Ахвярамі як нямецкага падазрэньня ў існаваньні сярод Беларусаў падпольнае праангла-амэрыканскае кансьпірацыі, так і траўлі некаторых засьлепленых праваслаўных, пры пабочным супрацоўніцтве агентаў з групы Акінчыца, і палі каталіцкія сьвятары Неманцэвіч, Галкоўскі, Малец, Рыбалтоўскі, Галееўскі, ня лічачы тых сьвятароў беларускага паходжаньня, якіх Немцы расстралялі ў часе масавых арыштаў каталіцкага духавенства ў Заходняй Беларусі ў 1942 годзе.
Загінула й шмат сьвецкіх Беларусаў-каталікоў з тых самых рук у часе «прачышчэньня» ад уяўных «ворагаў» нямецкага панаваньня ў Беларусі, бо Немцы ўжо ў пачатку 1942 году пры дапамозе сваіх прыслужнікаў складалі па местах, мястэчках і вёсках сьпісы гэтак званых «Палякаў» віднейшага стану, якія ў бальшыні былі Беларусамі-каталікамі, што пры польскай акупацыі займалі дробненькія становішчы — солтысаў, войтаў, лясьнікоў, ніжэйшых урадоўцаў, ці былі шляхоцкага паходжаньня.
З выдатнейшых Беларусаў, што пры Немцах актыўна ўлучыліся ў беларускае нацыянальнае будаўніцтва й загінулі, назваць трэба, апрача ўспомненага ўжо П. Родзевіча, У. Казлоўшчыка, рэдактара менскае «Беларускае газэты», якога застрэлілі ў будынку рэдакцыі агенты менскага СД, сымулюючы «партызанаў»; В. Іваноўскага, бурмістра Менску, гэткім самым спосабам застрэлілі на вуліцы места.
Была арганізаваная нямецкая пастка й на іншых пад назовам «Беларускай Незалежніцкай Партыі». Тварылася яна пад «апекай» нямецкага агента ў мундзіры нацыскай партыі Фёдарава, які сымуляваў «фольксдойча», хоць быў жыдоўскага паходжаньня. Ён добра ведаў беларускую мову й на зборках беларускіх энтузіястых нямецкага супраціву выказваўся антынямецка, як «шчыры Беларус». З гэтае арганізаванае правакацыі ніхто не пацярпеў, бо пастка засталася незачыненай, ня было часу. Хістлявае нямецкае палажэньне пасьля Сталінградскае паразы ішло ўжо выразна ў кірунку катастрофы й Немцам ня было магчымасьці канчаць свае пляны.
НАВЕДЗІНЫ МЕНСКУ
Пад канец 1942 году др. Ермачэнка, старшыня Самапомачы, выклікаў мяне да Менску, каб паставіць дырэктарам Сярэдняе Мэдычнае Школы ў Менску ды каб я адначасна выконваў функцыі Галоўнага лекара Беларусі. Ён ветліва спаткаў мяне ў Самапомачы, дзе была ягоная рэзыдэнцыя, і пры чарцы каньяку выясьніў мне прычыну майго выкліку.
Выявілася, што Галоўны лекар др. Крайноў адмаўляецца выконваць далей свае абавязкі. Я разумеў, што палажэньне тут крутое й зараз-жа пайшоў да др. Крайнова, каб высьветліць справу. У шчырай гутарцы Крайноў прызнаўся, што ён ня ў сілах больш працаваць, што ён заўсёды носіць з сабой рэвальвэр для самаабароны, бо баіцца савецкіх агентаў, якія колькі ўжо разоў спрабавалі ўварвацца ў ягонае памяшканьне. Ён казаў пры гэтым:
— Сябра, калі маеш ахвоту, прыяжджай і займай маё месца, я маю па горла грызьні зь Немцамі, страху перад савецкім падпольлем, ды я, прызнацца, не Беларус.
Ён далей выясьніў, што беларускі галоўны лекар у справе аховы здароўя жыхарства ня шмат мае да гутаркі, бо ўсякія распараджэньні выходзяць ад нямецкіх акруговых лекараў, а лекары беларускія маюць іх толькі сьлепа выконваць. У гэткіх умовах я ня мог згадзіцца на падмену др. Крайнова, ня мог прыняць «высокага» становішча ў Менску, тымбольш, што й у Баранавічах беларускіх дзеячоў ня было зашмат.
На разьвітаньне зь Менскам я адведаў кс. В. Гадлеўскага, які меў сваю рэзыдэнцыю Галоўнага Школьнага Інспэктара ў маленькім пакоіку Самапомачы. Быў цёмны вечар, кс. Гадлеўскі чытаў часопіс пры сьвечцы.
— Як маецеся, войча Вінцэнты? — пытаюся, вітаючыся.
— Ну што-ж, даражэнькі, сяджу адсунуты ад усяго, нат электрыкі мне не даюць, адрэзаў Ермачэнка.
— Няўжо на гэта ўсё пайшоў Сівіца?
— Пайшоў, а свае яму дапамаглі.
— Няўжо свае?
— Так, Сам Фішар паказаў мне даносы, пісаныя Ермачэнкам і Касяком, ды й Янка Станкевіч праз сваю заўзятасьць лётаў да Сівіцы й балтаў пра начныя справы непатрэбна.
Я жахнуўся ад гэткіх ведамак, а ксёндз гаварыў далей:
— Так, гэта праўда. Пару дзён таму я меў гутарку зь Немцамі, хіба апошнюю, і сказаў ім адкрыта, што Немцы абяцалі даць Беларусам перад вайной, а што далі ў ходзе вайны? Вы, казаў я, разьвязваючы Самаахову, абяззброілі беларускі народ, мардуючы-ж ваеннапалонных ды палячы вёскі, стварылі партызаншчыну. Мы вас віталі з кветкамі, як вызвольнікаў, а вы як нас патрактавалі? Цяпер я палітычны труп і не магу выступаць больш ад майго й вашага імя да беларускага народу! Яны ўськінулі мне, што мая дзейнасьць ідзе ў разрэз зь нямецкімі інтарэсамі на ўсходзе. Рассталіся мы дужа халодна, цяпер чакаю майго арышту.