Віленскі Камітэт раіўся цяпер таксама ад тых, што шукалі ратунку, хацелі вызваліць сваякоў з ваеннапалонных лягераў сьмерці. У іх ад голаду й пошасьці масава гінулі тыя нешчасьліўцы, што не хацелі бараніць крывавага Сталіна й ягонай няволі, ды кінуўшы зброю паддаліся ў палон, спадзяючыся лепшай будучыні. Заміж яе гіронія лёсу адкрыла ім вароты гітлероўскай сьмерці. Мы давалі ад імя Камітэту выяўленым у лягерах Беларусам пасьведчаньні з просьбай звальненьня, ручаліся за іх ляяльнасьць. І шмат было звольненых ды ўратаваных ад загубы.
Некаторыя прыходзілі ў Камітэт проста з палону, вынішчаныя дазваньня, бязь верхняй вопраткі, абутку. Трэба было арганізаваць ім вопратку, харчы, транспарт. Ды ці была магчымасьць выратаваць усіх палонных Беларусаў ад сьмерці? Ведама, не. У брацкіх магілах Віленшчыны, дзе толькі былі лягяры палонных, ляжыць 40–60 тысячаў савецкіх жаўнераў, а між імі шмат Беларусаў. У Беразьвечы палонныя тры разы ўцякалі цераз калючыя драты й кулямётныя заставы. Іх секлі кулямётным шквалам, лавілі сабакамі. Шмат аднак уцякло ў лясы, дзе стварылі першыя партызанскія аддзелы.
Найбольш аднак палонных загінула ад голаду й тыфу. Немцы зусім сьвядома марылі палонных голадам, каб міліённыя масы загубіць ды гэтак працерабіць сабе ўсходнюю прастору, «лебэнсраўм», для будучай нямецкай калянізацыі. Др. А. Шчэрба, кіраўнік шпіталя для ваеннапалонных у Новай Балейцы, апавядаў мне, што немагчыма было глядзець, як у шпіталі палонныя мруць з голаду. Ён ня мог ім рабіць ніякай апэрацыі, бо нічога не гаілася.
Усякая дапамога палонным харчамі была забароненая. Калі на Вялікдзень 1942 году сьвятар у Глыбокім сабраў сьвяточныя падаркі ежай для палонных мясцовага лягеру, нямецкая адміністрацыя лягеру не дазволіла перадаць іх палонным. У гэтай справе мы пісалі шмат мэмарыялаў акупацыйным уладам у Рыгу, Вільню, Бэрлін, але ад іх ніколі ня было ніякай палёгкі для няшчасных палонных. Толькі ў канцы 1942 году Немцы дазволілі Беларусам падбіраць сваіх суродзічаў у лягерох палонных на службу ў прапагандзе, транспарце, паліцыі, адміністрацыі, у ваенных адзінках.
ШУКАЕМ «ЛІТОЎЦАЎ»
У палавіне чэрвеня 1942 году я атрымаў у Беларускім Камітэце ліст з канцылярыі «Остаянд» ў Рызе, у якім пісалася, што нямецкія ўлады хочуць на месцы, у Вільні й яе ваколіцах, пазнаёміцца з жыхарствам. Колькі дзён пасьля пад Камітэт пад'ехала нямецкае аўта з прадстаўнікамі «Остаянду». Гэта былі — Немец з Рыгі фон Баўмгартэль у асысьце заступніка віленскага гэбітскамісара Остэнка. Абодва добра гутарылі парасейску. Прасілі, каб я зь імі паехаў у ваколіцы Вільні, бо яны хочуць пагутарыць зь людзьмі пра іх нацыянальнасьць. Далі мне аўтамат, пасадзілі наперадзе пры шофэры, самі таксама былі ўзброеныя.
Ад'ехаўшы кілямэтраў 12 на ўсход ад Вільні мы пабачылі двух маладых дзяцюкоў, што капалі канаву. Я іх паклікаў, каб падышлі да аўта. Немцы парасейску іх папрасілі, каб на пытаньні адказвалі простымі словамі ды сваёй мовай.
— Як ваша фамілія? — апытваў фон Баўмгартэль.
— Лабачы.
— Якой вы рэлігіі?
— Каталікі.
— Якой вы нацыянальнасьці?
— Тутэйшыя, — кажа адзін.
— Палякі, — папраўляе другі.
— Як вы гаворыце дома?
— Папросту.
— Як вы моліцеся ў касьцёле?
— Папольску.
— Ці вы чулі аб «Літоўцах»?
— Чулі. Да нашага суседа прыехала двух паліцыянтаў.
— А ці каля вас жывуць «Літоўцы»?
— Мы ня чулі.
Немцы ўсе пытаньні й адказы запісвалі ў свае кніжачкі. Яны падзякавалі хлапцом і мы паехалі далей. Фон Баўмгартэль заўважыў:
— Беларусы каталікі апалячаныя.
— А чаму яны сябе не называюць Беларусамі? — спытаўся ў мяне Остэнэк.
Я кажу, бо яны каталікі, а «Беларус» у іх паняцьці значыць тое, што й «рускі» — праваслаўны. Ды й назоў «Беларус» даволі новы, замацаваўся толькі пад расейскім панаваньнем. Калісьці ўсе тут называліся «Літвінамі». Сяньня «Літвой» сталі называць правінцыю, што называлася Жмудзяй, Самагітыяй. Вось чаму яны ня чулі, каб тут недзе жылі гэтыя «Літоўцы».
Неўзабаве мы прыехалі ў Трабы, у палац князя Паўлы Сапегі. Я пасьпеў коратка паінфармаваць Немцаў пра выдатную ролю Сапегаў у Вялікім Княстве Літоўскім, гістарычнай Літве, ды аб іхных вялікіх заслугах у гісторыі беларускае культуры. Стары палац беларускага магната XVI стагодзьдзя апушчаны, але які магутны й прыгожы! Немцы ўважна яго аглядалі ды выказваліся, што гэты гістарычны будынак мае плян заходняэўрапэйскага абароннага замку. Сям-там стаялі яшчэ статуі Сапегаў, віселі цяжка пашкоджаныя абразы.