных, або дзе палонных пераганялі, усюды там засталіся тысячныя брацкія магілы нявінных савецкіх людзей! Часам, як гэта было ў Беразьвеччы й у Новай Балейцы, палонныя штурмам, пад кулямётным агнём, разрывалі калючую агародку ды ўцякалі ў лес, скуль пазьней палявалі на Немцаў, як на дзіч.

Першым ваенным начальнікам Вільні й ваколіцы быў Цэгнфэніг. Ягоны першы загад гучэў:

1. Па захадзе сонца ніхто ня можа выходзіць з сваіх хатаў. За ўсякія зборышчы — кара сьмерці.

2. Усе мусяць здаць усякую зброю. За няздачу — сьмерць.

3. Жыды вынятыя з-пад права. Яны маюць гуськом хадзіць вуліцай, а ня ходнікамі. За перахоўваньне Жыдоў — сьмерць.

4. За рабунак жыдоўскае маёмасьці — сьмерць.

5. За заражэньне жанчынай нямецкага жаўнера вэнэрычнай хваробай — сьмерць.

6. За супраціў нямецкім уладам — сьмерць, і г. д.

Аб нейкай грамадзкай дзейнасьці ў гэткіх умовах страх было й думаць. Аднак-жа праф. В. Іваноўскі з У. Казлоўскім адведалі нямецкага ваеннага камэнданта, прадставілі яму беларускую справу ў Вільні ды дасталі дазвол на арганізаваньне Беларускага Нацыянальнага Камітэту, які меў рэпрэзэнтаваць беларускія інтарэсы перад нямецкімі ўладамі, займацца самапомачай і культурнымі справамі, ды супрацоўнічаць зь Немцамі ў арганізацыі мясцовае адміністрацыі.

На першую зборку ў памяшканьні пры вуліцы Міцкевіча 4, трэці паверх, прыйшло больш 60 чалавек. Усе былі згодныя, што ў новых ваенных умовах Беларусы мусяць быць арганізаваныя, бо інакш іх кожны будзе крыўдзіць. Быў выбраны кіруючы камітэт у складзе:

Старшыня — праф. В. Іваноўскі.

1-шы заступнік — др. Я. Малецкі.

2-гі заступнік — др. Б. Грабінскі.

Сакратар — 3. Коўш.

Скарбнік — У. Казлоўскі.

Культурна-школьны рэфэрэнт — У. Кароль.

Стварэньне ў Вільні Беларускага Нацыянальнага Камітэту зрабіла не малое ўражаньне на Жамойцаў, што цяпер яшчэ горш як пры саветах стараліся нідзе не дапусьціць Беларусаў да голасу, а таксама на Палякаў, што пры дапамозе дзяўчат-перакладчыц выкарыстоўвалі Немцаў для польскай справы, ды, зразумела, і на нашых суродзічаў, якія пабачылі, што й Беларусы не адстаюць.

Беларускі Нацыянальны Камітэт у Вільні стаўся абаронцам беларускага жыхарства ўва ўсёй Вільні й й Віленшчыне. Сюды штодня прыходзілі й прыяжджалі людзі, пераважна пакрыўджаныя рознымі перакладчыкамі, «фольксдойчамі» мясцовага паходжаньня, Летувісамі, мясцовай паліцыяй, варожа настаўленай да Беларусаў. Яны часта шукалі дапамогі ў абароне сваіх родных, арыштаваных з нагавору варожых элемэнтаў. Гэтак, прыкладам, польскі асаднік у Жодзетках, Сакалоўскі, вынішчыў шмат сьвядомых Беларусаў у мястэчку, нацкоўваючы на іх, як на камуністаў, Немцаў. Гэткіх ахвяраў крывавай расправы былі соткі.

Дайшло да таго, што нямецкая ваенная камэндатура ў Вільні ставіла перад БНК справу пераняцьця ўлады ў Вільні. Мы згадзіліся, ды былі перашкоды ў сьпешным сарганізаваньні патрэбнага паліцыйнага аддзелу ў сіле 350 чалавек. Хутка, бо 17 ліпеня 1941 году, Гітлер абвесьціў устанаўленьне на занятых землях цывільнай нямецкай улады ў выглядзе «Рэйхскамісарыяту Остаянд», у склад якога ўваходзілі, як адміністрацыйныя адзінкі, краі Прыбалтыкі й Беларусь. Вільня зь Віленшчынай прыдзяляліся да «Генэральнага Бэцырку Літаўэн», значыцца паводле савецкіх межаў. Гэткім парадкам Жамойцы здолелі захапіць мясцовую адміністрацыю ў свае рукі.

Хоць нямецкія ўлады гарантавалі БНК і беларускаму жыхарству Вільні правы на нацыянальна-культурнае жыцьцё, ды цяпер даводзілася весьці змаганьне з асьлепленымі ашалелым шавінізмам Летувісамі за кожную драбніцу. Яны абкрадалі ўсіх і ўсё, дзе толькі дарваліся, нікога нідзе не дапускалі, справы перад нямецкімі ўладамі тармазілі, хвабрыкавалі ўсякія даносы, як сама тыповыя нявольнікі выслужваліся перад Немцамі, выконвалі ролю катаў і экзэкутараў, асабліва на жыдоўскім жыхарстве, на масах зьняволеных і арыштаваных па турмах.

Я асабіста меў магчымасьць сустракацца зь іхнымі дзеячамі ў розных афіцыйных, прыватных і тайных гутарках і прыходзіў да адной высновы: з гэтымі непапраўнымі шавіністамі ніхто ніколі не дагаворыцца.