— Памажы! — падхапілі прысутныя.
Толькі пасьля вайны я даведаўся, што да нашага набажэнства прыслухоўваліся й камуністыя: іх 6 хавалася зь левага боку на хорах. На чале быў камісар прапаганды Аляксеяў. Іх кс. Станкевіч у імя Хрыста, паражаючы сваё жыцьцё, хаваў і карміў. Ніхто аднак зь іх нідзе не адазваўся — можа іх Сталін выдушыў — калі пазьней, пасьля вайны, а. Станкевіча ворганы НКВД арыштавалі ды замучылі ў канцлягерах.
У гэтым часе, калі праваслаўныя пачалі разважаць пра арганізацыю свае Беларускае Аўтакефальнае Царквы, каталікі імкнуліся адсэпаравайца ад польскага каталіцкага касьцёлу й яго герархіі. Намінальным зьверхнікам каталікоў у Беларусі тады быў біскуп Магілеўскі й Менскі Слоскан, па нацыянальнасьці Латыш, прабываў ён у Дзьвінску. Нацысты забаранілі яму праводзіць якую-колечы каталіцкую адміністрацыйную працу ў Беларусі. Не зважаючы на ўсе нашыя захады ў Вільні, Менску ды Бэрліне, нямецкія ўлады не зьмянілі свайго загаду.
Тады ініцыятыву перанялі беларускія ксяндзы-патрыёты. Кс. др. філ. Ст. Глякоўскі, узяўшы з сабой на помач толькі-што высьвечаных ксяндзоў Рыбалтоўскага ды Мальца, накіраваўся з нашым пасьведчаньнем да Менску. Пасьля ўпорыстых таргоў зь Немцамі яны адваявалі чырвоны касьцёл, які бальшавікамі быў заменены на тэатр, і яшчэ адзін касьцёл пры галоўнай вуліцы, дзе быў склад. Катэдру не маглі абняць, бо ў ёй вымагаўся аграмадны рамонт. У сталіцы Беларусі пачалася нармальная каталіцкая служба.
З газэтаў ды радыя даведаўся пра гэта ведамы польскі шавініст і заядлы вораг беларускага народу арцыбіскуп Яблжыкоўскі. Ён ня толькі адклікаў зь Менску ксяндзоў Глякоўскага, Рыбалтоўскага й Мальца, але за «непаслухмянасьць» забараніў ім нават прыступаць да аўтара, накіш кажучы «суспэндаваў» іх. Але калі першыя тры беларускія ксяндзы-місіянеры былі ад аўтара адсунутыя, на іх месца ўжо прыбыў кс. В. Гадлеўскі, кс. П. Татарыновіч і жмудзкі ксёндз Ігнатавічус. Яны не падлягалі юрыздыкцыі Ялбжыкоўскага й маглі спакойна працаваць далей.
Паўгоду пазьней Глякоўскі й Малец, будучы ў тэатры, ня ўсталі пры адыграным нямецкага гімну, што паслужыла за довад іх нелаяльнасьці да нямецкае ўлады, ды ня толькі іх, але й іншых каталіцкіх духоўных. Тады былі арыштаваныя ксяндзы Глякоўскі, Малец, Рыбалтоўскі й Татарыновіч. Два першыя былі высланыя ў канцэнтрацыйны лягер Бухэнвальд і там яны загінулі ў фабрыцы амуніцыі ад ангельскіх налётаў.
Ксёндз Гадлеўскі дастаў строгі выгавар ад Немцаў і яму забаранілі казаць казаньні, на якія заўсёды схадзіліся грамады людзей. Застаўся толькі адзін кс. Ігнатавічус, які набажэнства адпраўляў палацінску й чытаў толькі сьв. Эвангэлію пабеларуску, народ-жа ў часе набажэнства сьпяваў беларускія рэлігійныя песьні. Перад заканчэньнем вайны Немцы далі дазвол на пераезд да Менску кс. В. Шутовічу, які на сваім становішчы сьвятара для Беларусаў-каталікоў сустрэў у Менску й бальшавікоў. Яны ў хуткім часе яго арыштавалі, мучылі, саслалі на 10 гадоў катаргі. Выпушчаны пасьля прабываў у Вільні, памёр у Барысаве.
Праваслаўныя Беларусы пры нямецкай акупацыі пачалі працу над аднаўленьнем Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы. Душою гэтых пачынаньняў быў сьвятар Дэрынг, пратаярэй Юзьвяк, ды шмат іншых. Першы ў часе выконваньня сваіх духоўных абавязкаў наехаў на міну й быў забіты. З часам, на вымаганьне народу, да працы над аднаўленьнем аўтакефаліі далучыліся й япіскапы Філафей ды Апанас, ды й галава Праваслаўнае Царквы ў Беларусі, архіяпіскап Панцялеймон, хоць гэты апошні асабліва неахвотна адлучаўся ад Масквы.
Толькі ў 1942 годзе нямецкія ўлады далі дазвол на шырэйшую арганізаваную працу над наладжваньнем праваслаўнага жыцьця ў Беларусі. Скліканы ў Менску Сабор Беларускае Праваслаўнае Царквы ў складзе герархіі, духавенства й прадстаўнікоў вернікаў адбываўся ў днях 30 жніўня — 2 верасьня 1942 году. Пастановаю Сабору была апавешчаная аўтакефалія Беларускае Праваслаўнае Царквы.
З рук нямецкіх наезьнікаў, праўдападобна за намовай маскоўскіх агентаў, у Альбэртыне на Палесьсі ў 1942 годзе загінуў экзарх Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі а. Антон Неманцэвіч.
МУЧАНІЦКАЯ СЬМЕРЦЬ З НАРОДАМ
Сярод беларускіх каталіцкіх сьвятароў ахвярнай для народу працай ды пакутніцкай сьмерцю на сваёй духоўнай постані выдзяляюцца постаці двух ксяндзоў-марыянаў — Юрага Кашыры й Антона Ляшчэвіча. Іхнюю трагічную сьмерць разам з сваім народам, у Росіцы Віцебскай акругі, апісала адна зь сёстраў-законьніцаў, што да апошніх гадзінаў іх жыцьця зь імі прабывала. Даю тут, у скароце, перадрук гэтага вопісу, поўны тэкст якога надрукаваны ў часопісе «Божым Шляхам», Лёндан, № 5, 1971 году: