Выбрать главу

Пасьля мяне выступалі яшчэ настаўнікі Тышкевіч і Кароль з падобнымі меркаваньнямі. Сівіца маўчаў, але было відаць, што ён выразна незадаволены з настрояў віленскае беларускае інтэлігенцыі. Кс. В. Галееўскі пасьля дзякаваў усім прамоўцам за абарону беларускага школьніцтва й казаў, што ён такой самай думкі.

Было шмат візытаў у Камітэце й з боку нямецкага адміністрацыйнага апарату: акруговых камісараў Віленшчыны, Лідчыны, Наваградчыны, СД, барона Аўгена фон Энгельгарта, аўтара кнігі пра Беларусь «Вайсрутэніен», што была напісаная з даручэньня нямецкага ўраду.

Калі ўжо гаворым пра знатнейшыя візыты, дык чаму ня ўспомніць пра цікавейшыя нашых суседзяў?

Гэтак, дзесьці ў травені 1943 году, у БНК зьявіўся нейкі каталіцкі ксёндз, прозьвішча ня памятаю, з студэнткай Хмялеўскай, ды прасіў інфармацыяў аб 13-ці каталіцкіх ксяндзох, што былі высланыя мітрапалітам Р. Ялбжыкоўскім на землі ўсходняе Беларусі для «аднаўленьня» там каталіцкага жыцьця. Аб лёсе гэтых місіянераў я й сам тады нічога ня ведаў. Даходзілі толькі чуткі, што гэтыя духоўнікі былі прасьледваныя беларускімі ворганамі, ды таксама й Немцамі, як нелегальныя польскія эмісары Ялбжыкоўскага, ведамага стаўпа польскага шавінізму ў царкоўнай дзялянцы.

Вось гэта я й сказаў гэнаму ксяндзу, дадаючы, што сярод гэтых вестак адна даволі пэўная — правадыр «місіянерскай» групы, кс. Глябовіч, ведамы польскі агітатар у каталіцкай акцыі, расстраляны. Іншыя знаходзяцца ў розных арыштах. На пытаньне, ці я мог-бы нешта дапамагчы ў справе вызваленьня арыштаваных, я адказаў, што віленскі Беларускі Камітэт ня мае права інгерэнцыі ў справы Генэральнай Акругі Беларусі. Гэткія справы належаць да генэральнага камісара Беларусі Кубэ. Дэлегацыя адышла з сумам. Пасьля я даведаўся, што амаль уся «місія» была зьліквідаваная, як польская агентура, ды ня раз думаў, што маральную адказнасьць за іхнюю сьмерць нясе ведамы прасьледнік Беларусаў Р. Ялбжыкоўскі, які спрабаваў заварыць новую польскую авантуру, цяпер на землях усходняе Беларусі.

Зь Беларусаў назаву некаторых, якія ў часе вайны займалі высокія становішчы ў Галоўнай Акрузе Беларусі, ды якія ў той ці іншы спосаб мелі кантакт з БНК ў Вільні, а разам і са мной.

У. Шавель — студэнт права Віленскага Ўнівэрсытэту, шчыры Беларус, маламоўны, але разважны, дзейны чынам у важных сытуацыях. Быў камендантам паліцыі ў Менскай акрузе ў 1943 годзе, трымаў паліцыю ў беларускім духу, асабліва калі зьявілася дывэрсія з боку польскага, а пасьля маскоўскага. Справакаваны пасьля з двух бакоў, бальшавіцкага й нямецкага, згубіў давер да Немцаў ды ў восені 1943 году скрыўся на Палесьсі й усякія сьляды па ім прапалі.

Юстын Мурашка, стары, яшчэ нашаніўскі, беларускі дзеяч. У лістападзе 1941 году быў бурмістрам места Ашмяны, дзе сарганізаваў беларускае школьніцтва й адміністрацыю. Пасьля далучэньня Ашмян да Летувы, быў бурмістрам у Валожыне. Дзе Мурашка быў бурмістрам, там варожыя сілы з боку польскага, летувіскага й расейскага маглі толькі скрыгатаць зубамі.

Алёйзы й Уладыслаў Пяцюкевічы. Яны першыя адгукнуліся да працы ў часе вайны ў радох нашых збройных сілаў. Дзеілі ў Браслаўшчыне, у Баранавіцкай, Слонімскай і Наваградзкай акругах, былі ў радох паліцыі, у беларускім батальёне СД, у беларускай супроцьбальшавіцкай партызанцы ў Слонімшчыне, усюды вызначаліся патрыятызмам, адвагай, актыўнасьцяй. Абодва загінулі ў барацьбе. Алёйзы больш году сядзеў у канцэнтрацыйным лягеры Калдычэва ля Баранавіч, а выратаваны сябрамі ў часе ліквідацыі гэтага лягеру, паў на фронце пад Варшавай. Другі, Уладыслаў, паў ад варожай кулі ў часе выконваньня службовых абавязкаў у Слоніме.

Інж. Адам Дасюкевіч — ціхі, працавіты патрыёт, былы старшыня Беларускага Студэнцкага Саюзу ў Вільні, сябра Беларускага Нацыянальнага Камітэту, займаў становішча старшыні Постаўскага павету. Застрэлены зондэрфюрэрам за тое, што ў вызначаны дзень ня прыбылі ўсе сялянскія падводы з пастаўкай збожжа на высылку ў Нямеччыну.

Альбін Сянькевіч, сябра Беларускага Народнага Аб'яднаньня, стойкі патрыёт. Выконваў функцыі кальпартэра беларускай прэсы й літаратуры ў Глыбоччыне. Паў ад кулі польскага падпольля.

Язэп Найдзюк, друкар, былы рэдактар часопісу «Шлях моладзі», дзейны сябра розных нацыянальных арганізацыяў у Вільні. Увосені 1941 году пераехаў да Менску ды працаваў у выдавецтве падручнікаў Школьнага Аддзелу. Напісаў у часе вайны й выдаў нарыс гісторыі Беларусі «Беларусь учора й сяньня», які служыў у той час амаль адзіным падручнікам для пазнаваньня гісторыі Беларусі й беларускага вызвольнага руху.