Выбрать главу

Было ўжо цёмна, калі мы аглядалі руіны магутнага крэўскага замку. Я, наколькі мог упарадкаваць наляту свае веды пра гэты замак, інфармаваў маіх спадарожнікаў аб гісторыі гэтага замку, адзначыў, што й гэты замак разбурылі Маскалі. Немцы слухалі, аднак сьпяшаліся, мелі свой маршрут — адрас нейкага «талковага» настаўніка, куды й накіравалі аўта.

Настаўнік аказаўся Ўкраінцам, якога Палякі з Галіччыны прыслалі на беларускія землі. Ён добра гутарыў панямецку. Пражыў у Крэве 10 гадоў, тут ажаніўся зь мясцовай Беларускай, меў чацьвёра дзяцей. Наагул рабіў уражаньне інтэлігентнага, начытанага чалавека, што добра знаў мясцовыя нацыянальныя дачыненьні. Гаварыў ён гэтак талкова, што фон Баўмгартэль папрасіў яго накінуць усё на паперу ў выглядзе запісу.

Пакуль мы закусілі й напіліся гарбаты, наш гаспадар-настаўнік напісаў цэлы даклад, зь якога вынікала, што тут этнічнай масай жывуць Беларусы з дамешкай апалячанай шляхты, былі Жыды, але зьліквідаваныя, яшчэ сям-там сустракаюцца Татары, Маскалі-стараверы, Украінцы й «Літоўцы». Немцы, праслухаўшы гэты даклад, з насьмешкай казалі:

— Тут столькі «Літоўцаў», колькі Украінцаў!

Гаспадар не аспрэчваў, таксама сьмяяўся. Нашая місія была скончаная. Цяпер курс на Вільню. Апоўначы мы былі ўжо ў месьце. Немцы мне дзякавалі за супрацоўніцтва й за добры вынік нашай паездкі.

Ды хутка прыйшло й расчараваньне. Не прайшло й двух месяцаў, як нямецкія ўлады Крэва, Ашмяну, Сьвір і Смаргоні далучылі да Камісарыяту Летувы, дазволіўшы там Беларусам толькі на сваё школьніцтва. Паўстае пытаньне — чаму Немцы адступілі ад этнічнага прынцыпу?

Быў гэта час вялізнай нямецкай паразы пад Масквой ды на іншых адрэзках усходняга фронту. Час нарастаньня бальшавіцкай партызаншчыны на тэрыторыі Беларусі. Час фармаваньня польскіх арміяў у Саветах — Андэрса й Касьцюшкі ды патрыятычнага заігрываньня бальшавікоў да ўсіх акупаваных Немцамі народаў.

У гэткіх умовах Немцы, відавочна, не наважыліся адпіхаць ад сябе Летувісаў, якія гэтак да іх лашчыліся, каб утрымаць свае бальшавіцкія тэрытарыяльныя здабыткі. Беларусаў Немцы на ўсякі выпадак падмацоўвалі ў Беларускай Акрузе школьніцтвам ды некаторымі іншымі канцэсіямі, чаго не далі Жамойці ды іншым акупаваным краінам.

РЭЛІГІЙНАЕ ЖЫЦЬЦЁ

Хутка пасьля акупацыі бальшавікамі Вільні прыбыў сюды маскоўскі пасланец «япіскап» Сергі, які аўтаматычна ад імя Масквы абняў уладу над усімі праваслаўнымі. І вось гэты Сергі пры першым сваім публічным выступе, уваходзячы ў Сьвятатраецкі Сабор, стукаючы посахам у падлогу, тройчы прамовіў: «Москва ідёт, радуйтесь православные!» Далей ён павёў маскоўска-камуністычную прапаганду, усхваляючы бязбожную бальшавіцкую ўладу. Ніхто, нідзе з праваслаўных не запратэставаў, хоць зналі ўсе, што вось прыйшоў воўк у авечай скуры.

Духоўных усіх веравызнаньняў тады масава арыштоўвалі ды вывазілі ў канцэнтрацыйныя лягеры. З каталікамі было крыху іншае палажэньне як з праваслаўнымі — яны ня мелі ў Маскве сваіх падробленых сьвятароў-герархаў. Дзеля гэтага ў дачыненьні да іх тарпавалася толькі брутальная траўля, арышты ды вывазкі ў канцэнтрацыйныя лягеры.

Польскага архібіскупа Р. Ялбжыкоўскага Жамойцы выселілі да Коўні й у Вільні быў толькі жмудзкі біскуп вікары. Быў ён прыхільным да Беларусаў-каталікоў, дазволіў мець у Вільні сваю парафію пры касьцёле сьвятога Міхала, сьвятыні пабудаванай вялікім канцлерам Львом Сапегам. У касьцёле й па сяньня, у прыгожым маўзалеі, спачывае ягонае цела. Пробашчам парафіі быў кс. Адам Станкевіч, а вікарым кс. Глякоўскі. Набажэнствы, зь беларускімі сьпевамі й казаньнямі, адбываліся рэгулярна кожную нядзелю й сьвята, як перад гэтым было ў касьцёле сьв. Мікалая.

Прыйшлі ў Вільню Немцы. Беларусы грамадна сабраліся ў сваім касьцёле на набажэнства й спадзяваліся, што іхны пробашч скажа штосьці грымучае на радасны дзень вызваленьня ад бязбожных бальшавікоў. Тымчасам ксёндз Адам прачытаў Сьвятую Эвангэлію й загадаў дзякаваць Богу, што «ваенная бура пранеслася над нашым слаўным местам бязь вялікшых стратаў». Загрымела «Божа, што калісь народы…» і людзі пачалі выходзіць з касьцёлу.

Група моладзі аднак павярнула ў права да маўзалею Льва Сапегі. Колькі хвілінаў стаялі ўсе моўчкі з апушчанымі галовамі. Тады, як-бы на жаданьне ўсіх прысутных, пачуўся ціхі голас-малітва Ў. Казлоўшчыка:

— Магутны правадыр народу нашага! Волат духа й зброі! У рашучую хвіліну пакажы нам правільны шлях да волі й шчасьця нашага народу! Памажы нам адвярнуць двувяковы камень нашай няволі!