Выбрать главу

Прыйшлося змагацца за кожнага нашага чалавека ў гарадзкой управе, ісьці на цяжкія сутычкі зь нямецкім камісарам, які не падтрымоўваў Беларусаў. Пасьля, калі польскае падпольле сталася агрэсіўным ня толькі да Беларусаў, але й да Немцаў, згодна з загадам польскага экзыльнага ўраду ў Лёндане ды ў сувязі з акцыяй Андэрса ў Саветах, Немцы зразумелі, што з Палякамі ім не па дарозе. За двух забітых на вуліцах места Немцаў яны зьліквідавалі ўсю віднейшую польскую інтэлігенцыю ў Горадні, каля 100 чалавек.

ПАВАРОТ ДА ВІЛЬНІ

Зь пераходам Горадні й Горадзеншчыны да Прусаў, як «складовай часткі Трэцяга Райху», там апалі рукі ўсіх Беларусаў. Беларускі Камітэт мог цяпер займацца толькі беларускімі культурнымі справамі. Амаль нічога нельга было зрабіць у адміністрацыі, у арганізацыі паліцыі ды іншых дзялянках. У сярэдзіне лістапада 1941 году да Горадні прыехаў з Баранавіч інж. А. Русак разам з шэфам СД баранавіцкага палітычнага цэнтру, каб забраць усіх амаль дзейных Беларусаў з Горадні для працы на заходніх землях Беларусі, што належалі да Галоўнага Камісарыяту Беларусі.

Тады выехаў да Баранавіч В. Папуцэвіч, а разам зь ім каля 100 Беларусаў для беларусізацыі адміністрацыі акругаў Баранавічы, Слонім, Наваградак Ліда. Я-ж вярнуўся на сваю «базу» ў Вільні. Горадзенскі Беларускі Камітэт усё-ж ня спыніў свае дзейнасьці. Кіраўніцтва яго цяпер пераняў дзейны й мужны Беларус, горадзенчук Якуцэвіч, які з сваімі іншымі сябрамі й сяброўкамі вёў далей працу ў Камітэце ды ў беларускай школе аж да прыходу летам 1944 году бальшавікоў.

У віленскім Беларускім Нацыянальным Камітэце я даў справаздачу з палажэньня ў Горадні й Горадзеншчыне ды мае там працы. Там-жа даведаўся, што адусюль надыходзяць трывожныя весткі, што актыўныя Беларусы апынуліся пад нажом нямецкай цывільнай улады, ды якую супроць Беларусаў нацкоўвалі польскія элемэнты, кажучы, што беларускім рухам кіруюць былыя камуністы. Пад гэтыя нашэпты па валасьцях і мястэчках арыштоўваліся беларускія дзеячы і шмат хто зь іх нявінна загінуў.

Для беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі ня было іншага выхаду, як ісьці за радай праф. В. Іваноўскага, які казаў: «Спадары, няма іншага для нас, як абароньнікаў нацыі, выхаду, як толькі пераймаць усюды ўладу, браць зброю ў свае рукі, паралізаваць усю дзейнасьць нашых нацыянальных ворагаў!» Хутка ён сам, Казлоўшчык і шмат іншых паехалі зь Вільні да Менску, каб там пры Галоўным Камісарыяце Беларусі арганізаваць цэнтральныя беларускія ворганы. Прафэсар В. Іваноўскі заняў становішча бурмістра Менску. Я-ж аўтаматычна пераняў старшынства БНК у Вільні.

Цяпер галоўным заданьнем Камітэту было падбіраць кадры дзеячаў на судзьдзяў, адміністратараў, настаўнікаў, культурнікаў, ды кіраваць іх у Генэральную Акругу Беларусі дзеля праводжаньня там нацыянальнае, у розных галінах, працы. У гэтым часе выехала ў розныя месцы Беларусі колькі сот Беларусаў Вільні.

У сваёй дзейнасьці віленскі, як і іншыя беларускія камітэты па ўсёй Беларусі, мелі ўсё-ж не малое прызнаньне й голас у нямецкіх уладаў. Гэта дало магчымасьць, не зважаючы на варожую дывэрсію польскага й бальшавіцкага падпольля, разгарнуць вялікую нацыянальную дзейнасьць на карысьць свайго народу.

ГОСЬЦІ Ў КАМІТЭЦЕ

Хоць Вільня ў часе вайны і ўходзіла ў Акругу Летувы, ды для Беларусаў яна заўсёды была сэрцам бацькаўшчыны. Калі-ж хто меў магчымасьць быць тады ў Вільні, ня мог ён не заглянуць да свайго Беларускага Камітэту. Адным зь першых Камітэт наведаў а. В. Гадлеўскі, які зь першых дзён нямецкай інвазіі СССР сваімі палкімі прамовамі ў бэрлінскім радыё клікаў беларускі народ на змаганьне супроць бальшавізму за сваю свабоду. Цяпер ён ехаў да Менску на становішча Галоўнага Школьнага Інспэктара.

На прыезд а. В. Гадлеўскага ў Камітэце сабралася шмат суродзічаў. Гадлеўскі ў сваёй прамове накрэсьліў праграму дзейнасьці ў умовах вайны. Ён зазначыў, што Немцы ня маюць для нас пазытыўнае праграмы, абяцаюць нейкае нявыразнае існаваньне, ня хочуць супрацоўніцтва за цану нейкіх гарантыяў для нашага народу на будучыню. У такой сытуацыі застаецца самім Беларусам тварыць дакананыя факты, не азірацца на іхныя дазволы. Трэба ўсюды арганізаваць школьніцтва, адміністрацыю, паліцыю, судаўніцтва, варштаты працы. Інакш мы загінем як нацыя. Прамова на ўсіх зрабіла вялікае ўражаньне. Некаторыя былі заскочаныя гэткім тонам, дысанантным зь ягонымі радыевымі заклікамі. Іншыя зразумелі, што ад новага акупанта трэба вырываць, што дасца.