Гэтым здарэньнем нямецкая ўлада была моцна скампраметаваная. Цела забітага забралі цішком, бязь ніякіх гонараў, у Нямеччыну. Ніякіх рэпрэсыяў жыхарства ня было. Людзі адзін аднаму шапталі: «Так яму й трэба. Няхай пілнуе сваёй справы!»
У палове лютага 1943 году, пасьля доўгага роздуму, ды дыскусіяў пра ход ваенных падзеяў, у партызаны пайшла масквічанка др. Гарбулёва, а за ёй яшчэ адна лекарка-рэнтгеналёг.
У далейшым выявілася, што Баранавіцкі шпіталь быў адным з камуністычных асяродкаў. Сталася гэта таму, што ў імя лекарскай салідарнасьці й апалітычнасьці на працу папрымалі, бязь віннай праверкі, шмат Расейцаў. Вось колькі прыкладаў:
Зрусыфікаваны Армянін Ібрагім, хоць меў жонку ў Саветах, закахаўся ў маладую Армянку, што працавала ў нас памочніцай сястры, ды хацеў зь ёй жаніцца. Ён быў нахабным у дачыненьні да сваёй зямлячкі й нагаварываў яе да ўцёкаў у лес. Др. Наумік звольніў няўдачнага аманта з працы, бо той пачаў гразіць дзяўчыне нават нажом.
Пасьля гэтага наш Ібрагім прапаў на два дні. Калі вярнуўся, дык пачаў рупна скупліваць гадзіньнікі, купіў іх зь пяць, а пасьля пачаў таргаваць у Італьянца й браўнінг. Яго ўжо сачылі. Вечарам, калі Ібрагім уцякаў у лес, яго паліцыя нагнала й арыштавала. Ён прызнаўся, што супрацоўнічаў з партызанамі, і яго, беднага, расстралялі.
Калі быў на дзяжурстве у шпіталі, я сьцьвердзіў, што старэйшая акушэрка вечарамі самавольна сходзе з дзяжурства, пакідае хворых без апекі. Аднойчы я зьвярнуў ёй на гэта ўвагу. Яна нейк непрапарцыянальна да выпадку, «страшэнна» абурылася, і наагул уцякла з працы. Справа гэтая разглядалася пазьней у Аддзеле Здароўя, але бурмістр Сабалеўскі знайшоў патрэбным пусьціць гэтую справу ў няпамяць. Так акушэркі Р. і ня прыгналі да працы. Яна спачатку адпачыла сабе добра ў хаце, пасьля-ж пару тыдняў сабрала свае лахі ды паехала ў лес да партызанаў, скуль прысылала мне няпрыстойныя слоўцы, спадару-ж Сабалеўскаму мілыя прывітаньні.
Аднойчы ў красавіку прывозе паліцыя ў шпіталь дужэзнага Расейца, гадоў пад 30, з параненай левай нагой. Пасьля нарадаў, др. Наумік ампутаваў нагу ніжэй калена. Быў гэта савецкі партызан Сьмірноў, які быццам знаходзіўся ў нямецкай выведцы. Вёў ён сябе вельмі акуратна, і калі нага загаілася, ды дастаў пратэзу, дык выказаў ахвоту працаваць у шпіталі прыдзьверным. Ягоную просьбу мы споўнілі.
Гэтым-жа часам мы заўважылі, што на хірургічным аддзеле пачалі гінуць розныя лекі, перш за ўсё марфіна й какаіна. Падазрэньне пала на малодшую сястру, саветку С. Узялі яе на абсэрвацыю, ці яна часам не какаіністка. Раз, калі ішоў я на дзяжурства, заўважыў, як Сьмірноў выносіў у посьцілцы вязку адзежы. Мне здавалася, што ён адсылае бялізну ў пральню. А чаму чорным ходам, гэтым я нейк не зацікавіўся. Пасьля на змроку сястра С. плакала перада мной і расказвала аб сваёй горкай долі. Я даваў ёй парады, падбадзёрваў на духу. У часе нашае гутаркі, яна, папрасіўшы мяне пачакаць, выйшла нібы да хворых.
Вярнуўшыся, ізноў плакала нясунімна, прасіла ў мяне нейкай апекі для маткі й сястры малодшай, ды ў канцы запыталася:
— А што Немцы зрабілі-б з маёй маткай і сястрой, калі-б я была ў партызанах?
Я быў зьдзіўлены гэткім пытаньнем, але адказаў спакойна:
— Немцы не бальшавікі, яны сям'і за зьбеглага не чапаюць. Але скуль у вас гэткае недарэчнае пытаньне: вы былі камсамолкай, працавалі ў акупаванай Немцамі зоне. У выпадку чаго камуністы й так вам не даруюць. Нам усім дарога толькі на захад.
Сястра С. залілася сьлязьмі.
— Ах, як трудна мне! Дайце мне вады!
Я падаў вады. Сястра С. устала, абцерла сьлёзы, і кажа:
— Дасьвіданіе, доктар!.. Я буду на хірургічэскім… — і хутка выйшла.
Я падумаў, што нешчасьлівую дзяўчыну нагаворваюць ісьці ў партызаны. Хутка пачало цямнець. Тры жанчыны, што наведвалі хворых, не маглі знайсьці сваіх хутраў. Прыдзьвернага-ж Сьмірнова ня было й повіду: уцёк, падлюга, зь сястрой С. у партызаны, захапіўшы тры хутры ды скрутак бруднае шпітальнае бялізны. Тады мы толькі зьмяркавалі, хто й чаму выкрадаў нашыя лекі.
У гэты самы вечар другая сястра, родам зь Ленінграду проста мяне спыталася:
— Вы, дорогой доктар, прыслалі меня сюда. Теперь посоветуйте, что делать: наговарывают в партізаны, а ў меня двое маленькіх детей?
Яна засталася ў шпіталі да канца, таксама як і наш канюх Валодзя, які яшчэ ў 1942 годзе ўцёк з партызанаў.