Выбрать главу

Др. Янка Станкевіч, мовавед, горача й стойка бараніў беларускія справы ў галіне гісторыі, культуры, мовы, школьніцтва і г. д., так перад Жамойцамі ў Вільні, як пазьней, пераехаўшы да Менску ў канцы 1941 году, перад Немцамі. Працаваў у Самапомачы, у Школьным Аддзеле, у Радзе Даверу. Выдаў у Менску брашуру «Кароткі нарыс зь гісторыі Крывіі». Сярод беларускае інтэлігенцыі заўсёды меў шмат праціўнікаў найперш за свае дзівосныя «рэформы» беларускае мовы, у якую ўводзіў розныя ўстарэлыя словы й няўдалыя наватворы ды «арыгінальныя» граматычныя формы. На ягоную заслугу аднесьці трэба папулярызацыю слова «спадар», якое замацавалася на падмену польскага «пан» ды расейскага «господін». Кс. Гадлеўскаму, як Галоўнаму Школьнаму Інспэктару, давялося мець вялікія клопаты з наватарствамі Я. Станкевіча, якія ён пнуўся правесьці ды замацаваць у школьных падручніках, што тармазіла іх выданьне.

А. Цьвячкоўскі, гадунец айцоў Марыянаў у Друі, клерык Віленскай Духоўнай Сэмінарыі, у часе вайны вярнуўся да сьвецкага стану. Спачатку, у 1941 годзе, быў настаўнікам беларускай пачатковай школы ў Вільні, пасьля-ж працаваў у Менску. У 1943 годзе быў старшынём у Постаўі. З прыходам бальшавікоў быў зьняволены ў Варкуце.

Юльян Саковіч, сын багатага земляроба. Перад Другой Вайной быў вучнем Беларускай Гімназіі ў Вільні, апасьля сябрам Беларускага Студэнцкага Саюзу, «левізаваў», як і шмат іншых. З прыходам бальшавікоў быў арыштаваны й мучаны ў засьценках НКВД. Паход Немцаў на ўсход вызваліў яго з зьняволеньня й ён стаўся актыўным змагаром за вызваленьне свайго народу. У першыя гады быў камэндантам беларускае паліцыі ў Менску. У 1943 годзе, разам з Мараковым, застрэлены польскім падпольлем у Шчучыне, хутка пасьля ягонага прыезду ў гэтае, апанаванае польскай дывэрсійнай акцыяй, места Лідчыны.

Юры Сабалеўскі, былы беларускі пасол у польскі сойм. У часе вайны вельмі актыўны, наведваў Вільню й віленскі Нацыянальны Камітэт, цікавіўся беларускімі нацыянальнымі справамі. Пасьля др. Войтэнкі быў бурмістрам Баранавіч, а ў 1944 годзе кіраўніком Самапомачы й намесьнікам прэзыдэнта Беларускае Цэнтральнае Рады. Гэта быў прынцыповы чалавек у справах ня столькі нацыянальных, колькі маральных, што ня менш цэннае ў нацыянальнай працы. Ён бічаваў і дробныя водхіны ад маралі, часам папурытанску.

Аляксандар Русак, з Баранавіцкай акругі. Перад вайной быў вучнем Віленскай Беларускай Гімназіі, пасьля скончыў Сярэднюю Гандлёвую Школу ў Варшаве, працаваў у Пазнані. У часе вайны адгукнуўся на нацыянальныя патрэбы беларускага народу. Працаваў у 1941 годзе ў Беларускім Камітэце ў Горадні, пасьля-ж у СД у Баранавічах. Дзе толькі было магчыма, бараніў беларускія нацыянальныя інтарэсы, не зважаючы на ўсе небясьпекі. У канцы 1943 году быў бурмістрам Баранавіч аж да нахлыну бальшавікоў. Адначасна быў дырэктарам Сярэдняй Гандлёвай Школы ў Баранавічах, што выпусьціла дзясяткі гадунцоў.

Др. мэдыцыны Станіслаў Грынкевіч, лекар псыхіятра, пісьменьнік і грамадзкі дзеяч, старшыня Беларускага Народнага Аб'яднаньня, аўтар розных публікацыяў і кніжак, быў у 1941 годзе арыштаваны бальшавікамі, але ўцёк з транспарту. Праціўнік якога-колечы супрацоўніцтва зь Немцамі, вёў перамовы з Палякамі й нагаварываў мяне паехаць у Лёндан да ўраду Мікалайчыка. Зь беларускімі дзеячамі ў Наваградку вёў гутаркі ў справе арганізацыі беларускае нацыянальнае партызанкі супроць і Немцаў, і бальшавікоў. Др. Грынкевіч ня прыняў ад Астроўскага становішча раднага ў Беларускай Цэнтральнай Радзе. Арыштаваны ў 1945 годзе бальшавікамі й знішчаны.

КАНТАКТЫ ЗЬ НЕМЦАМІ

Каб праводзіць беларускую дзейнасьць у Вільні, апанаванай Жамойцамі, трэба было мець добрыя кантакты зь кіруючымі нямецкімі прадстаўнікамі на «Бэцырк Літаўэн», пайменна з СД і Гэбітскамісарыятам.

Спачатку мы мелі сувязь з др. Шольцам, заступнікам кіраўніка СД у Вільні. Гаварыў ён добра парасейску й любіў, выпіўшы, пяяць расейскія рамансы. Час-ад-часу мы ладзілі адумысныя банкеты, на якія ахвотна прыходзілі СД-оўцы. Пры гэткіх нагодах мы прадстаўлялі нашыя справы ды шмат чаго даведваліся аб курсе нямецкае палітыкі.

Памятаю, было гэта ў студзені 1942 году. Памяшканьне др. Грабінскага напоўнілася беларускімі дзеячамі, сярод якіх былі два каталіцкія сьвятары й дзьве дамы. Хоць і вайна, на стале стаялі кан'які, добрыя віны, гарэлка, рыбы, вяндліны, каўбасы. На вызначаны час зьявіліся й два высокія начальнікі СД — кіраўнік і ягоны намесьнік, др. Шольц — паны жыцьця й сьмерці ў жамойцкай акрузе.