Выбрать главу

Да мяне Акінчыц меў давер і пра гэта, пры маіх наведзінах Менску, мне гаварыў. Як «гнілых дэмакратаў» і «рэакцыянераў» ён называў М. Шкялёнка, Я. Станкевіча, А. Адамовіча, а. В. Гадлеўскага, ды іншых. Ён, за згодай Немцаў, па ўсей Беларусі стаў насаджваць у аддзелах прапаганды пры нямецкіх акруговых камісарах, у Саюзе Моладзі, у СД, сваіх выхаванцаў з савецкіх ваеннапалонных, а на ягоныя даносы Немцы пачалі нішчыць вядучых беларускіх дзеячаў. Нічога дзіўнага, што беларускі журналіст Алесь Матусэвіч, які падаўся ў лес да бальшавіцкіх партызанаў, паказаў на Акінчыца, як на найбольшую небясьпеку для беларускага народу. Яму была даручаная й ліквідацыя гэтага засьлепленага калябаранта.

Акінчыц быў тыповы сярэднявечны сэктант-фанатык, які ўсіх інакш думаючых ахвотна кідаў-бы ў агонь. Небясьпечныя норавы Акінчыца стрымліваў Казлоўшчык, але ён ня меў магчымасьці яго кантраляваць. Калі я сачыў дзейнасьць Акінчыца, я ня мог зразумець, дзе ў ім канчаецца варожы беларускай нацыянальнай справе авантурыст, а дзе пачынаецца псыхапат.

ЗМАГАНЬНЕ ЗА БЕЛАРУСКІ САМАЎРАД

У першыя месяцы нямецкае акупацыі Беларусы, як усімі перад гэтым уцісканая нацыя, ня мелі магчымасьці апанаваць адразу адміністрацыю, судоўніцтва, транспарт, пошту, ды іншыя галіны грамадзкага жыцьця. Нямецкія ваенныя ўлады ня дбалі, хто іх наладзіць, каб толькі ў нямецкую карысьць. Вось дзеля гэтага мясцовая адміністрацыя ў Беларусі ў некаторай меры апынулася ў руках небеларускіх элемэнтаў: Палякаў, Жамойцаў, Расейцаў, ці бо ў бальшыні агентаў варожых нам інтарэсаў.

У выніку ў першыя месяцы нямецкае акупацыі Беларусы на ўсёй сваёй этнічнай прасторы панесьлі вялікія страты ў сваіх і так вельмі сьціплых кадрах нацыянальнае інтэлігенцыі, бо на кожнага актыўнага Беларуса выцягваўся палец варожае рукі, які Немцам паказваў на яго як на камуніста — ворага гітлерызму. Даводзілася выбіваць гэты «козыр» з рук нашых ворагаў ды выясьняць, што гэта зламысныя зьвінавачваньні, і што Беларусы — найбольшыя якраз ахвяры бальшавізму, бо гэта яны пры ўсякіх рэжымах змагаліся за аднаўленьне свае свабоды й незалежнасьці.

Усьведамленьне Немцаў заняло некаторы час, ды хутка й яны зразумелі праўду нашых меркаваньняў. Але за гэты час зь нямецкай рукі, нацкаванай ворагамі нашага народу, пала шмат нявінных патрыётаў, як Адам Дасюкевіч, аграном у Браслаўшчыне, якога Немцы застрэлілі, як ворага гітлерызму. Было шмат падобных выпадкаў і па ўсіх іншых паветах. У кароткіх словах я тут апішу, як акцыя беларусізацыі адміністрацыі праводзілася ў Браслаўшчыне, Лідчыне й Горадні.

Каб апанаваць Браслаўшчыну, мой па паходжаньні павет, паехалі туды ў першых днях жніўня 1941 году я, Алёйзы і Ўладзіслаў Пяцюкевічы, ды яшчэ адзін Беларус, прозьвішча якога ня помню. Нашым заданьнем было дапамагчы арганізаваць сваю беларускую адміністрацыю, бо ў міжчассе гэтая адміністрацыя апынулася ў варожых руках.

У Браслаўі мы правялі перамовы зь нямецкім камісарам павету Аўстрыйцам Кавальскім ды ягоным супрацоўнікам Васілеўскім. Пасьля мы склікалі сход беларускае інтэлігенцыі Браслаўя, падбадзёрылі яе, далі рады й дырэктывы. Кавальскі пачаў уступаць. Было наладжанае беларускае школьніцтва, адміністрацыя ў 50 % была абсаджаная Беларусамі. У часе нашага прабываньня ў Браслаўі мясцовыя спалячаныя элемэнты ўдалі Немцам, як «камуністых», братоў М. і П. Дварэцкіх. Мы ўступіліся ў зондэрфюрэра за Дварэцкіх, як ведамых актыўных Беларусаў і яны зараз-жа былі звольненыя з арышту ды пастаўленыя ў Браслаўшчыне войтамі. Дзейным у Браслаўшчыне быў асабліва Алёйзы Пяцюкевіч, які атакаваў даношчыкаў як з польскага, так і расейскага боку, ды нівечыў іхныя варожыя інтрыгі.

Гэтак уся Браслаўшчына ўзьнялася да беларускае дзейнасьці ды змаганьня супроць наскокаў з бальшавіцка-расейскага й польскага бакоў. Тры гады пазьней фольксдойч Кавальскі, бурмістр Браслаўя, быў павешаны Немцамі за праступкі супроць нямецкіх інтарэсаў.

Васілеўскі-ж кар'еру скончыў у канцэнтрацыйным лягеры.

Хутка мы вярнуліся да Вільні й склалі для БНК справаздачу з палажэньня ў Браслаўшчыне ды нашае там дзейнасьці. Па нейкім часе на адным з паседжанняў БНК абмяркоўвалася цяжкое палажэньне Беларусаў у Лідзе. Пастаноўлена было выслаць у Ліду падмогу. У яе складзе быў Юстын Мурашка, браты Пяцюкевічы й я, з тым, што я меў вярнуцца.

У Ліду мы прыехалі грузавіком да ведамага слуцкага паўстанца А. Кабылкіна. Хутка склікалі напалоханую польскім падпольлем беларускую інтэлігенцыю. У гутарках выявілася, што ў Лідзе ды Лідчыне спачатку Немцы хацелі абаперціся на Беларусаў, ды нават прапанавалі Кабыліну заняць становішча бурмістра Ліды. Ён аднак-жа, напалоханы варожым падпольлем, польскім і бальшавіцкім, адмовіўся. Таксама ў паветах Лідчыны ня ўсюды знайшлося дастаткова мясцовай беларускай інтэлігенцыі, каб абсадзіць школьніцтва, паліцыю, адміністрацыю, судаўніцтва.