«У часе Другое Сусьветнае вайны, калі Немцы занялі падсавецкія тэрыторыі, туды прыйшлі працаваць айцы Марыяне з Друі, зь якіх да канца засталіся ў Росіцы а. Антон Ляшчэвіч і а. Юры Кашыра, у Замошы-ж нейкі час быў а. Ул. Лашэўскі. Яны абслугоўвалі й суседнія на савецкай тэрыторыі парахвіі, як Дрыса, Асьвея, Бігосава.
У Росіцы знайшлі вялікі касьцёл не разбураны, але ня дзейны ўжо ад колькіх гадоў дзеля выдаленьня адтуль ксяндза. Працы было вельмі шмат і народ надта рупліва гарнуўся да рэлігіі… Сама Росіца — мястэчка ў пару тысячаў людзей — было тады населенае старымі, дзецьмі й падрастаючай моладзьдзю. Усіх мужчынаў у сіле веку пазабіралі партызаны.
…Праца ішла так каля паўтара году, больш-менш у гадох 1941–1943. Пад канец усё часьцей турбавалі ды ў працы перашкаджалі ваенныя падзеі, набегі партызанаў, а ў выніку й нямецкія допыты, робленыя з пагрозамі расстрэлу. Шмат разоў плябанія й нашае памяшканьне былі сьведкамі страшных сцэнаў падчас наскокаў Немцаў або партызанаў.
…Напачатку 1943 году над нашай працай зацяжыла вялікая небясьпека, калі дзеля штораз часьцейшых партызанскіх нападаў на вёскі, пасёлкі й на нямецкія пасты, Немцы пастанавілі вынішчыць усіх людзей ды іхныя сялібы на даволі доўгім і шырокім поясе гэтае тэрыторыі. Пачалі ўсё часьцей надыходзіць весткі пра вынішчэньне вакольных вёсак зь людзьмі.
У месяцы лютым гэтага году… а. А. Ляшчэвіч вярнуўся з Дрысы, дзе адпраўляў набажэнства і там даведаўся ад жандармэрыі, што Росіца таксама будзе зьнішчаная й што жандармэрыя радзіла ксяндзам стуль як найхутчэй выехаць. Пасьля павароту айцец быў вельмі сумны. Айцец Юры Кашыра паехаў да Бігосава, дзе стаяла нямецкая каманда: там атрымаў пацьверджаньне першае весткі й прапанову, каб ксяндзы пакінулі гэтыя месцы. Абодва яны радзіліся, што рабіць, гаварылі: “Як мы можам пакінуць людзей у такую хвіліну? Дзе авечкі, там павінны быць і пастыры”. І яны пастанавілі заставацца пры людзях да канца…
У аўторак таго тыдня ў поўдзень прыехала да Росіцы шмат Немцаў. У плябанію зьявіліся два ваенныя, адзін Латыш, перакладчык, і ў чорнай ваеннай форме Немец, падобна кіраўнік экзэкуцыі. Праверылі ці няма партызанаў. Айцец А. Ляшчэвіч гаварыў зь імі й заступаўся за сёстраў. Пасьля зараз пачалі зганяць людзей да касьцёлу. Мы таксама, разам з ксяндзом, пайшлі туды, а плябанію заняла каманда.
У касьцёле сьпісвалі людзей. Быў напоўнены людзьмі цэлы касьцёл. Некаторыя прадчувалі блізкую сьмерць і рыхтаваліся да яе, іншыя не ўсьведамлялі сабе рэчаіснасьці. Пазьней сёстрам загадалі пайсьці ў плябанію. Ксяндзом дазволена было заставацца ў касьцёле й у плябаніі.
Раз за разам да нас упадаў а. Юры, апавядаючы, што дзеіцца ў касьцёле, і, вядома, пацяшаючы нас. Айцец Ляшчэвіч, каб адвярнуць нашую ўвагу ад няпэўнае прышласьці, разьвесяляў нас і плянаваў нам заняткі, каб мы ня мелі часу на сумаваньне. Зразумела, што гэтае ночы ніхто ня спаў.
У сераду раніцай ізноў у мястэчку зрабіўся рух. Пасьцягвалі шмат фурманак на касьцельны пляц і ад раніцы пачалі людзей групамі вывозіць з касьцёла на пакараньне сьмерцю. Здатных да працы аддзялялі, але такіх ня было шмат. Зьнішчалі людзей на месцы ў Росіцы, зганялі ў дамы, расстрэльвалі й падпальвалі бэнзынай разам з домам. З плябаніі было чуваць блізу што паўгадзіны страляніну з таго часу, калі бралі групу з касьцёла, выбухі, а пасьля ў гэным месцы зьяўляўся пажар дому.
Айцец Юры нас далей наведвае, перарываючы працу ў касьцёле, каб нас пацяшаць, і казаў, што ўжо тую й іншую групу вывезьлі, каб спаліць. Нам Немцы загадалі варыць абед для афіцэраў. Прыйшоў, бо здаецца яго выклікалі, а. Ляшчэвіч, і падчас абеду ён ім служыў. Пасьля абеду сказалі яму запрэгчы каня й паехаць зь імі, паказаць нейкі дом, каб яго захаваць ад пажару. Айцец прачуваў, што будзе, вельмі баяўся за нас і ўсьцяж прасіў камэнданта, каб пакінуў нас пры жыцьці.
Касьцельны хлапец запрог каня й айцец зь ім паехаў. Там перад домам было шмат людзей і айцец там застаўся, а хлапец прыехаў. Зараз па ягоным павароце была страляніна і ў гэным месцы быў падпалены дом. Мы былі цалком пэўныя тады, што там памірае таксама наш айцец. У вялікім смутку мы маліліся за яго й за іншых, што там паміралі. Было гэта ўжо па паўдні.
Айцец Юры далей працаваў у касьцёле, чакаючы на сваю сьмерць. Вечарам яго адтуль звольнілі й замкнулі ў склепе пад плябаніяй. Тры гадзіны яго там мучылі, дамагаліся прызнаньняў. Вярнуўся стуль страшэнна зьменены, сіні, замучаны й перакананы ў хуткай сьмерці. Рана прынёс нам у кішэні Найсьвяцейшы Сакрамант. Была гэта нашая ўжо апошняя Сьвятая Камунія ў Росіцы, прынятая ў клябаніі з рук дарагога Айца…