Выбрать главу

Назаўтра, як і дня папярэдняга, ад раніцы ў Росіцы было так страшна, як пры канцы сьвету. Мястэчка гарэла, страляніна, лямант, роспач людзей, якіх выцягвалі на забіцьцё. Каля 10-й… загадалі а. Юру штосьці ўзяць на дарогу, было пэўна, што толькі дзеля вока, ды ехаць разам з фурманкамі. Прыйшоў айцец на плябанію даць нам яшчэ абсалюцыю, штосьці забраў з сабой і нам дазволілі адвесьці яго да фурманак на касьцельны пляц. Ніхто з афіцэраў айцом ужо не займаўся, ён застаўся зь людзьмі, чакаючы на загад. Разглядаўся яшчэ, ці ня знойдзе каго знаёмага, а нас прасіў, каб мы паведамілі іншых айцоў аб яго сьмерці.

Пасьля пачалі ладаваць людзей на фурманкі. Дзеці, не разумеючы справы, сварыліся за месцы, айцец іх супакойваў. І цэлы канвой, пад эскортай жаўнераў, вырушыў. Мы засталіся адны ў вялікім смутку. Латышу мы сказалі, што хочам ісьці да касьцёла й разам зь людзьмі памерці, калі ўжо няма ксяндзоў. Ён сказаў гаварыць аб гэтым афіцэру ў плябаніі. Калі мы, парадзіўшыся з сабой, гэта зрабілі, яны пастанавілі адвезьці нас да Друі. І гэтак зрабілі.

Адзін жаўнер, які ехаў разам са мной, быў сьведкам, як расстралялі айца Юрага. Ён акуратна яго апісаў, усё згаджалася — ягоны выгляд і рост, адзежа, гранатавы плашч і г. д. Расказваў, што спачатку ніхто не хацеў ісьці ў хату, але калі айцец першы ўвайшоў, за ім пайшлі людзі, і іх пасьля забілі й спалілі…

Я, а таксама іншыя сёстры, якія там працавалі, перакананыя, што айцы прынялі пакутніцкую сьмерць толькі дзеля вернасьці сьвятарскаму абавязку. Мелі-ж яны магчымасьць пакінуць Росіцу, націскалі іх да гэтага Немцы, калі асьцерагалі перад знішчэньнем мястэчка. Яны самі пастанавілі застацца зь людзьмі й за гэта забілі іх Немцы, каб ня было сведкаў іхных забойстваў.

Таму, што находы партызанаў былі справай часта агульна ведамай, дык ніхто з гэтым не хаваўся. Не таіліся з гэтым таксама й айцы. Хто-б гэтаму пярэчыў, што добра было ведама Немцам, таму пагражала сьмерць. У адной сям'і хтосьці спужаўся й запярэчыў, што былі партызаны. Уся сям'я была расстраляная, толькі двое дзяцей пасьпелі ўлезьці пад ложка й ацалелі.

Да падобнага трагічнага выніку ледзь не дайшло й у нас. Наваліліся раз Немцы на нашу плябанію й на нашае памяшканьне з крыкам, ці былі тут партызаны. Адна сястра спужалася й запярэчыла. Тады зараз накіравалі на яе вінтоўкі, каб расстраляць. Яна-ж хапіла крыжык, каб ім засланіцца, але ўбег а. Ляшчэвіч, тлумачачы, што сястра спужалася. Немцы ўсё-ж былі перакананыя, што айцы ня маюць нічога супольнага ані з аднымі, ані з другімі, а толькі пільнуюць сваёй працы…

Вышэй напісанае сьведчанне прачытала, прызнаю за сваё й згоднае з праўдай, і як такое пацьвярджаю сваім подпісам ды гатова для сьцьверджаньня прысягнуць.

Дня 8.12.1964 г.

Сястра Яніна Т.»

ТОЕ-Ж У АШМЯНЕ, ШТО І Ў ВІЛЬНІ

На Каляды 1941 году Ю. Мурашка запрасіў мяне ў госьці да Ашмяны, дзе ён быў бурмістрам. Было ўжо на змроку, калі спэкулянцкі грузавік, перапоўнены людзьмі й таварам, пакідаў Вільню ў кірунку на Ашмяну.

Цэлы дзень стаяла адліга, а пад вечар, калі нам трэба было ехаць, пачаў падаць дождж, які на зямлі тварыў галалёдзе. Дарога зрабілася коўзкай, аўты шугалі, як санкі. Мы мінулі колькі нямецкіх аўтаў, што былі выбітыя з строю. Нам здавалася, што мы хваты, што мінём катастрофу. Аж тут вось падарак! Наш грузавік закоўзаўся, як на лыжах, набіраючы бескантрольнага разгону. І мы, пасьля магутнага ўдару ў тэлеграфны стоўп, апынуліся ў канаве. Усе пасажыры паляцелі кульком долаў. Я скорчыўся, нацягнуў каптур буркі на галаву і гэта, мабыць, уратавала мяне ад пакалечаньняў.

Людзі, што як снапы ляжалі на лавах у канаве, хутка аднак жа пачалі варушыцца, уставаць. Толькі тры ня краталіся. Я, як лекар, кінуўся да іх, спраўдзіў пульс — аказаўся дзейны. Два зь іх хутка ачухаліся. Толькі адну дзяўчыну забралі ў непрытомным стане ў шпіталь. Машына таксама ачуняла. Праз паўтары гадзіны мы зноў ехалі ў кірунку на Ашмяну.

У Мурашкаў быў добры бадзёры настрой. Сустрэлі яны мяне вельмі міла. Мурашка, як мясцовы бурмістр, расказваў, як ён апанаваў змрочную сытуацыю заігрываючы зь Немцамі пры дапамозе падарункаў. Назаўтра я пабачыў на ягоным панадворку гусей з цэтлікамі на шыях.

— Чаму ў вас гусі ходзяць з цыдулкамі? — спытаўся.

— Гэта ў нас кожная гусь прызначаная адпаведнаму Немцу. А каб ня было памылкі, мы кожную гусь абазначаем па назначэньню.

За колькі гадзінаў людзі бурмістра паразносілі гусей Немцам на калядныя сьвяты. Вечарам Немцы заходзілі да бурмістра, каб падзякаваць за шчодры падарак ды каб выпіць чарку гарэлкі. Я зразумеў, што ў паўсталай сытуацыі нават і сама прымітыўныя спосабы могуць мець неблагі вынік.