Апрача Сабалеўскага было, ведама, і шмат іншых выдатных Беларусаў у Баранавічах. Аб Папуцэвічу, Русаку, ды некаторых іншых я ўжо, хай сабе коратка, але гаварыў. Тут хацелася-б расказаць пра менш знаных, як а. Льва Гарошку, Уладзімера Шыманца, У. Кліма, ды пару іншых.
Леў Гарошка, каталіцкі сьвятар усходняга абраду, адзін з выдатных беларускіх дзеячаў, у часе нямецкага паходу на Усход быў на беларускім Палесьсі, якое, паводле гітлераўскага пляну падзелу ўсходніх прастораў, адміністрацыйна прыразалася да Рэйхскамісарыяту Ўкраіны. Там, у сваёй парафіі, з прыходам Немцаў ён ня толькі дзеіў у кірунку хрысьціянскае рэлігійнае супольнасьці, але й ставіў востра дамаганьне, каб Палесьсе, як беларуская прастора, мела беларускую адміністрацыю й школьніцтва. За гэта а. Л. Гарошка апынуўся пад украінскім і мясцовым праваслаўным абстрэлам, і нямецкі камісар загадаў высяліць яго зь Пінскай акругі без права павароту. Айцец Леў Гарошка тады пераехаў да Баранавіч, тут знайшоў падтрыманьне др. В. Войтэнкі, тагачаснага бурмістра места, ды ўладзіўся ў рэдакцыі «Баранавіцкай газэты».
Быў гэта вялікі патрыёт, у беларускіх справах нязвычайна прынцыповы, стойкі, і стаўся адной з важных апораў беларускае нацыянальнае працы ў Баранавіцкай і Слонімскай акругах. Пасьля арышту экзарха вунійнай Царквы а. Неманцэвіча, ён яе ачольваў.
Уладзімер Шыманец, кіраўнік аднаго з аддзелаў Гарадзкой Управы Баранавіч, шчыры патрыёт, браў дзейны ўдзел у беларусызацыі адміністрацыі Баранавіч і акругі, дэмаскаваў скрытых ворагаў. На эміграцыі, у Даніі, выратаваў сотні Беларусаў ад пагрозы выдачы іх бальшавіком ды вывазу ў СССР. У Францыі, у Парыжы, быў і ёсьць ён адным з правадыроў тамашняй беларускай эміграцыі. Як таленавіты мастак ён быў адзначаны на розных францускіх выставах. Малюе пераважна на беларускія тэмы.
Уладзімер Клім, былы студэнт права Віленскага ўнівэрсытэту, левых поглядаў, аднак патрыёт, дзейны перад вайной. У часе савецкай акупацыі Вільні быў у радох тых Беларусаў, што выкарыстоўвалі новыя абставіны для беларусызацыі места. Там зблізіўся да Клімава, бальшавіцкага камісара Вільні. З прыходам Немцаў улучыўся ў Баранавічах у беларускія актыўныя рады разам з братамі Пяцюкевічамі, ды працаваў на найбольш адказным і небясьпечным адрэзку — у радох беларускай тайнай паліцыі, быў намесьнікам яе начальніка.
У. Клім кіраваўся філязофіяй: Беларусы павінны пераймаць перш за ўсё найбольш ключавыя становішчы, бо інакш нашы ворагі й у зьмененых умовах нас вынішчаць. А заняўшы гэтае становішча, наш абавязак ахоўваць беларускія сілы супроць усякай правакацыі. Чым больш у гэтай міжнароднай бойні мы захаваем сваіх, тым лепшыя шансы здабыць дзяржаўную незалежнасьць.
На гэткіх сваіх пазыцыях У. Клім аднак-жа ня ўтрымаўся. Пасьля нямецкай паразы пад Сталінградам ён пільна слухаў радыя, цікавіўся перш за ўсё савецкімі наступамі ды рухам савецкіх арміяў на захад. Хутка пасьля, у пачатку 1943 году, галоўны партызанскі штаб, што пад кіраўніцтвам Панамарэнкі быў пры галоўнай кватэры Сталіна, стаў скідаць на парашутах камуністычную падпольную тэрытарыяльную арганізацыю для антынямецкай і антыбеларускай дывэрсіі на тылох нямецкага фронту. На Баранавіцкую акругу быў прызначаны ды скінуты з падручнымі былы камісар Вільні Клімаў. Ён хутка сарганізаваў, у самых Баранавічах, бальшавіцкае падпольле, пад назовам «Антыфашысцкі саюз». Да яго бальшавіцкія агенты здолелі загнаць больш сотні Беларусаў.
Штаб Клімава знаходзіўся ў Налібоцкай пушчы, Адтуль ён час-ад-часу наведваў Баранавічы ў будынку школы-сямігодкі, дзе настаўніца гэтай школы, маладая дзяўчына, была лучнікам зь некаторымі беларускімі нацыяналістамі. Хутка Клімаў гэтак навязаў лучнасьць і з У. Клімам, якога ён помніў зь Вільні. У. Клім, узяўшы для бясьпекі свайго сябру, сп. Я. Ж., які таксама быў зь ім у тайнай паліцыі, колькі разоў сустракаўся з камісарам Клімавым.
У гэтым часе беларуская выведка СД паведаміла нямецкія ворганы, што ў Баранавічах разьвіваецца бальшавіцкае падпольле, якое мае сыстэматычныя сходкі з партыйным штабам у лесе. Тады Немцы, разам зь беларускай выведкавай службай, заставілі на акраіне места, куды пранікала бальшавіцкая лучніковая група, пастку. У часе баявой сутычкі колькі чалавек з бальшавіцкага боку было забіта, некаторыя-ж лучылі ў палон. Немцы ад іх даведаліся пра галоўнага арганізатара падпольля ды пра месцы збораў. Былі захопленыя сьпісы сяброў ды іншая літаратура. За адну ноч Немцы арыштавалі каля 150 чалавек, удзельнікаў савецкай правакацыі.