Выбрать главу

Па кутох будыніны жылі былыя дворныя парабкі, пасаджаныя там «культурнымі» бальшавікамі, якія далей руйнавалі замак. Немцы былі ўражаныя, што гэткі знакаміты гістарычны помнік ператвараецца ў руіну. Дзівіліся, чаму бальшавікі не зрабілі тут хоць спартовага клюбу, музэю, гатэлю.

Жыхары тут былі ўсе Беларусы, што ведалі й польскую мову. Знайшлі мы тут і адну сям'ю «літоўскую», што ў дваццатых гадох пераехала да Трабаў зь нейкай жамойцкай вёскі ў Сьвянцяншчыне.

Далей мы накіраваліся ў Альшаны, гняздо слаўных князёў Альшанскіх, каб пагутарыць з найстарэйшым і важным у ваколіцы чалавекам, благачынным айцом Юзьвяком. Вось ужо бачная на горцы сярод дрэваў і мураваная царква. Спыніўшыся пры царкве, мы пабачылі яго, сівога як голуба, у грамадзе жанчынаў і дзяцей. І ён зразумеў, што нейкія госьці прыехалі да яго. Я прадставіў айца Юзьвяка Немцам. Благачынны весела ўсьміхнуўся й падаючы руку фон Баўмгартэлю, сказаў:

— Я беларускі сьвятар праваслаўнага прыходу.

— А як доўга вы тут служыце? — спытаўся Немец.

— Роўна сорак гадоў! — адказаў благачынны.

— А колькі вам гадоў ад нараджэньня, калі можна ведаць?

— Восемдзесят тры, — і дадаў: — Я скончыў свае царкоўныя абавязкі й прашу дастойных гасьцей да мяне ў хату.

Мы ўвайшлі ў хату благачыннага. Быў гэта ўтрыманы ў добрым парадку тыповы беларускі дом. Нутро хаты ўпрыгожвалі старыя іконы ды музэйныя царкоўныя рэчы. Фон Баўмгартэль, агледзіўшы ўсё, закурыў ды расказаў аб мэце свайго прыезду да Альшанаў. Ёй спытаўся ў благачыннага:

— Ці ёсьць дзе тут у вас «Літоўцы»?

— Ведаеце, — адказаў благачынны, — я жыву тут сорак гадоў, мой прыход налічвае 15 000 душ, але я нідзе тут «Літоўцаў» ня бачыў. Толькі 35 км ад нас на захад, у Дзявенішках, апавядаюць людзі, што там між нашымі людзьмі жывуць і «Літоўцы».

Немцы перакінуліся міжсобку зрокам.

— А якой нацыянальнасьці тутэйшае жыхарства? — спытаўся Остэнэк.

— Ды тут усюды густой масай жывуць Беларусы, — адказаў благачынны. — Праўда, па дварох ёсьць крыху апалячаных шляхціцаў, што лічаць сябе «Палякамі». Былі тут польскія асаднікі, удзельнікі польскага змаганьня з бальшавізмам у 20-м годзе, але іх вывезьлі бальшавікі. Маем нат тут вёску мазуроў!

— Што вы кажаце? Мазуроў? — дапытваў фон Баўмгартэль.

— Але, сама запраўдных. Калісьці, яшчэ за вялікага князя Ягайлы, калі ён жаніўся з Альшанскае князёўнай Сонькай, з сватамі ад Ягайлы, што быў і польскім каралём, прыбыў сюды аддзел мазуроў, як ахова. Мазуры тады былі ў саюзе з нашай дзяржавай. Ім так тут спадабалася, што яны й аселі на землях князёў Альшанскіх. Яны ўсе каталікі, прозьвішчы іхныя гучаць інакш чымся нашыя, ды нават іхны выгляд розьніцца ад навакольных тутэйшых жыхароў.

Благачынны глянуў у вакно й пабачыў якраз аднаго жыхара з мазурскай вёскі, што праходзіў міма. Ён усьцешыўся:

— Людзі добрыя, на нашае шчасьце вунь бачу аднаго мазура, што праходзіць міма.

Мы замітусіліся. Я выйшаў ды паклікаў гэнага чалавека ў хату благачыннага. Называўся ён Рацёнжак і гутарыў ламанай польска-беларускай гаворкай. На запытаньне, якой ён нацыянальнасьці, адказаў, што Паляк. У ягонай вёсцы, казаў ён, жыве блізу 180 чалавек.

Пасьля кароткіх пытаньняў мы падзякавалі гэнаму Мазуру-Паляку за паслугу й ён пайшоў сваёй дарогай. Фон Баўмгартэль вёў далей бяседу з благачынным.

— Ну а што вы скажаце аб ліку тут Расейцаў?

— Расейцаў? — зьдзіўлена адказаў благачынны. — Дык іх у нашай ваколіцы зусім няма. Гісторыя кажа, што яны прыходзілі сюды, каб нішчыць людзей, маёмасьць, нашую культуру. Вось гляньце на руіны гэтага старадаўняга замку, — тут благачынны рукой паказаў на руіны на ўзгорку. — Гэта калісьці была цьвярдыня нашых князёў Альшанскіх. Замак быў на вышыні дасягненьняў архітэктурнага мастацтва Эўропы. Тут Ягайла ўзяў сабе за чацьвертую жонку нашую князёўну Соньку Альшанскую ды толькі ад яе дачакаўся тых нашчадкаў, што праз колькі пакаленьняў былі валадарамі ўсёй сярэдняй Эўропы. Яшчэ ў XVII стагодзьдзі Маскалі, уварваўшыся на гэтыя землі, спалілі ды разбурылі замак, адну з старавечных памятак нашае культуры.

Словы старога, сівога, патрыярхальнага выгляду благачыннага айца Юзьвяка гучэлі як голас з далёкіх мінулых стагодзьдзяў. Немцы былі відавочна пад вялікім уражаньнем таго, што пачулі. Яны вельмі дзякавалі за шчырую бяседу ды хацелі адведаць бурмістра Аьшанаў. Айцец благачынны на ад'езд пачаставаў нас хлебным квасам, які спадабаўся Немцам, — у ім яны адчувалі смак баварскага піва.