— Ніколі Палякі пры сваёй дзяржаве тут не адзначалі гэтак урачыста ды з такой любоўю найбольшае польскае сьвята — 3-га Мая.
Трэба ўспомніць галоўныя дзялянкі беларускага нацыянальнага жыцьця ў Баранавічах, якія ў ваенным часе зацьвілі як рожы. Школа беларускага нацыянальнага ткацтва, пад кіраўніцтвам таленавітай тканкі з Клецка. Узорыстымі беларускімі дыванамі з нацыянальнымі гэрбамі, партрэтамі герояў, краявідамі, і г. д. упрыгожаны быў аграмадны габінэт бурмістра Баранавічаў Ю. Сабалеўскага. Яны ішлі на выстаўкі беларускага мастацтва, былі падаркамі ад беларускага грамадзтва высокім прадстаўнікам нямецкае ўлады.
Сярэдняя Мэдычная Школа, з аддзеламі мэдсясьцёр, акушэрак, фэльчароў, аптэкараў і вэтэрынарных памочнікаў, налічвала 360 студэнтаў з 33 выкладчыкамі. Сярэдняя Гандлёвая Школа — 120 студэнтаў і 15 выкладчыкаў. Сярэдняя Мастацкая Школа — 30 студэнтаў. Сярэдняя Музычная Школа пад кіраўніцтвам кампазытара Спаскага. Сярэдняя Тэхнічная Школа — 150 студэнтаў і каля 20 настаўнікаў. Настаўніцкія курсы — 100 студэнтаў. Матуральныя курсы — больш 60 студэнтаў. Вельмі дзейны быў Беларускі Народны Дом Культуры пад кіраўніцтвам Шыдлоўскага, дзе быў добры хор, танцавальны ансамбль, тэатральная група, струнны аркестр. Выдатна рэпрэзэнтаваўся Саюз Беларускае Моладзі (СБМ), і Юнакоў, і Юначак.
Усё гэта кідалася Немцам у вочы, асабліва нашая моладзь, якую праз школы мы ахоўвалі ад вывазу ў Нямеччыну на працу, на чым ізноў-жа так залежыла нямецкаму Арбайтсамту — агенцыі для вярбоўкі людзей на працу ў Нямеччыну.
Бывала гэтак, што Немцы, налавіўшы беларускай моладзі ў акрузе, звозілі яе ў баранавіцкі табар, каб тут ладаваць у цягнікі на вываз, а наглыя прадстаўнікі, што працавалі ў СД, пераканаўшы палітычна-адміністрацыйны аддзел гэтай установы, што сярод звезеных юнакоў у вывозны табар ёсьць шмат кандыдатаў на ўмацаваньне нашых збройных сілаў, на службу ў адміністрацыі, эканоміцы, на ўмацаваньне нутраной бясьпекі, маладых людзей сотнямі забіралі з табару. Арбайтсамт скрыгатаў зубамі, бо ён ніколі ня мог выканаць наложанага кантынгенту, ды пісаў скаргі сваім вышэйшым уладам, што ў Баранавіцкай Акрузе Беларусы маюць шмат сярэдніх школаў, у якіх ёсьць замаскаваны супраціў, каб падарваць нямецкую акцыю ў вярбоўцы працоўнай сілы.
І вось 12 верасьня 1943 году гэбітскамісар Баранавіцкай акругі Вэрнэр паклікаў да сябе бурмістра Ю. Сабалеўскага й школьнага інспэктара Міхалоўскага, прачытаў ім тайны загад ад вышэйшых уладаў, што ўсе сярэднія школы ў Баранавічах і акрузе існаваць далей ня могуць, бо Немцы моцна зацікаўленыя ў працоўнай сіле, і што 14 верасьня ўся моладзь названых школаў будзе ў прымусовым парадку ўзятая ў транспарт й вывезеная ў Нямеччыну, дзе яна магчыма будзе школеная ў нямецкіх хвабрыках і ўстановах. Камісар загадаў дапамагаць гэтай акцыі, ды не казаць нічога нікому, каб акцыі не пашкодзіць, інакш яны будуць асабіста зьвінавачаныя ў сабатажы.
У вызначаны дзень нямецкая паліцыя акружыла найбольшыя лікам вучняў сярэднія школы ў Баранавічах — Мэдычную, Гандлёвую й Тэхнічна-Адміністрацыйную. Ды нямецкая акцыя поўнасьцю правалілася. Бальшыня вучняў здолела разьбегчыся ў часе хапанні. За дрот пры чыгуначнай станцыі было загнана толькі каля 100 студэнтаў. Пад канец дня й гэтыя паўцякалі праз драты, а ўва ўсёй Заходняй Беларусі паўстала паніка, ды школьная моладзь разьбягалася. Адначасова Беларусамі была ўзьнятая ў Баранавічах, Менску ды іншых акругах акцыя энэргічнага пратэсту супроць разгону беларускіх школаў.
Немцы арыштавалі тады а. Льва Гарошку, дырэктара Баранавіцкай Мэдычнай Школы, які востра пратэставаў супроць хапанкі ў часе самое акцыі, гразілі арыштам і іншым. Але салідарны супраціў змусіў Немцаў адступіць. Беларусы абасноўвалі свае пратэсты палітычнай бязграматнасьцю акцыі, роўнай правакацыі, якая заганяе беларускае жыхарства ў рады бальшавіцкай партызаншчыны, падрывае ўвесь давер народу да тае нямецкае адміністрацыі, якая так гвалтоўна разбурае беларускае школьніцтва.
У выніку Немцы ня толькі звольнілі а. Л. Гарошку, але колькі разоў публікавалі заклікальныя адозвы ад імя нямецкіх акупацыйных уладаў, каб моладзь вярнулася ў свае школы да нармальнай працы, даючы адначасна гарантыі, што больш падобных хапанак ня будзе. І запраўцы, пасьля аднаўленьня працы ў школах Немцы аж да свайго адыходу летам 1944 году больш школаў не чапалі.
Затое Немцы цяпер больш насцяражыліся да беларускага вызвольнага руху ды пры дапамозе сваіх агентаў, выхаваных Акінчыцам з савецкіх ваеннапалонных, вынюхвалі найменшыя праявы супраціву. Яны падазравалі, што Беларусы-каталікі маюць кантакты з польскім падпольлем ды англа-амэрыканскай выведкай. Не малую траўлю ў гэтым кірунку праводзілі й некаторыя праваслаўныя дзеячы з Касякамі на чале, што абівалі парогі нямецкага СД, Абвару й Камісарыятаў з фабрыкаванымі даносамі на паасобных Беларусаў-каталікоў, у першую чаргу на кс. В. Гадлеўскага, Галоўнага Школьнага Інспэктара, на праф. В. Іваноўскага, бурмістра Менску, на У. Казлоўшчыка, рэдактара «Беларускай газэты», на беларускае вунійнае духавенства з экзархам а. А. Неманцэвічам на чале й нашмат іншых.