Выбрать главу

Доўга мы змагаліся за права на выдаваньне беларускай газэты ў Вільні. Жамойцы ўвесь час вылазілі са скуры, каб не дапусьціць да яе друку. Урэшце мы пераканалі Немцаў, што гэткая газэта будзе паказьнікам прыхільнасьці беларускага жыхарства да Немцаў, ды адначасова будзе сьведчыць аб нямецкай спагадзе беларускай нацыі ў «новым парадку» Эўропы. Пасьля гэтага быў дадзены дазвол на выдаваньне тыднёвіка «Беларускі голас» ды была выдзеленая на гэта папера. Аднак Летувісы кралі нашую паперу, давалі нам благую друкарню, ды ставілі іншыя перашкоды.

Калі-ж усе гэтыя перашкоды былі ліквідаваныя й газэта пачала рэгулярна выходзіць пад рэдакцыяй пісьменьніка Францішка Аляхновіча, паўсталі новыя перашкоды: Жамойцы ня прымалі нашай газэты на пошту, у прадажныя стоішчы. Прыйшлося арганізаваць сваю «пошту» й свае кіёскі. На правінцыю развозілі «Беларускі голас» 13 нашых кур'ераў-кальпартэраў. Сярод іх былі вялікія патрыёты. Гэтак кальпартэр Лапуць ужо тры гадзіны па выхадзе газэты распаўсюджваў яе на лініі Вільня — Вялейка — Маладэчна — Валожын, на працягу трох гадоў — 7000 экзэмпляраў. Зьгінуў ён сьмерцяй героя ў часе выконваньня сваіх абавязкаў ад кулі бальшавіцкіх агентаў. Чэсьць ягонай памяці!

Іншы кальпартэр, Беларус з Смаленску, Яфрэмаў, распаўсюджваў газэту на лініі Вільня — Менск. Ён пры гэтым крыху гандляваў, але частку свае здабычы ахвяроўваў Беларускаму Камітэту на бедных. На лініі Вільня — Шчучын газэту развозіла студэнтка Віленскага ўнівэрсытэту. Кальпартэры ня толькі газэту развозілі, але мелі свае месцы яе продажы, а належныя грошы прывозілі ў адміністрацыю «Беларускага голасу». Сярэдня за 4–5 месяцаў зьбіралася да 13–15 тысячаў нямецкіх марак. Тыраж газэты пад канец існаваньня дасягнуў 22 000 экзэмпляраў. Ворагі нашыя скрыгаталі зубамі.

Беларускі Нацыянальны Камітэт у Вільні, хоць і на паўафіцыйным толькі становішчы, ды выканаў аграмадную ролю. Ён ратаваў арыштаваных на аснове хвальшывых даносаў, падбіраў кадры культурных і адміністрацыйных працаўнікоў, якіх было да 800 чалавек на розных становішчах, выцягваў палонных беларускага паходжаньня з-за дроту, складаў мэмарыялы нямецкім уладам у важнейшых нацыянальных справах. Пры Камітэце была адноўленая беларуская кнігарня «Пагоня», у якой прадаваліся беларускія кніжкі даваенных выданьняў.

ЛЁС БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛ-САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ПАРТЫІ

З прыходам Немцаў да Вільні Ў. Казлоўскі (Казлоўшчык) думаючы, што настаў час для дзейнасьці Беларускае Нацыянал-Сацыялістычнае Партыі, якая існавала пры польскай дзяржаве, разгарнуў партыйную працу нанава. За два тыдні павялічыў лік сяброў да 150 чалавек. Калі ён аднак-жа паведаміў нямецкія акупацыйныя ўлады, што БНСП існуе ды хоча супрацоўнічаць зь імі, Немцы загадалі паўстрымацца зь дзейнасьцю да часу паразуменьня з цэнтральнымі ўладамі ў Бэрліне. Адтуль хутка прыйшла дырэктыва, што Нямеччына свой нацыянал-сацыялістычны лад мае для сябе й ніякі іншы народ не ўпаважнены да тварэньня сваёй падобнай партыі. У дырэктыве забаранялася праводзіць далейшую дзейнасьць БНСП.

Пасьля, у прыватных гутарках Казлоўшчыка з заступнікам шэфа Гестапо на Летуву, Шольцам, выясьнілася, што Гітлер упэўнены ў перамозе й ніякае супрацоўніцтва зь іншымі народамі яму непатрэбнае. Беларусы, як прыхільная Немцам нацыя, зоймуць лепшае месца, чымся прыкладам Жыды, Палякі ці Расейцы, ды пасьля сканчэньня вайны будуць мець свой жыцьцёвы прастор ува ўсходняй Эўропе. Дзеля гэтага Гітлер уключыў Беларусь у склад народаў Прыбалтыкі. Усякага самапраўя, нават сабе карыснага, Немцы ня любяць, як прыкладам самавольнае вынішчэньне Летувісамі Жыдоў у Вільні ды жамойцкіх мястэчках. За гэта яны не дастануць ніякіх палёгкаў, зь іх будзе сьцягвацца дань.

Казлоўшчык зразумеў, што гульня з сваёй партыяй бескарысная ды рызыкоўная, дык уключыўся ў працу БНК у Вільні, пасьля-ж выехаў да Менску на становішча рэдактара «Беларускае газэты», дзе ў 1944 годзе загінуў ад кулі ворагаў.

Галавой БНСП быў не Казлоўшчык, яе сакратар, а Фабіян Акінчыц, які прабываў у Бэрліне. З даручэньня гітлераўцаў Акінчыц з савецкіх палонных выдзяляў Беларусаў у адумысныя перашкольныя табары пад Бэрлінам, дзе рыхтаваліся кадры людзей, сьлепа пакорных нацыскай Нямеччыне, Фюрэру й нацыскім інтарэсам. Вось да гэтага Акінчыца, як лідара беларускіх нацыянал-сацыялістых, выкарысталі Немцы. Гэта быў фанатык, які верыў, што нізкай услужлівасьці гітлераўцам здабудзе ў іх давер і што за гэтым — ўладу ў Беларусі. Ён нават зьбіраўся ў часе вайны рабіць «чыстку» ў радох беларускіх актыўных дзеячаў, што ўзяліся за адбудову краю ў жудасных ваенных умовах.